Грузінскія ўлады паведамілі, колькі расійцаў з'ехалі ў іх краіну пасля пачатку мабілізацыі
Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі каля 700 тысяч грамадзян гэтай краіны з'ехалі ў Грузію. Пра гэта ў эфіры радыёстанцыі France Inter заявіла прэзідэнт рэспублікі Саламэ Зурабішвілі.
Па словах палітыка, з іх 600 тысяч чалавек перабраліся ў суседнія краіны ці Еўропу, а 100 тысяч засталіся ў Грузіі.
Насельніцтва Грузіі складае каля 3,7 мільёна чалавек.
Грузія — адзін з самых папулярных кірункаў сярод расійцаў, якія жадаюць пазбегнуць мабілізацыі. Для ўезду ў краіну не патрэбная віза. Акрамя таго, расійцы могуць знаходзіцца ў гэтай краіне цэлы год.
Таксама, паводле слоў Зурабішвілі, у краіне знаходзіліся каля 30 тысяч украінскіх бежанцаў. Частка з іх вярнулася, «калі ў Кіеве ўсё супакоілася», — заявіла яна.
Нагадаем, кіраўніцтва Грузіі не выключае, што візавы рэжым для грамадзян Расіі могуць усё ж увесці. Адметна, што грузінам, каб трапіць у РФ, віза і цяпер патрэбная.
Рашэнне пра ўвядзенне віз павінен прыняць грузінскі ўрад. Пра гэта заявіла прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі, піша РИА «Новости».
Яна падкрэсліла, што ўлады краіны ўжываюць усе механізмы кантролю, каб не было ніякай небяспекі для мясцовых жыхароў. «Сярод эмігрантаў былыя грамадзяне Грузіі, якія прыехалі ў Грузію праз сітуацыю ў Расіі. Але ёсць і грамадзяне Расіі, якія прыязджаюць у Грузію па розных прычынах. Тут галоўнае, каб грамадскасць была ўпэўнена ў тым, што выкарыстоўваюцца ўсе механізмы кантролю, каб не ўзнікла небяспека, …каб усе магчымыя пагрозы і пытанні рэальна разглядаліся ўладамі і прымаліся ўсе меры», —дадала Зурабішвілі.
«Грамадзяне РФ, якія трапілі ў Грузію — гэта правакацыя, не магу сказаць, што гэта небяспека, але гэта відавочна выклік. Магчыма, трэба будзе казаць і аб візах для грамадзян РФ», — сказала Зурабішвілі.Такі ж бязвізавы рэжым існуе ў Грузіі і з Беларуссю. Нядаўна пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію ў Грузіі загаварылі таксама і пра разрыў дыпламатычных адносін і з Беларуссю.