«Ідзе вялікая разборка». Беларускіх спартсменаў «кінулі» на расійскіх спаборніцтвах

У расійскім Іжэўску ўчора пачаліся спаборніцтвы ў мас-старце (біятлон). Беларускіх спартсменаў туды не дапусцілі.

Ілюстрацыйнае фота: biathlon.by

Ілюстрацыйнае фота: biathlon.by


Беларускія біятланісты выступаюць на чэмпіянаце Расіі па біятлоне ў Іжэўску, але на мас-старт, паводле рашэння журы, не былі дапушчаныя.

«Беларуская федэрацыя біятлона са шкадаваннем інфармуе, што, паводле рашэння журы спаборніцтваў PARI чэмпіянату Расіі ў горадзе Іжэўску (Расійская Федэрацыя), спартсмены мужчынскай нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па біятлоне 26 лютага 2023 года ў мас-старце-60 прыняць удзел не змаглі», гаворыцца ў паведамленні на сайце Беларускай федэрацыі біятлона.

У прэс-службе Саюза біятланістаў Расіі паведамілі, што беларускія спартсмены па сваім жаданні адмовіліся ўдзельнічаць у мас-старце, а журы спаборніцтваў дзейнічала згодна з правіламі Міністэрства спорту РФ.

Асноўны стартавы пратакол быў сфарміраваны 26 лютага за дзве гадзіны да пачатку гонак, пасля пацвярджэння ўдзелу ў ім засталіся 53 расійскія спартсмены. Свабодныя сем месцаў былі прапанаваны афіцыйнаму прадстаўніку зборнай Беларусі, аднак беларуская каманда ад удзелу ў вялікім мас-старце ў мужчын нібыта адмовілася.

На сённяшні дзень адзіным дакументам, які рэгламентуе ўдзел спартсменаў з Беларусі ва ўсерасійскіх спаборніцтвах па біятлоне, з'яўляецца рэгламент СБР па правядзенні гэтых спаборніцтваў.
«Саюз біятланістаў Расіі ў сваю чаргу робіць усё, каб, з аднаго боку, выканаць устаноўленыя Міністэрствам спорту РФ нормы, з другога — забяспечыць максімальную магчымасць удзельнічаць ва ўсерасійскіх спаборніцтвах спартсменам з сяброўскай краіны.

Беларуская федэрацыя біятлона ведае пра існуючыя правілы і пагадзілася ўдзельнічаць ва ўсерасійскіх спаборніцтвах па гэтых правілах», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Сітуацыю з нядопускам беларускіх біятланістаў пракаментавала ў сваім інстаграме Дзінара Алімбекава:

«Цікава»было глядзець мега мас-старт без нашых хлопцаў, якіх не дапусцілі паводле рашэння суддзяў. А самі нават і 60 удзельнікаў не знайшлі».


Як піша «Народная воля», вядомы расійскі журналіст Дзмітрый Губерніеў таксама адрэагаваў на факт няўдзелу прадстаўнікоў Беларусі ў мужчынскай гонцы з масавым стартам.

«Вось я казаў, трэба было як мінімум Смольскага ў вялікі мас-старт дапускаць, — напісаў Губерніеў у сваім тэлеграм-канале. — У выніку ў Іжэўску Саюз біятланістаў Расіі праблемы не вырашыў, беглі ўсяго 53 расіяніны, і вельмі моцна знерваваліся і напружыліся нашы беларускія сябры.

Наспявае вялікі спартыўны скандал, які выкліча яшчэ і скандал палітычны. Вялікія начальнікі Расіі і Рэспублікі Беларусь ужо ва ўсю моц абмяркоўваюць праблему нядопуску лепшых беларускіх біятланістаў у вялікі мас-старт у Іжэўску. Ужо ідзе вельмі вялікая разборка! Ух!»