Расія робіць з АЭС ваенную базу ядзерных тэрарыстаў

Расійскія вайскоўцы абстрэльваюць ЗАЭС, каб знішчыць яе інфраструктуру і адключыць ад энергасістэмы Украіны, адзначае Энергаатам. Але неўзабаве сітуацыя можа стаць яшчэ горшай.

6a2bea06_325d_49b1_bea4_2d9b693baf03_w1200_r1.webp

Акты ядзернага тэрарызму на Запарожскай АЭС — яе артылерыйскія абстрэлы — маюць на мэце разбурэнне інфраструктуры станцыі, пашкоджанні ўсіх ліній электраперадач, праз якія ідзе падача электраэнергіі ў энергасістэму Украіны, абясточванне поўдня краіны.

«Такімі дзеяннямі рашысты перайшлі да новага сцэнару — сцэнару разбурэнняў, стварэння ядзернай і радыяцыйнай аварыі на ЗАЭС. Таму абстрэлы станцыі, з высокай верагоднасцю, працягнуцца», — гаворыцца ў тэлеграм-канале Энергаатама.

Украінскі бок адзначае, што перашкодзіць гэтаму могуць зладжаныя дзеянні арганізацый бяспекі, у прыватнасці ААН, МАГАТЭ і WANO, а таксама пастаянны ціск на Расію з боку міжнароднай супольнасці. З найбуйнейшага ў Еўропе ядзернага аб'екта мусяць быць выведзеныя войскі. Неабходна вярнуць ЗАЭС статус мірнага грамадзянскага аб'екта, якім яна была да расійскага ўварвання.

Калі цяпер гэтага не атрымаецца дасягнуць, гаворыцца ў заяве Энергаатама, то «Расія рэалізуе свой план ператварэння ЗАЭС у вайсковую базу ядзерных тэрарыстаў. Гэтаму цяпер спрыяюць актыўныя дзеянні прадстаўнікоў Расатама, якія знаходзяцца на станцыі і каардынуюць спецыяльную праграму па адключэнні ЗАЭС ад энергасістэмы Украіны». Гэта робіцца з дапамогай артылерыйскіх абстрэлаў — дзеля пашкоджання ўсіх ліній сувязі ЗАЭС з энергасістэмай Украіны.

Адзначаецца, што сітуацыю значна ўскладняе размяшчэнне рускімі сваёй ваеннай тэхнікі са зброяй і выбухоўкай у машынных залах энергаблокаў №1 і №2, што «з'яўляецца фактычным мініраваннем энергаблокаў з двума ядзернымі рэактарамі найбуйнейшай у Еўропе атамнай электрастанцыі». І гэта робіцца ў дадатак да мініравання берагавой лініі ЗАЭС за лініяй возера-ахаладжальніка і прылеглага берага Кахоўскага вадасховішча.


Энергаатам звяртае ўвагу, што неўзабаве ўсё гэта з высокай верагоднасцю можа прывесці да «ядзернай і радыяцыйнай катастрофы, наступствы якой адчуе не толькі Украіна, але і ўся Еўропа».

Энергаатам у чарговы раз заклікае ААН, МАГАТЭ і ўсю сусветную супольнасць ажыццявіць усе магчымыя меры для накіравання місіі бяспекі на Запарожскую АЭС з наступнай яе дэмілітарызацыяй і выкідваннем узброеных расійскіх вайскоўцаў са станцыі і ўсёй прылеглай тэрыторыі, у тым ліку і з горада Энергодар.

Толькі такія крокі цяпер змогуць гарантаваць бяспеку ЗАЭС і зробяць немагчымай глабальную ядзерную і радыяцыйную катастрофу.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», днямі кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі звярнуўся да ўладаў Расіі з заклікам дапусціць на станцыю экспертаў дзеля таго, каб пазбегнуць магчымай аварыі. Ён адзначыў, што на ЗАЭС у Энергадары былі парушаныя практычна ўсе прынцыпы ядзернай бяспекі.