На Запарожскай АЭС рыхтуецца сур'ёзная правакацыя?
Рускія войскі, якія знаходзяцца на ЗАЭС, збіраюцца абвінаваціць украінскіх атамшчыкаў у захоўванні зброі на тэрыторыі станцыі. Пра небяспеку для атамнай станцыі паведамляе ўкраінская НАЭК "Энергаатам"
Расійскія акупанты рыхтуюць сур'ёзную правакацыю на часова акупаванай Запарожскай атамнай электрастанцыі ў Энергадары, заявілі ва ўкраінскім "Энергаатаме".
"Захопнікі, якія знаходзяцца на ЗАЭС, збіраюцца абвінаваціць украінскіх атамшчыкаў у захоўванні зброі на тэрыторыі станцыі. Для гэтага яны затрымалі некалькіх работнікаў і катаваннямі патрабуюць у іх прызнання, дакладней — абгавору сябе, што нібыта яшчэ ў сакавіку ў бетонныя чашы ахаладжальных басейнаў на ЗАЭС яны скінулі нейкую зброю: ці то бомбы, ці то снарады", — гаворыцца ў паведамленні "Энергаатама".
Як падкрэслілі ў кампаніі, пад гэтай падставай акупанты настойваюць на асушэнні ахаладжальных басейнаў — для праверкі яго чашаў — дзеля чаго трэба спыніць помпы, якія падаюць ваду ў сістэмы бяспекі энергаблокаў.
"Калі гэта адбудзецца, то сістэмы бяспекі найбуйнейшай у Еўропе атамнай станцыі застануцца без астуджэння, што ўжо само па сабе з'яўляецца сур'ёзным парушэннем і можа пагражаць ядзернай бяспецы. Да таго ж, такія працы немэтазгодна праводзіць у цёплы час года з-за рызыкі перагрэву і спынення абсталявання. Але самым галоўным застаецца пытанне кантролю дзеянняў акупантаў, бо пад выглядам "правядзення праверкі" яны могуць накідаць у бетонныя чашы ўсё што заўгодна: выбухоўку, разарваныя снарады, іншую зброю. А потым абвінаваціць у гэтым работнікаў ЗАЭС або яе абаронцаў — і зрабіць гэта фармальнай падставай для запрашэння на станцыю МАГАТЭ і прадстаўленне гэтых "фактаў". Ды яшчэ і карцінку для прапагандысцкіх расійскіх СМІ зрабіць — як расіяне пра бяспеку станцыі клапоцяцца, а ўкраінскі персанал яе парушае", — растлумачылі ў "Энергаатаме".
У кампаніі падкрэслілі, што любая зброя, знойдзеная на тэрыторыі ЗАЭС, — гэта зброя акупантаў, якую яны выкарыстоўваюць для здзяйснення ядзернага тэрарызму і пагрозаў усяму свету новай страшнай катастрофай.
Паводле УНІАН