Сустракайце шапіто. БРСМ ладзіць турнэ прапагандыстаў на сустрэчы са студэнтамі
Беларуская моладзь даведаецца нарэшце аб становішчы вакол межаў і санкцыях.
У БРСМ гэта назвалі «інфармацыйна-асветніцкім праектам для студэнцкай і навучэнскай моладзі "Заліковая размова"» — паведаміў кіраўнік камсамольцаў Аляксандр Лук'янаў.
У фармаце адкрытага дыялогу з моладдзю будуць размаўляць Аляксей Аўдонін, Вадзім Гігін, Іван Эйсмант, Марат Маркаў, Андрэй Крывашэеў, Аляксандр Шпакоўскі, Аляксей Дзерман, Андрэй Лазуткін, Вадзім Баравік, Андрэй Мукавозчык, Алег Раманаў і іншыя прапагандысты.
Паводле яго слоў, тэматыка сустрэч закране актуальныя грамадска-палітычныя пытанні.
«У прыватнасці, ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі і ў сумежных краінах, сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны ва ўмовах санкцыйнага ціску. Эксперты распавядуць дзецям аб ключавых дасягненнях Беларусі ў розных галінах, аб умовах, якія стварае беларуская дзяржава і асабіста прэзідэнт для развіцця патэнцыялу беларускай моладзі.
Безумоўна, не застанецца без увагі такі істотны аспект, як прававое супрацьдзеянне дэструктыўнай ідэалогіі і меры, якія прымаюцца па яго забеспячэнні», — заявіў Лук'янаў.
Першая такая «размова» пройдзе ў Мінскім дзяржаўным каледжы аўтамабілебудавання 1 лютага. На яе скіруецца супрацоўнік АНТ Ігар Тур.
3 лютага ў адкрытым дыялогу ў Мінскім дзяржаўным каледжы індустрыі моды плануецца ўдзел супрацоўніцы АТН Ксеніі Лебедзевай, а таксама намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Камволь» Ягора Макарэвіча.
З 6 па 8 лютага «размовы» адбудуцца ў Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы, Мінскім дзяржаўным каледжы інавацыйных будаўнічых тэхналогій і Мінскім дзяржаўным каледжы будаўніцтва імя Каменскага, дзе ў ролі «экспертаў» выступяць адпаведна: супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі Марыя Петрашка, старшыня Моладзевага сходу Беларусі Мікіта Рачылоўскі, прапагандыст тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» Рыгор Азаронак, намеснік старшыні РГА «Белая Русь» Андрэй Басак, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч і старшыня Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый Павел Алекса.
Плануецца, што ў бліжэйшыя тры месяцы падобныя «размовы» пройдуць ва ўсіх ВНУ і сярэдніх спецыяльных установах адукацыі.