Дзмітрый Навоша: Перамога Сабаленкі — нагода для самасцвярджэння дыктатуры

Заснавальнік «Тр*буны» пракаментаваў ініцыятыву Міжнароднага алімпійскага камітэта па дапушчэнні да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях беларускіх і расійскіх спартсменаў, якія выступілі супраць вайны і рэпрэсій.

Ілюстрацыйнае фота: noc.by

Ілюстрацыйнае фота: noc.by


— «Адхіленне з-за пашпарта не адпавядае каштоўнасцям», — кажа кіраўнік МАК Томас Бах і прамацвае зараз ваду ідэяй «ну згуляюць пуціністы/лукашысты на Алімпіядзе пад нейтральным сцягам, што тут такога».

Я раскажу вам што. На прыкладзе Сабаленка і лукашыстаў.

Перамога жыхаркі Штатаў Арыны Сабаленка (домам яна ва ўсіх інтэрв'ю называе Маямі) нават пад нейтральным сцягам — рэдкая нагода для самасцвярджэння людаедскай дыктатуры. Удалы акампанемент праклёнам і пагрозам на адрас тых, хто з дыктатурай змагаецца. Даважка да праваеннай антыўкраінскай рыторыкі ўсіх прапагандысцкіх рэсурсаў.


Думаю, МАК і Томас Бах дзейнічаюць з лепшых, ідэалістычных памкненняў. Выбухаў з Лазаны не чуваць, злачынствы дыктатур не змяшчаюцца ў галаву (і таму ігнаруюцца, быццам не маюць дачынення да справы), вайна далёка на перыферыі іх свядомасці. Прапанова Зяленскага Баху зрабіць візіт у Бахмут — больш, чым каламбур. Гэта праўда дапамагло б кіраўніку МАК зразумець больш.

Спорт не проста «можа» выкарыстоўвацца расійскай і беларускай дыктатурамі для нармалізацыі ненармальнага, для апраўдання ранейшых злачынстваў і планавання новых. Ён БУДЗЕ для гэтага выкарыстоўвацца. Цяпер, калі дыктатурам тэрмінова патрэбныя хоць нейкія пацвярджэнні сваёй правасці, хоць нейкія поспехі, новыя рэсурсы мабілізацыі, ён БУДЗЕ ВЫКАРЫСТАНЫ ТОЛЬКІ ТАК, — напісаў Навоша ў сваім Telegram-канале.


Нагадаем, 25 студзеня ў заяве з нагоды падтрымкі Украіны Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пацвердзіў уведзеныя раней абмежаванні супраць беларускіх і расійскіх спартоўцаў і нават заклікаў да іх узмацнення. Але прапанаваў дапусціць да спаборніцтваў у нейтральным статусе тых, хто не падтрымаў вайну ва Украіне. У арганізацыі заявілі, што «ніводнаму спартсмену нельга перашкаджаць у спаборніцтвах толькі з-за яго пашпарта».

Украіна, у сваю чаргу, выступае катэгарычна супраць допуску на спаборніцтвы расійскіх і беларускіх спартсменаў. У адказ на магчымы допуск расійскіх і беларускіх атлетаў да Гульняў-2024 у Парыжы ў Кіеве заявілі, што разглядаюць магчымасць байкоту спаборніцтваў.