Святлана Ціханоўская: Я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны

Сёння, 6 сакавіка, у Мінскім гарадскім судзе вынеслі завочныя прысуды Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, Вользе Кавальковай, Марыі Мароз, Сяргею Дылеўскаму — ім прызначылі ад 12 да 18 гадоў калоніі. Святлана Ціханоўская звярнулася да суддзяў і параіла ім падумаць пра саміх сябе, бо Лукашэнка не стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе.

cihanoschskaja_1.jpg

У Мінскім гарадскім судзе вынесеныя прысуды ў трэцім судовым працэсе ў парадку спецыяльнай вытворчасці. Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Марыя Мароз, Сяргей Дылеўскі знаходзяцца за мяжой. Усіх грамадскіх актывістаў судзілі па адной крымінальнай справе і паводле 12 крымінальных артыкулаў.

Суддзя Пётр Арлоў прызначыў Святлане Ціханоўскай — 15 гадоў калоніі, Паўлу Латушку — 18 гадоў калоніі, астатнім — па 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Міхаіл Кавалёў.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што лічыць працэдуру завочнай судовай вытворчасці парушэннем базавых правоў і свабодаў чалавека і параіла суддзям не спадзявацца, што беларускі рэжым захоча ім пазней неяк дапамагчы:

— Сёння завочны «суд» вынес мне так званы прысуд у 15 гадоў турмы. Я не думаю пра тое, што яны хацелі сказаць мне сваім «прысудам». З ім ці без яго — я і дэмакратычныя сілы рабілі і працягнем рабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных зняволеных і прывесці нашую краіну да дэмакратычных пераменаў.

Сёння я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны. 5, 16, ці 22 гады… І я не хачу думаць пра рэжымных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў. Тых, хто выконвае гэтыя злачынствы. Няхай яны лепш падумаюць пра сябе самі: бо Лукашэнка не стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе, для якога беларускія юрысты ўжо сабралі дастатковую колькасць сведчанняў. Ён будзе ратаваць толькі сябе і сваё блізкае кола. Дык ці варта падстаўляць саміх сябе дзеля абароны таго, хто і так асуджаны на правал?


Нагадаем, Следчы камітэт 20 кастрычніка 2022 года распачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні ўсіх фігурантаў справы. 30 лістапада справу перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.