У «камісію па вяртанні» паступіла ўсяго 23 заявы, большасць з іх «не адпавядае крытэрам»

У камісію па вяртанні беларусаў, якія з'ехалі, паступіла 23 заявы. Пра гэта паведаміў 6 сакавіка ў эфіры СТБ намеснік генпракурора Аляксей Стук, распавядае «Л*стэрка».

Ілюстрацыя risovach.ru

Ілюстрацыя risovach.ru

Аляксей Стук падкрэсліў, што большасць зваротаў, якія паступілі, «не адпавядае тым крытэрам, што прапісаны ва ўказе». Такім заяўнікам прапануюць паведаміць неабходныя звесткі або пераслаць у камісію дакументы, якія адсутнічаюць.

Прапагандыст Юрый Васкрасенскі, які ўдзельнічаў у праграме і якога ўключылі ў камісію па вяртанні тых, хто з'ехаў, адзначыў, што ніхто «не гоніцца за колькасцю».

— Хай гэта 23 чалавекі або 230 чалавек. Няважна. Важна, што нас потым ніхто не папракне, што такога механізму не было, — сказаў Васкрасенскі.

Ён таксама закрануў пытанне «пакаяння», якое з'яўляецца адной з умоў вяртання на радзіму.

— Мы ж хочам не іх запэўненняў у любові да нейкай партыі ці нейкага палітычнага дзеяча, каб яны прыехалі, сталі на калені, сказалі «Мы любім Азаронка або Мукавозчыка» ці яшчэ нешта, але яны павінны зразумець, што цяпер Беларусь у няпростай сітуацыі: па перыметры ходзяць, клацаюць зубамі нашы партнёры, мы на парозе вайны, пад пагрозай нашы незалежнасць, суверэнітэт. Вядома, нам хацелася б, каб у якасці доказу, што яны патрыёты, яны сказалі, як любяць сваю краіну, — патлумачыў Васкрасенскі.

Намеснік генпракурора ў сваю чаргу распавёў, што пакуль камісія ў поўным складзе не збіралася.

— Пасяджэнні камісіі яшчэ не праводзіліся, таму што яшчэ не напрацаваны матэрыял, неабходны для абмеркавання той ці іншай заявы, звароты ад той ці іншай кандыдатуры, якая яго напісала, — растлумачыў Стук.

Намеснік генпракурора распавёў, што перад пасяджэннем камісіі яе «сакратарыят правядзе вялікую працу»:

— Калі распачата крымінальная справа — значыць [будуць вывучаны] матэрыялы крымінальнай справы. Будуць запытаны ўсе кампетэнтныя органы. Гэты чалавек будзе «прасвечаны» прававым рэнтгенам.

Стук нагадаў, што ў камісію можа звярнуцца любы беларус, які жыве за мяжой і «па нейкіх прычынах лічыць, што яму вяртацца ў краіну небяспечна, але ён хоча гэта зрабіць».

— Камісія абсалютна не адрыне заявы ад грамадзяніна, які знаходзіцца ў краіне. Але камісія створана менавіта для інфармавання і вырашэння пытання аб вяртанні тых, хто за мяжой. Таму адразу магу сказаць: тыя грамадзяне, якія знаходзяцца тут і звернуцца з заявамі, таксама атрымаюць кампетэнтны, кваліфікаваны адказ, але адказ гэты будзе дастаткова вузкім — яны павінны будуць у рамках дзеючага заканадаўства падаць заяву. Ці то гэта будзе наглядная скарга, ці то гэта будзе заява па нейкіх іншых пытаннях, але заява ўсё роўна будзе тычыцца не вяртання і не вырашэння пытання аб магчымасці іх вяртання, а аб магчымасці прызнання камісіяй факта немэтазгоднасці прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці.

— Але гаворка пра ўсёдараванне агульнае не ідзе ж? — удакладніла вядучая прапагандысцкага канала.

— Не, вядома. Нават па тым вектары, што намечаны ўказам па вяртанні з-за мяжы, таксама не ідзе гаворка, што для ўсіх грамадзян, якія знаходзяцца там і звернуцца, наступіць эра ўсеагульнай міласэрнасці, — сказаў Стук.

Нагадаем, у Беларусі стварылі камісію для «падтрымання грамадзянскай згоды, забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод беларускіх грамадзян». У яе маюць права звярнуцца беларусы, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай накіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».

Адпаведныя звароты на рускай або беларускай мовах могуць быць накіраваны грамадзянамі ў тэрмін да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з прыкладзенымі неабходнымі дакументамі. Ліст павінен змяшчаць: найменне камісіі, прозвішча, імя таго, хто звярнуўся, адрас жыхарства (месца знаходжання), дату апошняга выезду за межы Беларусі, а таксама звесткі аб апошнім месцы працы (вучобы) у Беларусі. Акрамя таго, у звароце неабходна выкласці ўсю інфармацыю аб «прычынах, па якіх грамадзянін пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, абставінах, у сувязі з якімі яго могуць прыцягнуць да адказнасці». Таксама можна прыкласці спіс паручыцеляў. Імі могуць быць «дзеяздольныя паўналетнія асобы, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, дзяржслужачыя, працоўныя калектывы, іншыя аб'яднанні грамадзян, юрыдычныя асобы».

Згодна з указам, названыя асобы павінны «раскаяцца ў зробленым» і праінфармаваць камісію аб гатоўнасці пасля вяртання прынесці «публічныя прабачэнні, пакрыць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак».

Па выніках разгляду зваротаў грамадзян будуць апавяшчаць аб наяўнасці або адсутнасці ў дачыненні да іх адміністрацыйнага працэсу, узбуджанай крымінальнай справы, а таксама аб магчымасці іх спынення ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам. Гэтыя рашэнні будуць прымацца камісіяй шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў і афармляцца пратаколамі.

Пры гэтым, як адзначаюць юрысты, рашэнні камісіі маюць, хутчэй, рэкамендацыйны характар і не абараняюць ад рызык патрапіць пад пераслед у любы момант. Тым больш, згодна з гэтым лукашэнкаўскім указам, генпракурору Шведу належыць права асабістым рашэннем пачынаць у дачыннені да палітычнага рэпатрыянта крымінальную вытворчасць.