Закон пра замежных агентаў у Грузіі. Ці закране ён беларусаў?

У Грузіі гучна спрачаюцца вакол новага закона пра «замежных агентаў». Ці закране ён беларусаў, якія пасля пратэстаў 2020 года з'ехалі ў гэту краіну?

img_20210722_161356_logo.jpg

У Грузіі прасоўваюць аналагічны расійскаму «закон аб замежных агентах», паводле якога ўсе няўрадавыя арганізацыі і медыя, што фінансуюцца з-за мяжы, лічацца «агентамі замежнага ўплыву» і павінны быць зарэгістраваны ў спецыяльным рэестры. Парушэнне ж гэтага патрабавання пагражае немалымі штрафамі і нават турэмным зняволеннем да пяці гадоў.

Калі быць дакладным, варыянтаў закона нават два: «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» і «Аб рэгістрацыі замежных агентаў», прычым другі датычыцца як юрыдычных, так і фізічных асоб.

Праўладны рух «Сіла народа» робіць упор на большую празрыстасць крыніц фінансавання з-за мяжы і сцвярджае, што за ўзор узяты практыкі дэмакратычных краін, у прыватнасці, ЗША. Урадавая партыя «Грузінская мара» ўжо абвясціла, што падтрымае абодва законы. Аднак за апошнія тыдні адбыўся і шэраг акцый пратэсту грамадскіх актывістаў, пасля ўчорашніх сутычак у Тбілісі ёсць затрыманыя.

Што адметна, супраць закону выступаюць не толькі апазіцыя, медыя, НДА і праваабаронцы, якія кажуць пра «дыскрэдытацыю грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ» і «набліжэнне да расійскай рэпрэсіўнай палітычнай культуры», але таксама палітыкі, якія яшчэ нядаўна былі ва ўладзе, і нават прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі. Лідарка краіны заяўляе, што падобнае рашэнне «адлучыць Грузію ад Еўропы», і плануе накласці на яго вета. Сур’ёзную занепакоенасць выказалі ў ЗША і Еўрасаюзе.


Даведка

Закон FARA (Foreign Agents Registration Act), на які спасылаюцца грузінскія парламентарыі, быў прыняты ў ЗША яшчэ ў 1938 годзе, перад Другой сусветнай вайной, і меў на мэце абараніць насельніцтва ад уплыву нацысцкай прапаганды.

Яго не раз перапрацоўвалі, зрушыўшы фокус з прапаганды на палітычнае лабіраванне. Пры гэтым урад абавязаны пацвердзіць «іншаагенцтва» і тое, што арганізацыя альбо асоба не толькі цалкам ці збольшага фінансаваліся, але і дзейнічалі «па загадзе, просьбе, пад кіраўніцтвам ці кантролем замежнага кіраўніка».

У РФ закон аб іншаагентах быў упершыню прыняты ў 2012 годзе. Цягам дзесяці гадоў сфера яго прымянення істотна пашырылася і закранула не толькі палітычныя арганізацыі, але і медыя, фізічных асоб — блогераў і журналістаў, а потым усіх асоб і арганізацыі, якія нібыта патрапілі пад уплыў замежнай дзяржавы (прычым доказаў гэтага ўплыву не патрабуецца).

Пасля пачатку вайны ва Украіне пераслед і маркіраванне «замежнымі агентамі», то-бок «шпіёнамі», распаўсюдзіўся фактычна на ўсіх крытыкаў дзеючай улады.

Аналагічны закон у 2017 годзе прынялі ў Венгрыі, але ён быў прызнаны міжнароднай супольнасцю «несумяшчальным са стандартамі ЕС».

У той ці іншай ступені замежнае фінансаванне няўрадавых арганізацый адсочваюць таксама ў Ізраілі і Аўстраліі.

Ці мае насамрэч гэта ініцыятыва дачыненне да дэмакратыі альбо пазбавіць Грузію шанца на еўрапейскую інтэграцыю? І ці можа закон негатыўна адбіцца на беларусах, якія эмігравалі ў Грузію пасля 2020-га? Гэтыя пытанні «Филин» абмеркаваў з палітолагам Анатолем Котавым.


— Беларускія ўлады ў змаганні з НДА і незалежнымі медыя вырашылі сітуацыю больш радыкальна: за пару год «зачысцілі» грамадзянскую супольнасць і ліквідавалі амаль усе недзяржаўныя структуры. У параўнанні з гэтым грузінскі (ці, мабыць, больш правільна казаць, прарасійскі) варыянт выглядае больш мяккім ці толькі больш расцягнутым па часе — гэткае адсяканне хваста сабаку па частках?

— Цяжка адразу сказаць, якімі будуць наступствы прыняцця гэтага закона. Бо насамрэч падобныя законы ёсць шмат у якіх краінах, у тым ліку і дэмакратычных, і перадусім у ЗША.

Але ў гэтых краінах законы з’яўляюцца інструментам, які, у адрозненне ад Расіі, не мае відавочнай палітычнай афарбоўкі. І тое, што цяпер у Грузіі закон прасоўваецца менавіта праўладнымі коламі, якія хоць і крыўдзяцца, але ўсё ж з’яўляюцца больш прарасійскімі сіламі, можа сведчыць аб тым, што, на жаль, закон будзе выкарыстоўвацца няроўна да ўсіх «замежных агентаў».

Можна прагназаваць, што такі механізм будуць выкарыстоўваць найперш супраць апанентаў улады, супраць тых, хто мае фінансаванне з Захаду, і заплюшчваць вочы на тых, хто атрымлівае дапамогу ці наўпрост звязаны з расійскімі або прарасійскімі структурамі.

І ў гэтым, на мой погляд, самая галоўная небяспека. Не ў тым, што сам па сабе закон прымаецца, а ў практыцы яго прымянення — ёсць падставы меркаваць, што яна складзецца не самым лепшым чынам для дэмакратыі ў Грузіі.

— Да чаго можа прывесці прыняцце гэтага закона на міжнароднай арэне? Цяпер у Грузіі, акрамя дзяржаўных сцягоў, вельмі шмат сцягоў ЕС, і многія чакаюць еўраінтэграцыі. Ці можа краіна, абмежаваўшы працу медыя і грамадскіх арганізацый, пазбавіцца шанца атрымаць статус краіны-кандыдата ў Еўрасаюз?

— Мяркую, сам закон не пазбавіць гэтага, а вось практыка — можа. Грузія ўжо сутыкнулася з сітуацыяй, калі кандыдацкі статус ёй не быў нададзены адначасова з Украінай і Малдовай. Адбылося тое перадусім праз пазіцыю Грузіі адносна вайны ва Украіне, нейкіх унутраных крокаў, якія акрэсліваюцца як прарасійскія.

І калі прымяненне закона будзе ствараць перавагу для тых медыя, арганізацый і асоб, якія з’яўляюцца носьбітамі прарасійскіх наратываў, гэта насамрэч будзе не на карысць еўрапейскім перспектывам Грузіі. Прынамсі, пакуль не зменіцца ўлада, не памяняецца склад парламента (наступныя парламенцкія выбары ў краіне адбудуцца ў 2024 годзе — Рэд.).


Іншая справа, зазначае палітолаг, што пасля магчымых змен на выбарах «тая самая зброя можа быць выкарыстана і ў іншы бок».

— Таму грузінскаму ўраду варта думаць наперад, што адбудзецца ў выпадку, калі гэтыя людзі страцяць уладу. А такі варыянт цалкам магчымы, менавіта таму, што грузіны маюць пэўнае расчараванне ва ўладах з-за іх прарасійскага шляху.

— Хоць мы бачым, як аналагічныя рэчы ва Украіне дазваляюць пазбаўляць інфапрастору ад варожых наратываў і не перашкаджаюць еўрапейскім перспектывам. Бо гэтая зброя выкарыстоўваецца супраць сапраўдных ворагаў украінскай дзяржавы і набліжае Украіну да Еўропы, а не наадварот.

Аднак сітуацыя ў Грузіі складваецца такім чынам, што гэты інструмент можа быць выкарыстаны для ўмацавання пазіцый Расіі.

— Другая версія «закона аб замежных агентах» закранае і фізічных асоб. Як гэта можа адбіцца на беларусах, якія вымушана з’ехалі ў Грузію пасля 2020-га і сярод якіх нямала грамадскіх актывістаў і медыйшчыкаў — атрымліваецца, яны могуць апынуцца пад рызыкай новага пераследу?

— На жаль, нельга выключаць і такой небяспекі. Бо любы рэестр можа быць выкарыстаны не на карысць тых, хто збягае ад пераследу.

Паводле gazetaby.com