373-і дзень вайны ва Украіне. Ці перамесцяцца баі да межаў РФ?
Расія восенню мабілізавала не 300 тысяч вайскоўцаў, як заяўлялася афіцыйна, а больш за паўмільёна
Журналісты прааналізавалі колькасць шлюбаў, якія расійскія мабілізаваныя заключалі па паскоранай працэдуры роспісу. Паводле гэтых звестак, колькасць мабілізаваных складае не менш за 520 тысяч чалавек, паведамляе апазіцыйнае расійскае выданне «Медыязона».
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі (у вялікай Навасёлцы), яшчэ пяцёра атрымалі раненні. У вёсцы Падолы Купянскага раёна Харкаўскай вобласці загінуў адзін чалавек. У Херсонскай вобласці адзін чалавек загінуў, 17 атрымалі раненні, паведамляе АВА.
Ліквідацыя наступстваў ракетнага ўдару па жылым доме ў Запарожжы працягваецца ўжо больш за суткі, па стане на 7:00 ратавальнікі дэблакавалі целы яшчэ двух загінулых жыхароў дома, паведамілі ў ДСНС.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 3 сакавіка — асабовага складу каля 151 370 (+765 за мінулыя суткі) чалавек.
За мінулыя суткі на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках сілы абароны Украіны адбілі больш за 85 нападаў расіян, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
Заснавальнік ПВК «Вагнера» Яўген Прыгожын заявіў, што Бахмут «практычна акружаны». Пра гэта ён сказаў у відэазвароце, адрасаваным прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Запіс распаўсюдзіла прэс-служба Прыгожына.
«Падраздзяленні ПВК «Вагнер» практычна цалкам акружылі Бахмут, засталася адна дарога», — заявіў Прыгожын. Ён сцвярджае, што за горад працягваюць змагацца не прафесійнае войска, а «старыя і дзеці», і заклікаў Зяленскага даць украінскім сілам магчымасць пакінуць Бахмут.
Расіяне ў баях за Бахмут страчваюць у сем разоў больш вайскоўцаў, чым сілы абароны Украіны, заявіў сакратар украмінскага РНБА Аляксей Данілаў: «Так, там складана і цяжка, але майце на ўвазе, што нашы хлопцы і дзяўчаты кожны дзень іх там сотнямі адпраўляюць туды, куды яны павінны адпраўляцца, з улікам таго, што яны сюды ўварваліся нас забіваць. Цяпер мы іх забіваем».
У Херсоне знайшлі блізу 20 катавальняў, дзе расійскія войскі трымалі жыхароў часова захопленага горада. Сістэма гэтых турмаў фінансавалася з Расіі на дзяржаўным узроўні. Пра гэта распавёў брытанскі адвакат Уэйн Джордаш, які ўзначальвае групу юрыстаў Mobile Justice Team. Гэта група дапамагае ўкраінскім уладам расследаваць злачынствы расіян у Херсоне. Са слоў Джордаша, за адны турмы адказвалі вайскоўцы Расіі, за іншыя — ФСБ. Таксама ва ўпраўленні катавальнямі бралі ўдзел цывільныя асобы — як калабаранты з Херсона, так і прыезджыя з акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей.
На захопленай тэрыторыі Запарожскай вобласці з пачатку лютага расійскія найміты пачалі актыўна адбіраць аўтамабілі ў жыхароў, якія не атрымалі пашпарты РФ. А ў населеным пункце Баявое Херсонскай вобласці большасць жыхароў адмовіліся перадаваць свае прыватныя ўчасткі на баланс мясцовай акупацыйнай адміністрацыі, так што па стане на 1 сакавіка каля 200 чалавек з гэтай вёскі вывезеныя ў невядомым кірунку для правядзення так званых “фільтрацыйных мерапрыемстваў”, а ў іх дамы раскватаравалі расійскіх наймітаў.
Брытанская выведка адзначае, што, нягледзячы на вайну, расійскія кампаніі возяць сваю прадукцыю на буйныя міжнародныя выставы ўзбраенняў, але доказаў таго, што войска РФ выкарыстоўвае гэтыя распрацоўкі ва Украіне, няма. У прыватнасці, на нядаўнім мерапрыемстве была прадстаўлена сістэма актыўнай абароны (APS) Arena-E, прызначаная для павышэння жывучасці бранятэхнікі. Аднак няма ніякіх доказаў устаноўкі такіх сістэм на ўласную тэхніку Расіі ва Украіне, дзе яна страціла больш за 5000 адзінак бранятэхнікі.
У выведцы лічаць, што гэта звязана з няздольнасцю расійскай прамысловасці вырабляць высокатэхналагічныя сістэмы ў неабходных маштабах, і гэтая праблема абвастраецца пад дзеяннем міжнародных санкцый.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што інцыдэнт з нібыта «ўкраінскімі дыверсантамі» ў Бранскай вобласці выклікаў незадаволенасць дзеяннямі Крамля сярод расійскіх блогераў і ўльтранацыяналістычнай супольнасці, якія спадзяваліся, што пасля гэтага Расія афіцыйна абвесціць вайну Украіне. Але Крэмль не можа задаволіць усе патрабаванні ўльтранацыяналістаў і цалкам падтрымаць уласную рыторыку аб тым, што Расія вядзе «экзістэнцыяльную вайну» ва Украіне, адзначаюць аналітыкі.
Расійскі лётчык, які бамбіў цывільныя аб'екты Харкаўшчыны,асуджаны да 12 гадоў зняволення, паведаміў офіс украінскага генпракурора. Асуджаны, імя якога не пазначана, — намеснік камандзіра часткі 6-й арміі ВПС РФ. 6 сакавіка мінулага года ён скінуў восем бомбаў ФАБ-500 (агульнай вагой 2,5 тоны ў тратылавым эквіваленце) у раёне Харкаўскай тэлевежы. У выніку самалёт збілі, а лётчык катапультаваўся — і яго затрымалі.
Дарадца ўкраінскага галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага генерал Віктар Назараў заявіў у інтэрв'ю Spiegel, што перамовы з Расіяй будуць магчымыя, калі УСУ адаб'юць некаторыя акупаваныя тэрыторыі — у першую чаргу Херсонскую і Запарожскую вобласці: «Гэта рэгіёны, якія маюць выхад да Азоўскага мора і мяжуюць з Крымам. Расія страціць сухапутны калідор. Сам Крым таксама акажацца пад пагрозай. Важная і поўнач Луганскай вобласці. Контрнаступ там ускладніць кантроль над акупаванымі тэрыторыямі Данбаса. Вайна перамесціцца да межаў РФ. Расіяне спрабуюць не дапусціць гэтага ўсімі сіламі».
Краіны ЕС узгаднілі план хуткай перадачы Украіне дэфіцытных артылерыйскіх боепрыпасаў, піша Financial Times са спасылкай на крыніцы. Паводле інфармацыі выдання, гэта пытанне «дзён, тыдняў, а не месяцаў».
Сакратар украінскай Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Данілаў у інтэрв'ю украінскай службе РБК выказаў упэўненасць, што Пекін не будзе пастаўляць Маскве зброю: «Для чаго Кітай будзе станавіцца на бок Расіі і пастаўляць ёй зброю? Каб атрымаць велізарныя праблемы, трапіць пад тыя ці іншыя абмежаванні? Вядома, Кітай гэтага рабіць не будзе, яму гэта не трэба ад слова «зусім». Гэта ў Расіі вялікае жаданне ўцягнуць Кітай і іншыя краіны, на якія яна спрабуе распаўсюджваць свой уплыў».
На думку сакратара РНБА, тая нейтральная пазіцыя, якую займае Пекін, у гэтым выпадку абсалютна правільная і ўзважаная. «Вядома, нам бы вельмі хацелася, каб дапамога была на нашым баку, але трэба разумець усю складанасць гістарычных працэсаў», — дадаў ён.
ЗША ў рамках новага пакета вайсковай дапамогі перададуць Украіне зброю, боепрыпасы і абсталяванне на 400 мільёнаў долараў, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы. Новы пакет, як чакаецца, будзе ўтрымліваць больш кіраваных рэактыўных снарадаў залпавага агню (GMLRS) для пускавых установак HIMARS, боепрыпасы для баявых машын Bradley, а таксама мостаўкладчыкі для браніраваных машын.
Данілаў таксама заявіў, што ў пытанні вызвалення Крыма Украіна больш не можа кіравацца стратэгіяй, прынятай у 2021 годзе: «З улікам тых абставінаў, якія адбываюцца сёння на тэрыторыі нашай краіны, мы павінны абавязкова разгледзець гэтую стратэгію, унесці ў яе адпаведныя змены, прагаласаваць на пасяджэнні РНБА за гэтыя змены, і пасля гэтага прэзідэнт павінен альбо выдаць новы ўказ, альбо ўнесці змены ў прынятую стратэгію».
Расійскія войскі і вайсковая тэхніка павінны пакінуць Запарожскую АЭС, а кантроль над стратэгічным аб'ектам павінен быць вернуты Украіне, гаворыцца ў заяве Еўрасаюза, апублікаванай пасля пасяджэння АБСЕ.
Паводле korrespondent.net, «Медузы»; www.unian.net, сацсетак; Украінскай службы РБК