166-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны: падрыў мастоў, украінскае збожжа, замінаваная АЭС і начныя абстрэлы

Сабралі для вас галоўныя навіны з франтоў Украіны на 166-ы дзень вайны.

Расійцы замініравалі ключавыя аб'екты на Запарожскай АЭС

Расійцы замініравалі ключавыя аб'екты на Запарожскай АЭС


На жаль, начныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў сталі традыцыяй для расійскіх нападнікаў. Каля пяці запускаў ракет было зафіксавана мінулай ноччу па Харкаўскай вобласці. У выніку пашкоджаная грамадзянская інфраструктура: прыватныя дамы і гаспадарчыя збудаванні. Загінула 72-гадовая жанчына.
Са «Смерчаў» былі абстраляныя Мікалаеў і яго ваколіцы. Як паведамляе прэс-цэнтр Сіл абароны поўдня Украіны, гэта былі «веерныя ўдары без прыцэлу» — такім чынам аказваецца псіхалагічны і агнявы ціск на ўкраінцаў. У выніку абстрэлаў ёсць нязначныя пашкоджанні інфраструктуры, пацярпелых няма.
Больш дасталося гэтай ноччу Днепрапятроўскай вобласці. Там былі абстраляныя Нікапальскі і Крыварожскі раёны, па якіх «прыляцела» каля 20 «Градаў» і дзве крылатыя ракеты. Пашкоджаныя 9 жылых дамоў, склады, памяшканні аграрнай кампаніі і транспарт. Ахвяр сярод людзей няма.
У Запарожскай вобласці расійцы абстралялі аўтобус з мірнымі жыхарамі, які ехаў з акупаванага Мелітопаля ў Кіеў. Выбуховай хваляй у аўтобусе выбіла вокны. Інфармацыі пра ахвяр на дадзены момант няма.
Гіпергукавыя ракеты «Кінжал» былі выкарыстаныя расійцамі для ўдару па Вінніцы. Гэты тып ракет выкарыстоўваўся ўсяго некалькі разоў ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання. У выніку абстрэлу ёсць ахвяры, іх колькасць удакладняецца.
Узброеныя сілы Украіны ўдарылі па двум ключавым мастам на паўднёвым кірунку — Антонаўскім і Кахоўскім. Гэта быў не першы эпізод абстрэлу транспартных злучэнняў: за дзень да гэтага УСУ ўжо наносілі ўдар па Антонаўскім мосце, які расійцы рамантавалі і збіраліся ў хуткім часе адкрыць. Як паведамляе «УНІАН», пасля сённяшняга абстрэлу мосту нанесеныя значныя пашкоджанні.
Расійцы замінавалі Запарожскую АЭС. Пра гэта ў сваім выступленні паведаміў камандзір расійскага гарнізона на атамнай станцыі Валер Васільеў:
«Тут будзе або руская свабодная зямля, або выпаленая зямля. Вы, салдаты рускай арміі, павінны быць гатовыя выканаць важны загад. Мы замініравалі ўсе важныя аб'екты ЗАЭС, і мы не хаваем гэтага ад ворага. Вораг ведае, што станцыя будзе або рускай, або нічыёй. Вы павінны разумець, што іншага шляху ў нас няма. Калі будзе самы жорсткі загад-мы павінны выканаць яго з гонарам». Украінскія ўлады просяць міжнародныя структуры прызнаць гэта ядзерным тэрарызмам.
Расія павялічыла колькасць баявых караблёў у Чорным моры. На дадзены момант там знаходзіцца 10 суднаў, што значна павялічвае рызыку ракетных абтрэлаў з чарнаморскай акваторыі. Сёння ўкраінскае СПА знішчыла ракету тыпу «Калібр» над Адэскай вобласцю. Мяркуецца, што яна была запушчаная з падводнай лодкі.
Першае судна з украінскім збожжам даставіла груз у пункт прызначэння. Пакупніком выступіла Турцыя. Грузавы карабель POLARNET даставіў у гэтую краіну не толькі збожжа, але і ўкраінскія прадукты харчавання. Паведамляецца таксама, што з украінскіх партоў ужо выйшла 10 суднаў з агульным танажам у 305 тысяч тон зерня.
Паводле unian.net.