Азбука паліталогіі: Ці хочуць рускія вайны?

У кожнага медаля ёсць два бакі. Гэта не навіна. Дапусцім, на адным баку напісана «Маленькая пераможная вайна». І тады мы атрымліваем «крымскі кансэнсус» з выбухным ростам сацыяльнага аптымізму і рэйтынгаў улады.

414826_original_logo_1.jpg


Але гэта ў Расіі. А што ў Беларусі? І прычым тут наогул Беларусь? Вось і я так думаў, пакуль НІСЭПД не правёў першае апытанне пасля акупацыі Крыма «зялёнымі чалавечкамі». Каб не загрувашчваць тэкст і не  блытаць чытачоў вялікай колькасцю лічбаў, абмяжуюся толькі адной табліцай — дынаміка адказаў на пытанне «На ваш погляд, у цэлым стан рэчаў у нашай краіне развіваецца ў правільным кірунку або ў няправільным?», %

Варыянт адказу

09'11

12'13

03'14

06'14

09'14

12'14

03'15

У правільным

17.0

31.9

40.2

42.3

43.0

43.8

36.9

У няправільным

68.5

54.1

46.2

42.3

43.5

42.9

45.8

Няма адказу/ Цяжка адказаць

14.5

14.0

13.6

15.4

13.5

13.3

17.3

ІПК*

-51.5

-22.2

-6

0

-0.5

0.9

-8.9

* Індэкс правільнасці курсу (рознасць станоўчых і адмоўных адказаў)
Рэкамендую звярнуць увагу на апошні радок. І так з усімі сацыяльнымі індэксамі-паскакунчыкамі нягледзячы на сумнае становішча з рэальнымі даходамі (у 2014 годзе +1,3%, у 2015 годзе -2,3% і ў 2016-м -3,8%).
Вось і разважай пасля гэтага пра адсутнасць культурнай супольнасці паміж беларусамі і рускімі! Пра якую, маўляў, агульнасць гаворка? Калі ў Расіі на Масленіцу ядуць бліны, то ў Беларусі — дранікі!
З аверсам медаля разабраліся. Разабрацца з яго рэверсам нам дапаможа кітайскі стратэг і мысляр Сунь Цзы, які жыў у VI стагоддзі да нашай эры, аўтар трактата аб ваеннай стратэгіі «Мастацтва вайны»: «Ніколі яшчэ не бывала, каб вайна працягвалася доўга — і гэта было б выгадна дзяржаве».
Аднак тут мы ўпіраемся ў так званую праблему «кучы». Куча — гэта колькі? Які часавы прамежак варта разумець пад «доўга», і ці існуюць механізмы, здольныя яго скараціць?

17% праціўнікаў вайны супраць 77% яе прыхільнікаў!


У лютым спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне споўніўся год. Расійскі палітолаг Абас Галямаў, які характарызуе сябе як гістарычнага аптыміста, піша ў сваім Telegram-канале: «Увязаўшыся ў вайну з усім цывілізаваным светам, Пуцін паставіў Расію на мяжу грандыёзнага гістарычнага паражэння. Найважнейшым вынікам гэтай памылкі з'яўляецца расчараванне і дэпрэсія, якія паступова пачынаюць ахопліваць прыхільнікаў вайны, пуцінізму, «моцнай рукі», супрацьстаяння з Захадам, «традыцыйных каштоўнасцей», «патрыятызму» і іншага крамлёўскага глупства. Цяпер гэтыя людзі ўжо пачынаюць выпадаць з палітычнага працэсу».
Ды дзе там! Калі б гэта сапраўды было так! Апошняе (лютаўскае) апытанне «Лявада-Цэнтра» аптымізму палітолага Абаса Галямава не пацвярджае: «У канцы лютага назіраецца нязначнае павелічэнне падтрымкі дзеянняў УС РФ ва Украіне, плаўны рост працягваецца са снежня мінулага года: 48% — адназначна падтрымліваюць (у снежні — 41%), 29% — хутчэй падтрымліваюць (у снежні — 30%). Не падтрымліваюць — 17% (у снежні — 21%)».
17% праціўнікаў вайны супраць 77% яе прыхільнікаў! І гэта пасля года вайны, якая ўжо каштавала яе ініцыятарам дзясяткі тысяч жыццяў!
Не расчараваліся расіяне і ў сваім вярхоўным галоўнакамандуючым. Яго дзейнасць у лютым ухвалілі 83%, што на 14 працэнтных пунктаў больш, чым у студзені 2022 года. Вось вам і адказ на сакраментальнае пытанне: «Ці хочуць рускія вайны?».
Маленькай і пераможнай вайны, безумоўна, хочуць. І ў гэтым сэнсе рускія не з'яўляюцца выключэннем. Успомнім вайну паміжВялікабрытаніяй і Аргенцінай за Фалклендскія астравы, якая доўжылася з 2 красавіка па 14 чэрвеня 1982 года.
Пераможцы ўспрынялі яе як сведчанне моцы Брытаніі. Перамога спрыяла росту патрыятызму і ўзмацненню пазіцый урада Маргарэт Тэтчэр, што дазволіла «жалезнай лэдзі» і яе партыі паспяхова пераабрацца ў наступным годзе. Для Аргенціны паражэнне стала хваравітым ударам па нацыянальным гонары. Яно з'явілася непасрэднай прычынай падзення аргенцінскай ваеннай хунты.

Без выходных 24 гадзіны на суткі

Колькі гадоў спатрэбіцца для разумення здольнасці Крамля выдаваць няўдачы на фронце, якія ідуць адна за адной, за адну вялікую бесперапынную перамогу, я меркаваць не бяруся. Але падобна таму, як дзесяць кіламетраў сабаку — не круг, год аказаўся не тым тэрмінам, на які разлічвалі гістарычныя аптымісты.
Варта прызнаць, што сучасныя інжынеры чалавечых душ паспяхова спраўляюцца з тэхналогіямі, якія базіруюцца на аналізе «big data». «Абывацель не ўяўляе, якія рэсурсы Крэмль выдаткоўвае на «палітычную лічбавізацыю» Расіі, — нагадвае расійскі палітолаг Уладзімір Пастухоў. — Тое, што мы бачым і чуем, відаць, з'яўляецца толькі хвастом ад слана, малой часткай гіганцкай машыны кіравання калектыўным падсвядомым, якое знаходзіцца ў сумесным упраўленні Адміністрацыі прэзідэнта, ФСБ, псеўдапрыватных «даследчых» цэнтраў і яшчэ чорт ведае каго».
Гіганцкая машына прапаганды працуе без выходных 24 гадзіны на суткі. На аснове анлайн-маніторынгу масавай свядомасці яна выяўляе, папярэджвае і купіруе любыя абурэнні — і звяртаецца пры гэтым да мінімуму адкрытага гвалту.
Як Леніну ў свой час удалося ператварыць вайну імперыялістычную ў вайну грамадзянскую, так яго паслядоўнікі з дапамогай сучасных тэхналогій перафарматавалі агрэсію ў абарону.
Падмацую гэтую няхітрую выснову цытатай з навагодняга віншавання Уладзіміра Пуціна: «Галоўнае — лёс Расіі. Абарона Радзімы — гэта наш святы абавязак перад продкамі і нашчадкамі. Маральная, гістарычная праўда — на нашым баку».
Рашэнне пра абарону Радзімы ўзнікла ў Крамлі не спантанна. На думку спецыялістаў, адлік варта пачынаць з першага Майдана (2004 год), які прадэманстраваў жаданне большасці ўкраінцаў стаць часткай Еўропы.Такая дэманстрацыя была ўспрынята ў якасці экзістэнцыяльнага выкліку, і ў якасці адказу на яго Крамлю давялося пераабувацца на хаду, змяняючы ідэалагічную канцэпцыю «Расія — краіна вялікіх магчымасцей» на «Расія — ахвяра незлічоных ворагаў» (Дзмітрый Травін, эканаміст). Замена спрацавала.