Ці могуць улады зноў адключыць інтэрнэт у Беларусі?
Ці магчыма паўтарэнне сітуацыі 2020 года, калі Беларусь на некалькі дзён засталася без інтэрнэту?
Улады Беларусі выкарыстоўваюць інтэрнэт-цэнзуру, каб абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі. Адзін з самых небяспечных відаў цэнзуры — адключэнне інтэрнэту, што здарылася ў 2020 годзе. «Нямецкая хваля» высвятляе, ці можа здарыцца такое зноў.
Цэнзура — улюбёны інструмент дыктатарскіх рэжымаў. Беларусь — не выключэнне. Дзясяткі заблакіраваных сайтаў, адключэнні інтэрнэту ў 2020 годзе, прызнанне незалежных медыя-рэсурсаў «экстрэмісцкімі». Наколькі эфектыўна працуе інтэрнэт-цэнзура ў Беларусі і чаго можна чакаць у будучыні?
Цягам апошніх трох гадоў беларускія ўлады спрабуюць па-рознаму абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі: з дапамогай тэхнічных сродкаў і выпускаючы новыя пастановы, накіраваныя на ўскладненне працы незалежных рэдакцый.
«За апошнія тры гады мы пабачылі разнастайныя інструменты цэнзуры, і, нягледзячы на тое, што кожны з гэтых інструментаў паасобку можа выглядаць дастаткова тапорным і можа быць не такім эфектыўным, у сукупнасці гэта вельмі моцна паўплывала на інфармацыйную прастору ў Беларусі», — кажа эксперт праваабарончай арганізацыі «Human Constanta», які пажадаў застацца ананімным.
Беларускім СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці давялося значным чынам перагледзець сваю працу і дапасаваць яе да новых абставін. Гэта ж тычыцца і спажывальнікаў незалежнай інфармацыі.
Блакіраванне сайтаў — самы просты і даўні від інтэрнэт-цэнзуры
Некаторыя метады цэнзуры зусім не новыя. Самы просты з іх, які выкарыстоўваецца ў Беларусі не першы год — гэта блакіраванне сайтаў. Менавіта з 2020 года колькасць «палітычных» блакіраванняў сайтаў значна павялічылася. Паводле даных «Human Constanta», што рэгулярна маніторыць працу інтэрнэта ў Беларусі, цяпер у Беларусі каля 19% усіх блакіраванняў адбываецца па палітычных матывах. Абысці гэтае абмежаванне проста — дастаткова ўсталяваць VPN. Аднак, як адзначае экперт «Human Constanta», не ўсе гэта робяць: «Досыць шмат людзей, якім камп’ютарная пісьменнасць (яе ўзровень) не дазваляе так проста ўзяць і карыстацца гэтым інструментам». Таму нават пры простым абыходзе гэты метад усё адно дасягае пэўных мэт — незалежныя СМІ згубілі частку сваёй аўдыторыі.
«У Еўропе такіх выпадкаў адключэння інтэрнэту не было»
У 2020 годзе незалежным СМІ давялося яшчэ большую стаўку зрабіць на Telegram, Facebook, Youtube і іншыя платформы. Больш за ўсё не даваў уладзе спакою менавіта Telegram. Цалкам блакіраваць такія платформы дзяржаве нявыгадна, бо там знаходзяцца і дзяржаўныя каналы распаўсюджання інфармацыі. Але, каб абмежаваць распаўсюджанне незалежнай інфармацыі падчас выбараў, улады пайшлі на рашучы крок — з 9 па 12 жніўня 2020 года ў Беларусі цалкам адключылі інтэрнэт. Гэта быў новы метад інтэрнэт-цэнзуры не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы. Як адзначае «Human Constanta», «у Еўропе такіх выпадкаў адключэння інтэрнэту і такой масавай фільтрацыі, якая прывяла ў выніку да адключэння ад знешняга інтэрнэту, не было». Адзінкавыя сэрвісы маглі абыходзіць гэтую фільтрацыю, але большасць інфармацыі была недасяжнай.
На думку эксперта, такі шатдаўн не быў зроблены наўмысна, але «праз недасканаласць абсталявання ці недастатковую падрыхтаванасць, ці недахоп прафесійнага падыходу атрымалася нешта накшталт бутэлечнага рыльца, калі замежны інтэрнэт-трафік фільтраваўся на абсталяванні двух дзяржаўных правайдараў — «Белтэлекама» і Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам — і проста не паспяваў праходзіць».
З такой думкай пагаджаецца і эксперт у інтэрнэт-бяспецы Аляксей Чарняеў: «Я падазраю, што быў дадзены загад: глушыце ўсё, абы перастала працаваць».
Абсталяванне, з дапамогай якога было магчыма адключэнне інтэрнэту, беларускія ўлады закупілі ў амерыканскай фірмы «Sandvine», якая пасля скандалу адклікала ліцэнзію. Аднак, як адзначаюць эксперты, абсталяванне па-ранейшаму працуе, і яго можна выкарыстоўваць для блакіраванняў. Таксама яго можна набыць у Кітаі або скарыстацца з шэрых паставак. У любым выпадку абодва эксперты паўтарэння такога сцэнару з адключэннем інтэрнэту ў Беларусі не выключаюць.
«Адрэзаць ад інфармацыі ўнутры краіны»
У дадатак да гэтага ў Беларусі яшчэ да выбараў упершыню пачалі адключаць мабільны інтэрнэт. Гэта былі кропкавыя адключэнні, якія здараліся ў месцах масавага збору людзей. «Гэта пацверджаная практыка, калі па званку ці па пісьмовым звароце аператары выключалі інтэрнэт на базавых станцыях у пэўнай мясцовасці», — кажа эксперт «Human Constanta». Такія адключэнні працягваліся да снежня 2020 года, пакуль у Мінску па выходных праходзілі акцыі пратэсту. Выключаць магчымасць іх паўтарэння таксама нельга. Калі будзе патрэба, улады могуць такім чынам адключаць ад мабільнага інтэрнэту цэлыя раёны.
«Яшчэ адзін інструмент інтэрнэт-цэнзуры — гэта прызнанне незалежных медыя-рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» або «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Супраца з такімі СМІ, падпіска або інтэрв’ю ім разглядаецца як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, за гэта пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Такім чынам улады спрабуюць незалежныя СМІ «адрэзаць ад інфармацыі ўнутры краіны, каб ім ніхто гэтай інфармацыі не даваў», — адзначае эксперт «Human Constanta».
Свая цэнзура лепшая за чужую?
Паводле экспертаў, адключэнне інтэрнэту ў 2020 годзе прынесла Беларусі нямала эканамічных страт. Для дыктатарскіх рэжымаў найбольш выгадная і эфектыўная — таксама і з эканамічнага гледзішча — кітайская мадэль суверэннага інтэрнэту, калі пэўныя заходнія сэрвісы замяняюцца ўласнымі.
«Яны паступова адвучылі карыстальнікаў ад некітайскіх сэрвісаў, — распавядае Аляксей Чарняеў. — Калі ты карыстаешся некітайскім сэрвісам, у любы момант ён можа быць заблакіраваны. Можа быць, не татальна, а на нейкія дні, але ў кожным разе гэта стварае дыскамфорт яго карыстальнікам, у выніку выцясняе карыстальнікаў на мясцовыя сайты і сэрвісы».
Распрацоўкі такой сістэмы пад назвай «технические средства противодействия угрозам» (ТСПУ) ужо не першы год вядуцца ў суседняй з Беларуссю Расіі. Такая сістэма дазваляе мець унутры краіны ўсе неабходныя сэрвісы, якія будуць працаваць і пры адключэнні ад знешняй сувязі. «З улікам настрою насельніцтва яны могуць дазволіць сабе перакрываць ці звужаць каналы злучэння з вонкавым інтэрнэтам, не правакуючы сацыяльных рэакцый», — адзначае Аляксей Чарняеў. Паводле інфармацыі «Human Constanta», паўнавартасна гэтая сістэма ў Расіі пакуль яшчэ не працуе, хаця тэставанні і падрыхтоўка праводзяцца.
У Беларусі сродкаў на такую ўласную сістэму няма, але тэарэтычна краіну можна падлучыць да расійскай сістэмы і адключыць ад заходніх сэрвісаў. Ці верагодны такі сцэнар? «У гэтым выпадку Беларусь перастане цалкам кантраляваць інфармацыйную прастору, таму што і абсталяванне, і кіраванне ім і праграмнай часткай будзе знаходзіцца ў Расіі, і адпаведна там могуць выключаць і падключаць любыя беларускія сэрвісы, крыніцы інфармацыі, — адзначае эксперт «Human Constanta». — Нават для лукашэнкаўскіх медыя Google, Youtube, Telegram або іншыя платформы выглядаюць больш свабоднымі ад кантролю, чым расійскія сэрвісы».
Тое, што Лукашэнку важна мець уласную цэнзуру, а не чужую, сцвярджае і Аляксей Чарняеў. Аднак, на яго думку, усё будзе залежаць ад палітычнага развіцця падзей, і выключаць такі сцэнар немагчыма.
«Беларусы здольны хутка вучыцца»
Што ж рабіць беларусам у выпадку адключэння інтэрнэту або падлучэння Беларусі да расійскай сістэмы? Паводле рэкамендацыі «Human Constanta», кожнаму карыстальніку інтэрнэта ў Беларусі варта ўсталяваць на тэлефон і камп’ютар VPN. Прычым не адзін, а некалькі, бо ў сітуацыі з фільтрацыяй інтэрнэту некаторыя з іх могуць не працаваць. Таксама варта карыстацца рознымі мэсэнджарамі — на выпадак, калі нейкі з іх перастане працаваць — і запампаваць сабе на тэлефон мэсэнджары, якія працуюць і пры адключаным інтэрнэце. Сродкі абыходу цэнзуры ёсць нават у Кітаі. «А беларусы здольны хутка вучыцца», — падкрэслівае эксперт «Human Constanta».