РФ запалохвае Захад Запарожскай АЭС. На станцыі парушаныя ўсе прынцыпы ядзернай бяспекі

Расія выкарыстоўвае Запарожскую АЭС для запалохвання Захаду. Пра тое, што станцыя цалкам выйшла з-пад кантролю, заявіў і кіраўнік МАГАТЭ.

zaes.jpg

Запарожская АЭС, найбуйнейшая ў Еўропе, "цалкам выйшла з-пад кантролю" МАГАТЭ, і з кожным днём сітуацыя там становіцца ўсё больш сур'ёзнай.

Пра гэта заявіў кіраўнік арганізацыі Рафаэль Гросі і звярнуўся да ўладаў Расіі з заклікам дапусціць на станцыю экспертаў дзеля таго, каб пазбегнуць магчымай аварыі.

Рафаэль Гросі адзначыў, што на ЗАЭС у Энергадары былі парушаныя прынцыпы ядзернай бяспекі:

Каб атамны аб'ект працаваў нармальна і бяспечна, неабходна выконваць шэраг прынцыпаў і нормаў. І калі мы глядзім на сітуацыю, тую самую ўнікальную сітуацыю, якая склалася ў нас на Запарожскай АЭС, мы бачым, што калі не ўсе, то большасць з іх парушаюцца, — перадае словы кіраўніка МАГАТЭ Euronews.

Паводле Гросі, пастаўкі абсталявання і запасных частак на станцыю "былі перапыненыя", таму ў МАГАТЭ не ўпэўненыя, што АЭС, якая знаходзіцца пад кантролем расійскіх вайскоўцаў, "атрымлівае ўсё неабходнае".

Украінскі бок адзначае, што сітуацыя на атамнай станцыі яшчэ горшая, бо Расія выкарыстоўвае Запарожскую АЭС для запалохвання Захаду і з тэрыторыі АЭС вядзе абстрэл украінскіх гарадоў.

Паводле ацэнкі экспертаў, расійскія войскі, магчыма, захоўваюць цяжкую ваенную тэхніку на Запарожскай АЭС, каб абараніць яе ад украінскіх удараў.

У справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны адзначаецца:

«Расійскія войскі, размешчаныя вакол АЭС, атакавалі ўкраінскія пазіцыі ў Нікапалі і іншых месцах у апошнія тыдні, і наўмысна паставілі Украіну ў цяжкае становішча — альбо Украіна адкажа агнём, рызыкуючы міжнародным асуджэннем і ядзерным інцыдэнтам (што ўкраінскія сілы наўрад ці зробяць), альбо ўкраінскія сілы дазваляюць расійскім сілам працягваць абстрэл украінскіх пазіцый з эфектыўнай "бяспечнай зоны"».

Нагадаем, з 4 сакавіка Запарожская АЭС кантралюецца расійскімі войскамі. Таксама пад акупацыяй знаходзіцца горад-спадарожнік АЭС — Энергадар.

Паводле ўкраінскага «Энергаатаму», расійскія войскі ператвараюць Запарожскую АЭС у ваенную базу і выкарыстоўваюць яе як шчыт. Яны разгарнулі цяжкія артылерыйскія батарэі і ўсталявалі супрацьпяхотныя міны ўздоўж берагоў вадасховішча, вада з якога астуджвае шэсць рэактараў АЭС.

А 21 ліпеня ў «Энергаатаме» паведамілі, што войскі РФ размясцілі ваенную тэхніку і зброю таксама ў машыннай зале энергаблока Запарожскай АЭС.

Паводле Euronews, УНІАН