Калі забойцы і каты перасталі быць героямі. Як фільм змяніў стаўленне да тых, хто рабіў генацыд

Кіраўнік Інданезіі ўпершыню за ўсю гісторыю краіны падтрымаў ідэю пакарання сілавікоў, якія ў мінулым удзельнічалі ў масавых палітычных рэпрэсіях і забойствах.

3696491_original.jpg


Аўтарытарныя рэжымы чамусьці любяць арганізоўваць завочныя працэсы над сваімі апанентамі і выносіць суровыя прысуды. Пры гэтым арганізатары такога кшталту мерапрыемстваў наўрад ці дапускаюць, што можа быць аналагічны адказ.
Нешта падобнае, напрыклад, мела месца ў 2015-м у Нідэрландах. Тут інданезійскія праваабаронцы правялі свой завочны, сімвалічны гаагскі трыбунал над канкрэтнымі паліцэйскімі і вайскоўцамі, вінаватымі ў масавых забойствах на радзіме. Па выніках слухання суд прызнаў падсудных адказнымі за злачынства супраць чалавецтва і прыгаварыў іх да пажыццёвага зняволення.
Напэўна, самі фігуранты працэсу ўспрынялі вердыкт з усмешкай. Але сёння, успамінаючы аб тым працэсе, яны наўрад смяюцца. 11 студзеня прэзідэнт краіны Джока Відада публічна прызнаў факт «сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў гісторыі Інданезіі» і выказаў шкадаванне наконт таго, што «іх арганізатары не пакараныя».
Спіс злачынстваў, якія ўчынілі сілавікі Інданезіі, вялізны. Яго хопіць з лішкам на цэлую серыю гаагскіх трыбуналаў. Тут і генацыд жыхароў экс-партугальскай калоніі Усходняга Тымора, які Інданезія анексавала, скарыстаўшыся хаосам у Партугаліі пасля рэвалюцыі 1974-га. Тут і генацыд папуасаў — карэннага насельніцтва інданезійскай часткі вострава Новая Гвінея, якія даўно патрабуюць незалежнасці.
Ну і вішанька на торце — масавы тэрор 1964-1965 гг. супраць актыву мясцовай кампартыі і афіляваных з ёй прафсаюзаў, культурніцкіх і жаночых арганізацый. У рамках пераследу было забіта звыш 500 тысяч чалавек. Гэта без уліку ахвяр сярод мясцовай кітайскай дыяспары. Кітайцы патрапілі пад раздачу, паколькі іх разглядалі выключна як заканспіраваных агентаў Мао. Паколькі ў зачыстцы прынялі актыўны ўдзел радыкальныя мусульманскія арганізацыі, дасталася і тутэйшым хрысціянам.
Метады забойства ўключалі расстрэлы, а таксама адсяканне галоваў мячамі, падобнымі на самурайскія. Трупы часта выкідваліся ў рэкі, і чыноўнікі скардзіліся вайскоўцам, што рэкі забітыя целамі. У некаторых выпадках знішчалі жыхароў цэлых вёсак, дамы забітых ці інтэрнаваных рабаваліся.
Рэпрэсіі 1964-1965 гг. даўно былі плямай на рэпутацыі ўладаў Інданезіі. Нягледзячы на афіцыйныя расследаванні кіраўніцтва краіны працягвала замоўчваць гэтую тэму. А ў праўладным дыскурсе захаваўся нават культ тых, хто забіваў апазіцыю. Многія ўдзельнікі генацыду займалі і займаюць кіруючыя пасады ў грамадзянскіх і ваенных структурах.
Парадаксальна, аднак усю гэтую сістэму зламаў усяго толькі адзін дакументальны фільм. Гэта твор амерыканца Джошуа Оппенгеймера «Акт аб забойстве» (2013). Ён расказвае пра былых катаў, якія бралі ўдзел у катаваннях і забойствах у 1965-1966-х. Пры стварэнні фільма рэжысёр пайшоў на нестандартны ход: даў слова забойцам, якія не панеслі пакаранне і лічацца рэспектабельнымі чальцамі грамадства. Сёння яны п'юць піва, гуляюць у гольф, з захапленнем успамінаючы аб катаваннях і забойствах, якія здзейснілі.
«Мы засоўвалі ім дубінкі ў анус, пакуль яны не паміралі. Мы ламалі ім шыі і вешалі іх. Мы душылі іх дротам і адрэзалі ім галовы. Мы ціснулі іх машынамі. Мы забівалі людзей, і ніхто не пакараў нас за гэта. З гэтым ужо нічога не зробіш. Яны (родныя ахвяраў) павінныя прыняць гэта», — кажа адзін з персанажаў.
Фільм стаў для Інданезіі шокам, хаця афіцыйна ён так і не быў выпушчаны ў краіне. «Гэта самы папулярны фільм у інданезійскай гісторыі, хоць яго і паказваюць падпольна. Гледачы ашаломленыя. Назіраецца эфект, што быў у казцы Ганса Хрысціяна Андэрсана: усе ведалі, што кароль голы, але ніхто не адважыўся сказаць пра гэта. Усе ведалі, што "дэмакратыя" ў краіне была карумпаванай і пабудаванай на генацыдзе, што любы чыноўнік у мінулым мог быць катам, але ніхто не адважваўся пра гэта сказаць. Усё змянілася», — пісала тады прэса.
Была вымушана рэагаваць на фільм і адміністрацыя краіны. Праўда, першая рэакцыя была негатыўнай. Усё той жа Джока Відада абвясціў, што «не будзе прасіць прабачэння ад імя ўладаў за прычыненыя пакуты, паколькі важна глядзець не ў мінулае, а ў будучыню».
І вось зараз нешта пачало мяняцца. Характэрна, што сваю гучную заяву ад 11 студзеня аб неабходнасці правасуддзя інданезійскі гарант зрабіў на мерапрыемстве, прысвечаным дакладу праваабаронцаў. Яшчэ ў жніўні 2022-га яны прадставілі прэзідэнту даклад аб тым, што суды баяцца разглядаць справы паліцыянтаў і вайскоўцаў, якія звязаныя з пераследам апазіцыі ў мінулыя гады. Гэта тэма для праваабаронцаў ці асацыяцый пацярпелых ад палітычных рэпрэсій вельмі важная.
У сваю чаргу падчас сустрэчы з праваабаронцамі прэзідэнт паабяцаў «сумленныя суды», таксама заклікаўшы паліцыю і войска знайсці мужнасць і «выняць шкілеты з шафы — прызнаць адказнасць за ўчыненыя злачынствы».