Фатальная вайна дыктатара. Як мара аб імперыі знішчыла самы крывавы рэжым у гісторыі
Краіна-агрэсар, рэжым якой праводзіў масавы тэрор супраць свайго ж насельніцтва, а яе лідар, аддаўшы каманду на ўварванне на тэрыторыю суседа, нахабна заяўляў: «Мы атакуем іх для таго, каб перашкодзіць ім пракрасціся ў некаторыя раёны нашай тэрыторыі». Нічога не нагадвае?
44 гады таму, у студзені 1979 года ўварваннем у адказ на агрэсію быў зрынуты рэжым чырвоных кхмераў.
Царства абсалютнага тэрору
У красавіку 1975 года войскі чырвоных кхмераў, руху, арганізаванага Камуністычнай партыяй Кампучыі, захапілі ўладу ў Камбоджы. Яны ўсталявалі ў краіне царства татальнага тэрору, у параўнанні з якім, магчыма, усё, што ведала чалавецтва да гэтага, выглядала дзіцячымі гульнямі. Кіраўнікі чырвоных кхмераў адмянілі стары каляндар, яны абвясцілі аб пачатку новай эры — Эры Нулявога года. Яны лічылі, што старыя традыцыі і культурны ўклад павінен быць цалкам знішчаны. Рэвалюцыя мусіла вырасціць новае насенне культуры і традыцый, пачынаючы з нуля. На чале КПК і чырвоных кхмераў стаяў знешне непрыкметны чалавек, звычайны настаўнік Салот Сар. Але ў гісторыю ён увайшоў пад іншым імем — Пол Пот.
Зразумела, што ў такіх грандыёзных планах па поўнай перабудове цэлай краіны чалавечае жыццё нічога не каштавала. У спробе ўсталяваць утапічнае аграрнае грамадства чырвоныя кхмеры імкнуліся знішчыць усё, што, па іх меркаванню, не адпавядала сапраўднаму камуністычнаму ідэалу. Гарады былі абвешчаны па-за законам. «Горад — мясціна заганы; можна змяніць людзей, але не гарады. Працуючы ў поце твару па карчаванні джунгляў і вырошчванні рысу, чалавек зразумее нарэшце сапраўдны сэнс жыцця», — такая была галоўная тэза лідара чырвоных кхмераў, што прыйшлі да ўлады.
Людзей гвалтам прымушалі кідаць свае дамы і перасяляцца ў сельскую мясцовасць, дзе іх, літаральна за міску рысу ў дзень, з ранку да позняй ночы прымушалі працаваць на карысць дзяржавы. Так, сталіца краіны Пнампень была амаль цалкам выселена ўжо праз некалькі дзён пасля захопу яе войскамі чырвоных кхмераў. Краіна заварушылася. Сотні тысячаў чалавек вымушаны былі зняцца з месца і пешкі ісці ў сельскагаспадарчыя раёны, часта праз дзясяткі кіламетраў. І ўсё гэта ва ўмовах трапічнай спёкі. Тысячы загінулі падчас такіх пераходаў.
Імкнучыся стварыць «грамадства без канкурэнцыі», у якім людзі мусілі працаваць на «агульную карысць», чырвоныя кхмеры змяшчалі людзей у калектыўныя камуны, дзе ўвялі ў дзеянне праграмы «перавыхавання». Людзі былі падзелены на тры катэгорыі, якія адлюстроўвалі давер да іх новай улады. Самыя вартыя даверу называліся «старымі грамадзянамі», пераважна гэта былі жыхары сельскай мясцовасці. Гараджане пачыналі новае жыццё як «новыя грамадзяне» ці «людзі 17 красавіка» і маглі падняцца спачатку да «кандыдатаў», а затым, нарэшце, да паўнапраўных грамадзян. Аднак на практыцы большасць з іх так і засталіся на ўзроўню бясплатнай працоўнай сілы. Трэцюю частку складалі інтэлігенцыя, духавенства і іншыя адукаваныя слаі насельніцтва. Гэтую катэгорыю планавалася падвергнуць шырокамаштабнай чыстцы.
Адмяняліся грашовы абарот, банкі былі падарваныя. Прыватнай уласнасці не існавала ўвогуле, за сарваны без дазволу з дрэва камуны банан чалавека чакала жорсткае пакаранне. Афіцыйна адмяняліся і сем’і. Мужчыны, жанчыны і дзеці павінны былі жыць у асобных бараках і мелі права сустракацца толькі раз на дзесяць дзён. І тое толькі з дазволу кіраўніка камуны.
Тых, хто адмаўляўся ад «перавыхавання», наўпрост забівалі на палях вакол камуны або ў сумнавядомай турме Туолслэнг Цэнтр, таксама вядомай як S-21. Дакладная колькасць людзей, што праз яе прайшлі, невядомае, але выжыла там толькі сем чалавек. Шкадуючы кулі для «класавых ворагаў», чырвоныя кхмеры часта выкарыстоўвалі для іх забойства звычайныя матыкі.
У лічаныя месяцы Камбоджа ператварылася ў вялізны працоўны лагер, дзе насельніцтва падвяргалася гвалту, катаванням і масавым пакаранням смерцю.
Яшчэ менш пашанцавала прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў. Часта так бывае з камуністычнымі рэжымамі, што, абвяшчаючы на словах поўны інтэрнацыяналізм, на справе яны займаліся асіміляцыяй цэлых народаў. Але Пол Пот тут абсалютна не хаваўся. Вось што ён казаў па нацыянальным пытанні: «Кампучыйская рэвалюцыя — гэта адно цэлае. Адным цэлым з'яўляецца і кампучыйская нацыя. Адзінай мовай з'яўляецца кхмерская мова. З гэтага часу ў Кампучыі больш не існуе якіх-небудзь нацыянальнасцей… Таму жыхары павінны замяніць свае імёны на імёны, уласцівыя кхмерскай расе. Мовы, этнічныя асаблівасці, адзенне, звычкі і рэлігія былых нацыянальнасцей павінны рашуча выкараняцца. Асобы, якія не падпарадкоўваюцца загаду, будуць несці поўную адказнасць за гэта».
Прадстаўнікоў нетытульных нацый, калі яны адмаўляліся запісвацца ў кхмеры, нават не спрабавалі «перавыхоўваць», іх наўпрост знішчалі. Так, з некалькіх дзясяткаў тысячаў камбаджыйскіх тайцаў к 1979 году засталося толькі каля васьмі тысяч.
Пры гэтым звычайныя камбаджыйцы нават не ведалі, хто з'яўляецца аўтарам гэтых жахаў. Кіраўнікі КПК не любілі фатаграфавацца, называлі адзін аднаго, у залежнасці ад іерархіі, «брат №1» ці «брат №2», а сваю партыю проста «Ангка», што па-кхмерску значыць усяго толькі «арганізацыя». Калі нехта з вязняў па памяці ўзгадаў знешні выгляд Пол Пота і намаляваў яго партрэт, то яго хутка сталі тыражаваць і вешаць на сцены розных устаноў. Даведаўшыся пра гэта, лідар чырвоных кхмераў загадаў усе гэтыя партрэты знішчыць, а разам з імі на ўсялякі выпадак і аўтара.
Палітыка чырвоных кхмераў прывяла да выхаду ў суседнія краіны вялікай хвалі бежанцаў. Найбольшая колькасць уцекачоў накіравалася ў В'етнам. Гэтая краіна прыняла сотні тысячаў камбаджыйскіх і этнічных в'етнамскіх бежанцаў.
Мары аб імперыі
Паступова ў лідара Дэмакратычнай Кампучыі (на такі здзеклівы манер чырвоныя кхмеры перайменавалі Камбоджу) пачалі з’яўляцца грандыёзныя планы па пашырэнні сваёй тэрыторыі. Ён пачаў марыць аб аднаўленні сярэднявечнай кхмерскай імперыі, у склад якой павінны былі ўвайсці В'етнам, Лаос і Тайланд. Пачаць вырашылі з В'етнама. Лідары чырвоных кхмераў адкрыта казалі аб жаданні анексаваць гэтую краіну-суседку.
Не выключана, што ён разглядаў вайну з В'етнамам яшчэ і як спосаб згуртаваць народ і ўціхамірыць незадаволеных, якіх станавілася ўсё больш. Аднымі толькі рэпрэсіямі спыніць нарастаючую незадаволенасць ён ужо не мог.
Самаўпэўненасці кхмерам дадавала падтрымка Кітая. У краіне былі папулярныя лозунгі: «Гатовыя ваяваць з В'етнамам 700 гадоў!», «За намі — 800 мільёнаў кітайцаў!»
Пачынаючы з 1977 года чырвоныя кхмеры пачалі здзейсняць рэйды праз мяжу, гвалтуючы і забіваючы в'етнамскіх мірных жыхароў. Цярпенне в'етнамцаў лопнула. У снежні 1977 года в'етнамскія сілы рушылі ў глыб тэрыторыі Кампучыі. У адказ полпотаўскі рэжым разарваў дыпламатычныя адносіны з «агрэсарам».
Праз тыдзень, адціснуўшы кхмераў ад мяжы, в'етнамцы адступілі, забраўшы з сабою тысячы ваеннапалонных. З імі адправілася нямала грамадзянскіх асоб, якім прапанавалі прытулак у В'етнаме. Радыёстанцыя «Пнампень» абвясціла гэтае адступленне в’етнамцаў «гістарычнай перамогай народа Кампучыі».
Пры гэтым, чырвоныя кхмеры ні на дзень не спынялі рэпрэсіі ўнутры краіны. Рэпрэсіўны апарат рэжыму не мог запаволіць сваю працу ці змяніць яе кірунак нават з-за пачатку вайны. У асноўным пад каток рэпрэсій трапілі вайскоўцы, якія, па меркаванні Пол Пота, недастаткова самаахвярна змагаліся з в'етнамцамі. Гэтая чыстка нагадвала рэпрэсіі, якія пранесліся па савецкім войску ў 1930-х.
Фатальная вайна
Гэтым адыходам в'етнамцы толькі яшчэ больш распалілі ваяўнічы пыл чырвоных кхмераў. У студзені і лютым 1978 года іх вайсковыя падраздзяленні неаднаразова ўрываліся ў слаба абароненыя раёны В'етнама, гвалтавалі і забівалі мясцовых сялян, падпальвалі дамы і рабавалі жыхароў. Найбуйнейшая трагедыя адбылася ў красавіку 1978 года ў памежнай вёсцы Бацюк, правінцыя Анзянг (поўдзень В'етнама), у выніку нападу чырвоных кхмераў былі забіты 3157 жыхароў вёскі. Чырвоныя кхмеры не шкадавалі ні старых, ні малых. Людзей забівалі самымі жудаснымі спосабамі. Так, у адной з захопленых вёсак былі знойдзены целы жанчын з успоратымі жыватамі. Побач быў пакінуты надпіс «гэта наша зямля».
Таксама яны перыядычна абстрэльвалі з артылерыйскіх гармат памежную зону в'етнамцаў, намагаючыся такім чынам знішчыць інфраструктуру гэтых тэрыторый.
Увесь гэты гвалт падаваўся кампучыйскай прапагандай як вызваленчая вайна, канчатковай мэтай якой ёсць вызваленне саміх в'етнамцаў. Выступаючы па радыё, Пол Пот казаў: «Яшчэ пры сваім жыцці я спадзяюся вызваліць Сайгон».
Зразумеўшы, што з варварскім рэжымам чырвоных кхмераў ніякія кампрамісы немагчымы, в'етнамцы пачалі рыхтавацца да вялікай вайны. Таксама яны пачалі навучаць вайсковай справе тысячы камбаджыйцаў, якія знаходзіліся ў В'етнаме. Іх рыхтавалі для ўдзелу ў ваенных аперацыях і для таго, каб яны склалі ядро будучай новай улады ў Камбоджы. З іх быў утвораны «Аб'яднаны фронт нацыянальнага выратавання Кампучыі» (FUNSK).
25 снежня в'етнамская армія пачала масіраванае наступленне на Камбоджу. У ім было задзейнічана чатырнаццаць дывізій — каля 100 000 салдат. Добра навучаныя і цяжка ўзброеныя в'етнамцы ўкліньваліся ў Камбоджу, адрэзаўшы адзін ад аднаго кінутыя супраць іх падраздзяленні. Наступ пяхоты падтрымлівалася верталётамі, самалётамі з нерухомым крылом і цяжкай артылерыяй. Камбаджыйскія войскі неслі велізарныя страты. Іх камандзіры спрабавалі спыніць наступ ворага, задавіўшы таго наўпрост жывой сілай, але в'етнамцы лёгка іх абыходзілі і абстрэльвалі са ўсіх бакоў.
Трэба разумець, што вялікая частка арміі чырвоных кхмераў складалася са звычайных падлеткаў. Іх было дастаткова для гвалту над мірнымі жыхарамі в'етнамскіх вёсак, але аказалася зусім недастаткова для вядзення сапраўднай вайны.
Увесь гэты час Пол Пот спрабаваў рабіць «добрую міну пры дрэннай гульні». 29 снежня ён сустракаў марксісцка-ленінскую дэлегацыю з Канады. У трохгадзінным інтэрв'ю ён паведаміў канадскім дэлегатам, што в'етнамцам пагражае «непазбежнае паражэнне». Ён паабяцаў «разабрацца» з в'етнамскімі войскамі ў бліжэйшыя два месяцы.
Але рэальнасць складалася зусім па-іншаму. Наступ в'етнамцаў быў імклівы. 1 студзеня 1979 года артылерыйскую кананаду можна было пачуць ужо ў Пнампені. 6 студзеня надышоў час для эвакуацыі некалькіх міністэрстваў, астатнім было загадана пакінуць сталіцу на наступны дзень. У восем гадзін раніцы 7 студзеня сотні ніжэйшых чыноў пагрузілі ў цягнік. Адзін з іх пасля так апісаў свае ўспаміны: «Са шпіталяў прынеслі параненых салдат, і ўсе, хто мог забрацца ў вагоны, стоўпіліся вакол. Каля дзевяці гадзін раніцы, неўзабаве пасля адпраўлення цягніка, мы ўбачылі два верталёты, якія выляталі з Пнампеня ў тым жа напрамку, што ехалі мы. Я назіраў за імі, пакуль яны не зніклі за гарызонтам».
Верталёты вывозілі Пол Пота і яго бліжэйшых паплечнікаў. Гэта былі ганебныя ўцёкі чалавека, які яшчэ некалькі месяцаў таму збіраўся браць Сайгон.
Падчас наступу в'етнамцаў камбаджыйскія камуністы ў вялікай спешцы пакідалі свае працоўныя месцы, каб далучыцца да адступаючых калон або знайсці месца, дзе можна было б пачаць новае жыццё, схаваўшы сваю былую біяграфію. Тых, хто не паспеў з'ехаць, нярэдка забівалі раз'юшаныя мясцовыя жыхары, якія помсцілі за гады гвалту і страху. Неўзабаве сотні тысячаў людзей апанавалі дарогі, каб сустрэць падыходзячыя в'етнамскія войскі. Як узгадвалі пасля в'етнамскія салдаты, многія з камбаджыйцаў сустракалі іх з радасцю як вызваліцеляў. 7 студзеня 1979 года аб'яднаныя в'етнамскія сілы і сілы FUNSK узялі Пнампень і падарылі кампучыйцам надзею на канец гэтага кашмару.
Завочны суд
15 ліпеня 1979 года ў Пнампені быў арганізаваны Народна-рэвалюцыйны трыбунал для разгляду злачынстваў генацыду, учыненых лідарамі чырвоных кхмераў. Праз месяц, 19 жніўня, Народна-рэвалюцыйны трыбунал прызнаў Пол Пота і яго бліжэйшае асяроддзе вінаватымі ў генацыдзе і завочна прыгаварыў іх да смяротнага пакарання.
Новая ўлада ў кароткія тэрміны ліквідавала ўсе тыя жахі, якія адрознівалі Дэмакратычную Кампучыю. Да сярэдзіны 1979 года зноў былі адчынены рынкі, школы, бальніцы, дазволена свабода перамяшчэння і на сямейнае вядзенне сельскай гаспадаркі. У 1980 годзе было зноў уведзена грашовае абарачэнне і адноўлены будызм, хоць у манахі зараз дазвалялася прымаць толькі людзей, старэйшых за пяцьдзясят гадоў. У Камбоджы заахвочваліся палітычны плюралізм і свабода самавыяўлення.
За час кіравання чырвоных кхмераў па розных ацэнках было знішчана ад 800 тысяч да 3 млн 370 тысяч чалавек з 8 млн. насельніцтва Камбоджы. Гледзячы па ўсім, такі ж лёс чакаў і народ В'етнама. Але вось толькі в'етнамцы ў гэтай сітуацыі вырашылі па-іншаму.
Рэшткі чырвоных кхмераў сышлі ў джунглі Камбоджы і яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў тэрарызавалі вясковае насельніцтва некалькіх раёнаў краіны. Але наўрад ці менавіта пра гэта марыў чалавек, які збіраўся стварыць вялікую імперыю ад Кітая да Індыі.