Сіні пашпарт на чырвоны: беларускія спартсменкі мяняюць грамадзянства, каб выступаць за Расію

Некаторых людзей на шляху па кар'ернай лесвіцы не спыняюць ні вайна, ні рэпрэсіі дзяржавы супраць сваіх грамадзян. «Тр*буна» расказвае пра беларускіх спартсменак, якія ў пагоні за грашыма і славай мяняюць грамадзянства і выступаюць за расійскія каманды.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У лёгкай атлетыцы, фігурным катанні, веласпорце і іншых дысцыплінах знайшліся атлеты, якія адмовіліся ад расійскага грамадзянства, каб выступаць на міжнародным узроўні. Але ідзе і адваротны працэс: некаторыя замежнікі становяцца грамадзянамі РФ, нягледзячы на вайну і скочванне дзяржавы ў таталітарызм. Сярод тых, каго не бянтэжаць падобныя абставіны, ёсць і прадстаўніцы Беларусі, піша «Тр*буна».

Вікторыя Шаманоўская, гандбол

Кар'ера ўраджэнкі Мінска пачыналася ў 2011-м у сталічным «Аркатроне», з якім яна за два сезоны выйграла Кубак і ўзяла бронзу чэмпіянату — пасля чаго было павышэнне ў «Гомель». Там Шаманоўская за шэсць гадоў заваявала тры чэмпіёнскія тытулы (і тройчы станавілася другой) і чатыры Кубкі, а таксама стала выклікацца ў нацыянальную зборную.

Вікторыя Шаманоўская

Вікторыя Шаманоўская


Летам 2019-га Вікторыя перабралася ў тальяцінскую «Ладу», дзе ў першы ж сезон заваявала срэбныя медалі чэмпіянату Расіі, а ў другім да бронзавых медалёў тамтэйшага першынства дадала званне найлепшай лінейнай турніру. Перад стартам сезона-2021/22 Шаманоўская перайшла ў ЦСКА — прыкладна тады ж пачало вырашацца пытанне са зменай грамадзянства, каб з'явілася магчымасць выступаць за зборную Расіі. Спартсменка гаварыла пра жаданне «гуляць і перамагаць на самым высокім узроўні» — расійская «нацыяналка» сапраўды была адной з наймацнейшых у свеце.

Аднак выступіць на топ-турніры з новай зборнай 29-гадовай гандбалістцы не ўдалося: яна атрымала дазвол на змену спартыўнага грамадзянства толькі ў кастрычніку 2022-га, калі ўжо ўвесь расійскі гандбол аказаўся пад міжнародным банам ад ЕГФ. У выніку Шаманоўская дэбютавала ў зборнай Расіі матчам на так званым «Кубку Сяброўства» супраць зборнай Беларусі, за якую перастала выступаць у лістападзе 2019-га. Новая каманда абгуляла старую (32:29), а сама Вікторыя закінула тры мячы з чатырох кідкоў і сказала, што праз доўгае чаканне дэбюту паспела «перагарэць, потым зноў загарэцца і зноў перагарэць».


Анастасія Гарэлік, валейбол

Экс-удзельніца зборнай Беларусі па валейболе таксама нарадзілася і першыя прафесійныя крокі рабіла ў Мінску: пачынала ў клубе «Славянка», у складзе якога ўжо ў 15 гадоў стала бронзавай прызёркай чэмпіянату. Пасля расфарміравання каманды дзяўчына адправілася ў баранавіцкі «Атлант», а пікам клубнай кар'еры на радзіме стаў выступ за «Мінчанку», з якой Гарэлік у 2010-м упершыню стала чэмпіёнкай краіны.

Анастасія Гарэлік

Анастасія Гарэлік


У 2013-м яна з'ехала ва Украіну, дзе падпісала кантракт з «Хімікам» з горада Паўднёвае (выйграла з ім чэмпіянат і кубак), — і з тых часоў ездзіць па замежных чэмпіянатах: Румынія (уладальніца кубка), Італія і, нарэшце, Расія, дзе гуляе з 2016-га. Апошнія чатыры сезоны Анастасія выступае за серадняка мясцовага чэмпіянату — «Ленінградку».

У сакавіку 2022-га дагуляльніца атрымала расійскі пашпарт, але спартыўнае грамадзянства мяняе толькі зараз. Мэты гэтага кроку адрозніваюцца ад тых, якія пераследвала Шаманоўская: «Ленінградка» прапанавала Гарэлік паляпшэнне ўмоў кантракта, калі яна перастане быць легіянеркай. Пра пераход у расійскую зборную 31-гадовай валейбалісткі размова не ідзе, пры гэтым яе кар'ера ў зборнай роднай краіны ўжо завершана.


Вольга Бадзелька, шахматы

20-гадовая магіляўчанка — шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў розных узроставых катэгорыях, а таксама чэмпіёнка Еўропы-2017 сярод шахматыстак да 16-ці. Ужо ў 17 гадоў яна атрымала званне міжнароднага гросмайстра сярод жанчын. У складзе зборнай удзельнічала ў дзвюх шахматных Алімпіядах (у 2016-м і 2018-м), а на Кубку свету-2021 дайшла да 1/16 фіналу, дзе саступіла будучай фіналістцы таго турніру расіянцы Аляксандры Гарачкінай.

Вольга Бадзелька

Вольга Бадзелька


Цяпер Гарачкіна і Бадзелька будуць выступаць разам: на пачатку сакавіка стала вядома, што беларуска знаходзіцца ў працэсе атрымання новага грамадзянства. Пры гэтым яна яшчэ ў жніўні 2021-га перайшла ў Федэрацыю шахмат Расіі, а ў верасні таго ж года выступіла на клубным чэмпіянаце Еўропы ў складзе каманды «Паўднёвы Урал», якая заняла першае месца. У лістападзе 2021-га ў Рызе Бадзелька заняла 7-е месца на турніры «Вялікая жаночая швейцарка ФІДЭ». Чакаецца, што яна заменіць лідарку зборнай Аляксандру Касцянюк (чэмпіёнка свету і Еўропы), якая напярэдадні таксама змяніла грамадзянства, каб прадстаўляць Швейцарыю.

— Я буду вельмі рада выступаць за зборную Расіі, гэта адна з наймацнейшых каманд свету, у якую вельмі няпроста патрапіць, — пракаментавала шахматыстка свой пераход.

У адрозненне ад той жа Шаманоўскай, якая за зборную Расіі не можа выступаць на міжнародных стартах, Бадзелька мае шанец спаборнічаць не толькі супраць беларускіх і расійскіх спартсменаў. Праўда, гаворка ідзе пакуль толькі пра турніры ў Азіі -—у канцы лютага расійская Федэрацыя шахматаў выйшла са складу Еўрапейскага шахматнага саюза і перайшла ў Азіяцкі.