Праваабаронцы звярнуліся ў ААН з нагоды намеру рэжыму сачыць за беларусамі ў інтэрнэце

Беларускі Хельсінскі камітэт, «Human Constanta» і міжнародная няўрадавая арганізацыя «Access Now» звярнуліся да шэрагу прадстаўнікоў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў з нагоды ўказу Лукашэнкі № 368, які, пішуць яны, выводзіць сачэнне на беспрэцэдэнтны ўзровень.

kamery1.jpg

Праваабаронцы звярнуліся да Працоўнай групы ААН у бізнесе і правах чалавека, да спецыяльных дакладчыкаў па праве на абарону прыватнага жыцця, па свабодзе выказвання меркаванняў і па Беларусі.

У Беларусі, пішуць праваабаронцы, сачэнне праз тэлекамунікацыйныя паслугі і праслухоўванне тэлефанаванняў шырока распаўсюджаныя як мінімум з 2010 года, але новы ўказ Аляксандра Лукашэнкі «інстытуцыяналізуе сачэнне і выводзіць яго на беспрэцэдэнтны ўзровень»: абавязвае інтэрнэт-сэрвісы даваць сілавікам наўпроставы доступ да звестак кліентаў.

Гэты ўказ тычыцца сэрвісаў электроннай пошты, мэсэнджараў, онлайн-крамаў, службаў таксі і каршэрынгу, дае сілавікам неабмежаваны доступ да звестак, які нават нельга аспрэчыць у судзе.

Праваабаронцы лічаць, што ўказ парушае права на свабоду ад адвольнага ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё (артыкул 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных свабодах) і на свабоду выражэння меркаванняў (артыкул 19 гэтага ж пакту), прыцягвае да парушэння правоў чалавека беларускія IT-кампаніі і пастаўнікаў онлайн-паслугаў (што супярэчыць Кіроўным прынцыпам ААН у бізнесе і правам чалавека 2011 года).

Працоўную групу ААН у бізнесе і правах чалавека просяць звярнуцца:

у «БелДІЭ» (дзяржаўны аператар сістэмы сачэння) і акцэнтаваць увагу на тое, што выкананне ўказу пацягне да масавых парушэнняў правоў чалавека;

у Міжнародны звяз электрасувязі з патрабаваннем ціснуць на ягоных партнёраў – Міністэрства сувязі Беларусі і дзяржаўнага правайдара «Белтэлекам», паведаміць «Белтэлекаму» аб непрымальнасці ўказу;

да бізнесу, які працуе ў Беларусі ці з Беларуссю з заклікам да «належнай абачлівасці» ў галіне правоў чалавека і да празрыстасці адносна выканання патрабаванняў уладаў Беларусі.

Праваабаронцы просяць кампаніі:

устрымацца ад выканання патрабаванняў беларускіх уладаў, якія супярэчаць стандартам у галіне правоў чалавека;

не захоўваць звесткі на беларускіх серверах, улічваючы незаконнае ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё з боку беларускіх уладаў;

захоўваць інфармацыю пра запыты беларускіх уладаў і ўключаць яе з звесткі аб празрыстасці.

Самі праваабаронцы звярнуліся да Міжнароднага саюзу электрасувязі з такімі ж патрабаваннямі, а таксама з патрабаваннем спыніць любую супрацу або фінансаванне «БелДІЭ» і «Белтэлекаму».

Паводле БАЖ).