164-ты дзень вайны: абстрэлы Данбаса і Днепрапятроўскай вобласці, наступленне на Бахмут, небяспека ядзернай катастрофы

164 дні цягнецца вайна, развязаная Расіяй ва Украіне. Расійцы працягваюць абстрэльваць украінскія гарады і вёскі і шантажаваць свет ядзерным выбухам на Запарожскай АЭС.

1650065360_5159.webp


Учора, 5 жніўня, Расія тройчы абстраляла прамысловую пляцоўку Запарожскай атамнай электрастанцыі. Адно з пападанняў прыйшлося на высокавольтную лінію аўтатрансфарматара ЦЭС. На шчасце, радыеактыўных выкідаў у атмасферу пакуль не зафіксавана. Станцыя працягвае працаваць.
Абстралялі таксама і магістраль, якая падае вадарод на ЗАЭС, у выніку чаго ўзнік пажар. На прамысловай пляцоўцы Стэпнагорска пашкоджаная электрападстанцыя.
Працягваюцца ракетныя абстрэлы ўкраінскіх тэрыторый. За мінулыя суткі каля 60 снарадаў ударылі па Сумшчыне. У выніку пашкоджаныя прыватныя гаспадаркі і лініі электраперадачы, адзін чалавек атрымаў раненні.
Некалькі разоў за мінулую ноч абстрэльвалі Харкаў. Пашкоджаная грамадзянская інфраструктура, ахвяр няма. Як паведамляе старшыня Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў, частка ракет засталася на тэрыторыі Расіі — працавала ўкраінская СПА: «Паводле звестак вайскоўцаў, некалькі ракет "не захацелі" пакідаць родны Белгарад і падарваліся на тэрыторыі РФ».
У выніку начных абстрэлаў Мікалаева цяжка параненыя два чалавекі. Удары прыйшліся таксама і на прылеглыя да горада раёны: «прыляцела» як мінімум у шэсць вёсак. Учора Мікалаеў закрылі на каменданцкую гадзіну — яна павінна працягнуцца да 8 жніўня.
Да 20 рэактыўных снарадаў запусцілі расійцы па Нікапалі, былі абстраляныя таксама Нікапальскі і Крыварожскі раёны. У Нікапалі пашкоджаныя 11 шматпавярховікаў, каля 40 прыватных дамоў, дзіцячы садок і Дом дзіцячай творчасці. Тры чалавекі атрымалі раненні.
Танкамі, ствольнай і рэактыўнай артылерыяй быў абстраляны Бахмуцкі кірунак, таксама ўдары былі нанесеныя каля Аўдзееўкі і Краматорска. Як паведамляе Генштаб УСУ, расійцы вядуць наступ на Бахмут, там ідуць цяжкія баі.
Паводле unian.net.