Хронікі рэпрэсій за 6 сакавіка

Дайджэст навін пра пераслед беларусаў за палітычную пазіцыю.

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»


Суддзя Мінскага гарадскога суда вынес «завочны прысуд» Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку, Вользе Кавальковай, Марыі Мароз і Сяргею Дылеўскаму. Па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса Ціханоўскай прысудзілі 15 гадоў зняволення, Латушку — 18 гадоў, Кавальковай, Мароз і Дылеўскаму — па 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Усе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой.

Сёння пачаўся разгляд справы былога рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева — яго і яшчэ 17 чалавек судзяць у межах справы аб падпале дома дэпутата Алега Гайдукевіча. У залежнасці ад ролі кожнага, абвінавачанне змяшчае да 14 артыкулаў КК. Пракоп'еву, які знаходзіцца ў «спісе тэрарыстаў» КДБ, па сукупнасці абвінавачанняў можа пагражаць расстрэл.

Стала вядома, каму выдадуць зброю ў «народным апалчэнні». Паводле разлікаў вайскоўцаў, гэта будзе 100-150 тысяч чалавек, якіх правераць на наяўнасць крымінальнай адказнасці і паставяць на ўлік і кантроль.

У Полацку затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага Мікалай Шарах. Паводле слоў відавочцаў, затрыманне праводзілі супрацоўнікі міліцыі ў яго дома ў Полацку ў 15.30.

«Брэсцкую газету» КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем». Рашэнне было прынята 28 лютага, у «спіс экстрэмістаў» выданне ўнеслі 6 сакавіка.

З Кыргызстана экстрадавалі ў Мінск Уладзіміра Кадарыю, які раней звяртаўся да прэзідэнта краіны Садыра Жапарава з просьбай не выдаваць яго Беларусі. Пра гэта расказаў адвакат Кадарыі Афтандзіл Алімжанаў. Паводле слоў Алімжанава, 4 сакавіка Кадарыю вывезлі з бішкекскага СІЗА-1 прадстаўнікі МУС Беларусі.

Выдавецтва «Зміцер Колас» на нявызначаны  тэрмін прыпыніла дзейнасць цераз ўвагу сілавікоў. Ёсць звесткі, што яго заснавальнік Зміцер Колас цяпер знаходзіцца ў КДБ. Паводле даных СМІ, прычынай затрымання магла стаць кніга «Вызваленыя і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў», якая нядаўна была прызнаная «экстрэмісцкай».

Пракуратура патрабуе для Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай па 10 гадоў пазбаўлення волі. Суд над палітзняволенымі пачаўся 6 лютага ў Мінску. Ім інкрымінуюць тры артыкулы КК: «Садзейнічанне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады» «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» і «Узбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці».

У судзе Маладзечанскага раёна асудзілі Дзмітрыя Лазара па арт.391 КК («Абраза суддзі або народнага засядацеля»), арт.369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»). Суддзя Дзяніс Барэйка прызначыў Дзмітрыю два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 100 базавых велічынь (3700 рублёў).

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1456 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1722 чалавекі, з якіх 191 жанчына і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.