Пад два мільёны долараў — столькі валюты беларусы куплялі ў студзені штодзень

Прычым, гэта — купля валюты на чыстай аснове. Такія лічбы вынікаюць са статыстыкі Нацбанка па стане валютнага рынку ў 2023 годзе, якую прааналізаваў тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Як вынікае з даных Нацбанка, насельніцтва ў студзені засталося чыстым пакупніком валюты. Адзначым, што такое становішча спраў доўжыцца з верасня мінулага года, за гэты час беларусы купілі на $532 млн больш, чым прадалі.

Агульныя ж даныя па студзені такія: у студзені насельніцтва краіны купіла замежнай валюты на $771,8 млн, у той час як прадало на суму $711,4 млн. То-бок чыстая купля склала $60,4 млн.

А гэта азначае, што ў студзені насельніцтва купляла каля $1,9 млн у дзень — на чыстай аснове.

Прычым, у параўнанні з снежнем аб'ёмы куплі і продажу істотна скараціліся — на 23% і 20% адпаведна. У папярэдні месяц чыстая купля складала $109,6 млн.

Наяўную валюту насельніцтва традыцыйна больш здае, чым купляе. У студзені чысты продаж «гатоўкі» склаў $89,2 млн., прычым купля за месяц скарацілася на 29%, а продаж на 19%. З безнаяўнасцю сітуацыя традыцыйна адваротная: за мінулы месяц фізічныя асобы купілі безнаяўнай валюты на $149,6 млн больш, чым прадалі.

А ўвогуле беларускі валютны рынак у першы месяц года быў у вельмі гаротным стане. Яго абарот упаў на 36% да $6,6 млрд., прычым у першы месяц года скараціліся ўсе сегменты: на пазабіржавым рынку зніжэнне склала 37%, на рынку наяўнай валюты 24%, а гандаль на валютнай біржы ўпаў на 42%.

Калі ж глядзець па асобных сегментах, сітуацыя выглядае наступным чынам:

— Юрыдычныя асобы ў пачатку года былі чыстымі пакупнікамі валюты. Купля перавысіла продаж у студзені на $14,4 млн.Большая частка абароту тут мела месца на пазабіржавым рынку — напрыклад, куплялі ў банкаў, а не на біржы.

— Нерэзідэнты (замежныя кампаніі) традыцыйна заставаліся прадаўцамі валюты. Чысты продаж склаў $176,4 млн. Гэта нямала, але значна менш рэкордных значэнняў верасня мінулага года, калі паказчык перавышаў $380 млн.

— У банкаў у студзені купля валюты аказалася менш продажу на $46,2 млн. Аснову абароту склаў пазабіржавы рынак.

— Насельніцтва, як ужо казалася, выступіла пакупніком валюты.