ПВК «Родан». Лячыць трэба дарослых, з якіх дзеці бяруць прыклад

Што прымусіла дарослых у 2023 годзе спалохацца японскага мультфільма, які выйшаў на экраны ў далёкім 1998-м, і звярнуць увагу на эмацыянальных падлеткаў? Мар’яна Ліс у блогу на «Штодні» разважае пра феномен ПВК «Родан». Абрэвіятура ПВК (прыватная ваенная кампанія) да яго ўзнікла зусім нядаўна як даніна сённяшняй модзе.

Ілюстрацыя з сайта virtualbrest.ru

Ілюстрацыя з сайта virtualbrest.ru


На працягу многіх гадоў аматары анімэ-серыяла «Hunter x Hunter» пераймалі стыль адзення любімых герояў: клятчастыя штаны і чорныя байкі з выявай павука. Менавіта так апраналіся чальцы бандыцкай групоўкі «Генэй Родан» з мультфільма. Займаліся яны тым, што ў фантастычным свеце выконвалі небяспечныя заданні: шукалі скарбы і атрэфакты, палявалі на злачынцаў і імкнуліся разбагацець. Усяго ў бандзе налічвалася 13 чалавек, кожны з якіх насіў свой парадкавы нумар. Расійскія школьнікі абралі лічбу 4 невыпадкова — паводле японскіх вераванняў, гэта аналаг нашай лічбы 13, чортавага тузіна, якая прыцягвае непрыемнасці.

Гадамі нецікавая нікому субкультура выбухнула ў рэаліях сучаснай Расіі — у атмасферы нецярпімасці, гвалту, несправядлівасці і роспачы.

У гэтых умовах падобныя моладзевыя групоўкі, якія робяць стаўку на гвалт, будуць узнікаць раз за разам. Пройдзе мода на гэту — з’явіцца такая ж, але ў іншай упакоўцы. Паўсюдная нянавісць дарослых і прымусовы патрыятызм, як спружына, зноў сціснуцца і выдадуць такую ж хвалю агрэсіўнага нігілізму.

Перш за ўсё, праблема ў асяроддзі, якое генерыруе і ўзнаўляе адзін і той жа сюжэт — дамагчыся павагі можна толькі праз гвалт. Прычым з кожным новым крокам узровень гвалту павінен станавіцца ўсё вышэйшым, бо папярэдняя спроба правалілася. Мы ведаем, што ў падлеткавым узросце ўсе пачуцці на максімуме — і любоў, і страх, і злосць, і захапленне, і смутак — мы самі былі такімі. Дарослым няма часу займацца дзецьмі, бо адны ваююць у акопах, а іншыя — на канапах. Немагчыма прадказаць, дзе накопленая грамадствам агрэсія выбухне ў наступны раз і атрымае папулярнасць. Змагацца з праяўленнямі такой агрэсіі — як лячыць дыярэю пластырам. Лячыць патрэбна дарослых, з якіх дзеці бяруць прыклад.

Гісторыя з «Родан» — эталонны ўзор таго, як старыя не разумеюць ні маладых, ні інтэрнэт, ні сучасны свет. Прыхільнікі анімэ падаліся сілавікам больш небяспечнымі, чым скінхэды і гопнікі.

А цяпер успомнім пра школьных псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, якія маюць адпаведныя дыпломы. Цікава, чым яны займаюцца ў школах? Хоць раз ці быў які рэспубліканскі з’езд тых псіхолагаў, каб узняць пытанні пра эмацыйны стан дзяцей за апошнія гады? Пытанне рытарычнае.


Ва Украіне сцвярджаюць, што гэтая так званая ПВК — выхадкі расійскіх агентаў, але расійскія ўлады таксама хапаюцца за галаву і кідаюць за краты ўсіх, хто так ці інакш нагадвае небяспечных роданятаў (гэтаксама пераследвалі ў свой час стыляг і хіпі).

Тое, што расійскія паблікі «Родана» з’яўляюцца ў нашай беларускай інфапрасторы, мяне ні кроплі не здзіўляе. У нашых дзяцей ёсць іншая інфапрастора? Адкуль яна возьмецца? Хто дазволіць яе стварыць? Нізкі паклон тым бацькам, хто хаця б чытае дзецям беларускія казкі.

«Вось праз такіх аматараў пабіцца да нас кепска ставяцца, –– у адказ на мае роспыты прыкусіла вусны трынаццацігадовая пляменніца, вялікая аматарка анімэ. — У каго мазгоў няма, той і так гэта пакажа, без дурацкіх флэшмобаў! Ненавіджу вас усіх!». Потым усхліпнула, зарылася тварам у падушку і зарыдала, як гэта робяць надзвычай чуллівыя гераіні анімэ, якія пасля слёз сціскаюць кулакі і ляцяць крышыць выдуманых монстраў…