РФ спрабуе стрымаць украінскі контрнаступ пагрозамі ў адрас Запарожскай АЭС — ІSW

Эскалацыя Расіяй пагроз на адрас Запарожскай АЭС мае на мэце стрымаць магчымы будучы ўкраінскі контрнаступ на поўдні.

mdjrn2.png

Прызначаныя Масквой акупацыйныя ўлады, магчыма, спрабуюць яшчэ больш абмежаваць прысутнасць экспертаў МАГАТЭ на Запарожскай АЭС, каб прымусіць міжнародную супольнасць прызнаць дэ-факта расійскае права ўласнасці на станцыю, пішуць эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

10 лютага МАГАТЭ абвясціла пра затрымку запланаванай ратацыі персаналу місіі на ЗАЭС па меркаваннях бяспекі. Кіраўнік агенцтва Рафаэль Гросі заявіў 20 лютага, што сітуацыя застаецца нестабільнай.

22 лютага афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла, што Дэпартамент ААН у пытаннях аховы і бяспекі адклаў на нявызначаны тэрмін ратацыю персаналу МАГАТЭ без належнай прычыны.

1 сакавіка прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў заявіў, што заходнія спецслужбы сарвалі планавую ратацыю місіі МАГАТЭ, каб абвінаваціць Расію ў стварэнні перашкод для працы экспертаў.

Расійскія і акупацыйныя афіцыйныя асобы раней крытыкавалі прысутнасць МАГАТЭ на ЗАЭС, напрыклад, Рогаў у студзені абвінаваціў МАГАТЭ ў адыгрыванні палітычнай ролі на ЗАЭС для падтрымкі Украіны.

ISW адзнвчае: «Расійскія і акупацыйныя ўлады, верагодна, маюць намер выкарыстаць альбо персанал МАГАТЭ, які, магчыма, аказаўся ў пастцы, або скарочаную прысутнасць МАГАТЭ на станцыі, каб прымусіць міжнародную супольнасць прызнаць права ўласнасці Расіі на станцыю».

Акрамя спробаў прымусіць міжнародную супольнасць прызнаць уласнасць на станцыю, шляхам эскалацыі пагроз у адрас ЗАЭС расійскія і акупацыйныя ўлады, магчыма, таксама спрабуюць стрымаць украінскі контрнаступ, лічаць у ISW.


Нагадаем, як пісаў НЧ, Пуцін загадаў забраць ва ўласнасць Расіі Запарожскую АЭС.  Адпаведны ўказ расійскі кіраўнік падпісаў яшчэ 5 кастрычніка 2021 года. У ім гаворка ідзе пра «прыняцце ў федэральную ўласнасць аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі Запарожскай атамнай электрастанцыі».

Найбуйнейшая ў Еўропе атамная электрастанцыя, якая знаходзіцца ў Запарожскай вобласці Украіны, была захопленая расіянамі 25 лютага 2022-га. З таго часу Расія шантажуе Украіну і свет ядзерным выбухам, рэгулярна абстрэльвае і мініруе тэрыторыю АЭС, а нядаўна выкрала і звезла ў невядомым кірунку кіраўніка атамнай электрастанцыі.