Чаму я ніколі не буду заўзець за Арыну Сабаленка
Беларуска ў кроку ад першай перамогі ў кар'еры на турнірах «Вялікага шоламу». Аднак нават яе трыумф — як і пераўтварэнне ў першую ракетку планеты — наўрад стане натхненнем, матывацыяй альбо нагодай для радасці шараговаму беларусу. І вось чаму.
Арына Сабаленка — крутая тэнісістка. Іншыя не выходзяць у фінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі, як зрабіла гэта мінчанка колькі гадзін таму. І не ўздымаюцца на другую прыступку сусветнага рэйтынгу. Беларуска мае магутную падачу, фізічную моц і трываласць, якім зайздросцяць яе самыя ўмелыя канкурэнткі. У свае 24 дзяўчына мае на рахунку звыш 12 мільёнаў долараў, заробленых за кошт разнастайных перамог, тытул лепшай тэнісісткі Беларусі і персанальныя эпізоды ў серыяле ад Netflix.
Аднак заўзець за Сабаленка ніяк не атрымліваецца. І прычына не ў яе сумнеўных маральных арыенцірах. Так, завязваць адносіны з жанатым хлопцам, а пасля зводзіць яго з сям'і, дзе гадуюцца трое дзетак, такое сабе. Аднак гэта свядомы выбар самастойных дарослых людзей — абраннік Арыны, былы хакеіст Канстанцін Кальцоў, увогуле старэйшы за дзяўчыну на 17 гадоў. Больш за тое, у свеце хапае прыкладаў, калі зорныя шлюбы спартоўцаў развальваліся пры больш драматычных ды супярэчлівых абставінах. Узгадайце пра здраду абаронца «Барселоны« Жэрара Піке спявачцы Шакіры альбо гвалт, што наконадні ўчыніў Дані Алвес — хай у славутага футбаліста была і жонка-мадэль, і сталыя адносіны з ёю. Прыватнае жыццё — да халеры складаная штука. І нагоды для ягонага разбурэння, часцютка незразумелыя грамадскасці, для кожнага з удзельнікаў пары могуць выглядаць цалкам лагічнымі.
Але святкаваць перамогі Сабаленка адпаведна мемнаму закліку «Давай, налівай!» не атрымаецца, хоць запаўняй келіхі «Дом Перыньёнам». Бо поспех спартсменкі не выклікае эмоцый, якія звычайна мае на ўвазе спартыўны трыумф. Ідэя поспехаў такога кшталту заўсёды правакуе эфект даміно ў выглядзе гонару за краіну, адчування трыумфу над сусветам ці прыдатнасці да нейкай унікальнай падзеі. Але з Арынай такой сувязі няма — і не было ад самага пачатку кар'еры мінчанкі.
Тэніс — індывідуальны від спорту. Таму ўспрымаецца як персанальнае змаганне асоб. Гэта важна, бо ў камандных спаборніцтвах глядач атаясамлівае сябе з суполкай. Напрыклад, футбольны/баскетбольны/хакейны клуб мае прывязку да пэўнай мясцовасці ці кам'юніці, блізкай заўзятару. Нацыянальная зборная — пул лепшых людзей краіны, куды мог патрапіць кожны, калі б з дзяцінства абраў спартыўную кар'еру ды там рэалізаваўся. Тады як пэўны брэнд — «Дынама», «Спартак», «Манчэстэр Юнайтэд» — можа дастацца ў спадчыну ад бацькоў, мець нейкія асацыяцыі з дзяцінствам, калі быў зроблены выбар, ці быць спробай нон-канфармізму. Маўляў, калі вы ўсе заўзееце за топ-каманду, я пайду супраць. Тады як у індывідуальных відах чалавек альбо захапляецца касмічным узроўнем асоб-«адзінарогаў» (талентаў адзін на мільярд як Усэйн Болт, Міхаэль Шумахер ці Майкл Джордан), альбо бачыць у спартсмене ўзор для пераймання.
Сабаленка, відавочна, не геній тысячагоддзя. І побач з Білі Джын Кінг, Штэфі Граф, Марцінай Наўрацілавай альбо Маргарэт Корт ніколі не стане. Таму падтрымліваць дзяўчыну можна выключна як ролевую мадэль, праводзячы паралелі з сусветнымі топамі. І вось тут пачынаюцца велізарныя праблемы — як мінімум, калі ты прайшоў праз беларускія рэаліі апошніх трох гадоў.
Пачнем з таго, што ў 2020-м Арына стала на бок рэжыму. «Камон, гэта яе выбар. Грамадства падзялілася, і кожны абраў тыя каштоўнасці, якія яму бліжэй», — абурацца чытачы. І будуць мець рацыю, калі весці гаворку пра палітычны складнік тых часоў. Аднак гвалт у дачыненні да суайчыннікаў спартсменку таксама пакінуў безудзельнай. Яна наўмысна адмяжоўвалася ад любых ацэнак метадаў, якімі лукашэнкаўскія ўлады даводзілі народу сваю «перамогу» на выбарах. Арына хавалася за інстаграмнай прыгажосцю адпачынкаў у Дубаях ды Маямі, каб ніякім чынам не запляміць рэпутацыю.
«Спорт па-за палітыкай», — настойвала Сабаленка. І нават гэта можна было б прыняць за нейкую пазіцыю эскапізму, каб не адно «але…». У снежні 2020-га мінчанка падпісала праўладны ліст, сутнасць якога зводзілася да простага пасылу «Ад***іцеся ад нас са сваімі пратэстамі, праблемамі і пакутамі — у нашым жыцці нічога жудаснага не адбылося, таму мы прагнем і далей выступаць усюды, дзе толькі можам». Пасля ж неаднаразова выказвала падтрымку (а часам і захапленне) Аляксандру Лукашэнку, да якога завітвала на пафасныя мерапрыемствы, ды абуралася ініцыятывамі «змагароў» — тыя прагнулі абараніць пацярпелых ад рэпрэсій калег.
У 2022-м Сабаленка пайшла яшчэ далей — і за гламурам прыватнага жыцця ды працай на корце схавалася ад рэалій вайны. На гэты час ужо шмат хто з беларусаў апынуўся за кратамі, з'ехаў з краіны, а то і ўвогуле страціў жыццё пад ціскам улады. Але Арына жыла ў сваёй вежы са слановай косці, куды не даляталі гукі, што яе маглі раздражняць. А вось бомбы пасля 24 лютага туды прыляцець маглі — праз досвед суперніц з Украіны, якія выходзілі на корты супраць беларускі, праз просьбы дапамогі ад пацярпелых ад расійскай агрэсіі, праз звароты сусветнай спартыўнай супольнасці далучыцца да агульнага антываеннага руху. На жаль, Сабаленка і тут абрала пазіцыю чалавека-невідзімкі: цэлы год яна пазбягала абмеркавання гэтай тэмы і тлумачыла гэта тым, што не можа нічога зрабіць. Маўляў, калі б яе словы нешта змянілі, то паводзіла б сябе інакш. А так навошта напружвацца? «Тэніс і спорт ніяк не звязаны з палітыкай», — паўтарала Арына як мантру ў той час, калі ўкраінскі тэнісіст Сяргей Стахоўскі пайшоў на фронт добраахвотнікам, а Марта Касцюк і Лэся Цурэнка збіралі грошы на дапамогу УСУ.
І вось тут нават у памяркоўнага беларускага заўзятара, які гадаваўся на народнай ідэнце «абы не было вайны», адбыўся злом парадыгмы. Бо ў сітуацыях куды менш крытычных менавіта топавыя спартсмены ўплывалі на ход падзей — і даволі часта змянялі гісторыю сваёй пазіцыяй. Джэсі Оўэнс, Мухамед Алі, тая ж Білі Джын Кінг ішлі насуперак грамадскай думцы, агрэсіі, знішчэнню асобы, хаця рызыкавалі згубіць значна болей, чым Сабаленка. У сучасных жа рэаліях ЛеБрон Джэймс, Меган Рапіна, Льюіс Хэмілтан узначальваюць рухі па абароне людской годнасці, бо разумеюць: спартсмен — гэта ролевая мадэль паводзінаў у тым ліку і для грамадзяніна, і для асобы. І гэта мае на ўвазе адказнасць. Як за дзеі, так і за бяздзейнасць.
Сабаленка абрала шлях найменшага супраціву: там, дзе ёсць гламур, грошы, «падабайкі» ў сацсетках, лаяльнасць улады ды ружовыя поні, што б ні адбывалася наўкол. А вось сапраўднай павагі ды любові з боку людзей няма. Прызнанне спартовых заслуг — так. Фіксацыя яе дасціпнасці ў тэнісе ў пэўны момант часу — канечне. Перавага над канкурэнткамі за кошт «прапампоўкі» моцных бакоў — безумоўна. Аднак любові, якой ахутваюць сапраўды вялікіх спартсменаў, тут не знойдзеш. Нават калі скарыць усе турніры Вялікага Шоламу разам…