Прафесарка БДУ: Сёння вы прамаўчалі, а заўтра з вамі гэтак жа разлічацца (відэа)

Прафесар кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Абрашына-Жадаева апублікавала ў Фэйсбуку моцны зварот у падтрымку звольненага калегі.

Наталля Абрашына-Жадаева, фота са старонкі ў Фэйсбуку

Наталля Абрашына-Жадаева, фота са старонкі ў Фэйсбуку

Прафесарка Наталля Абрашына-Жадаева апублікавала відэазварот у падтрымку свайго калегі, кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта Максіма Шундалава, якога, як вынікае са звароту, угаварылі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні.
«Прыйшла з працы і, каб магла, то завыла б! Чаму?
Усё проста: Мы ў летні выбарчы час 2020 года былі звычайнымі грамадзянамі сваёй краіны і ў нас яшчэ крыху цеплілася душах, што нашы правы не будуць ушчэмленыя.
Так, калі б так і адбылося, то мы б абралі ў прэзідэнты В. Бабарыку ці С. Ціханоўскага. Але ўсё было зроблена так, каб гэтага не адбылося. І вы ведаеце, хто вырашыў усё паставіць з ног на галаву. І ўсё, што адбылося потым, называецца мірным пратэстам. Былі мірныя маршы і мірнае патрабаванне вярнуцца да сумленнага пераліку галасоў ці новых выбараў. І што? Наша нязгода была трактаваная як экстрэмізм. Хлопцаў хапалі, саджалі. Хтосьці і сёння незаслужана сядзіць. За што? Хто за што, галоўнае — павесіць цэтлік! Прыпісваюць, што мы служым замежным дзядзькам. Глупства! Мы жылі тут і будзем жыць. І хочам, каб была змяняльнасць улады, а не перапісванне канстытуцыі па жаданні "аднаго". Колькі нашых грамадзян збегла з краіны, колькі сёння звальняюць, каб дагадзіць "аднаму"! Ці ён не ведае, што звальняюць лекараў і выкладчыкаў ды іншых адмыслоўцаў? Ах, так, яго дзеці абудуць вучыцца ў элітных школах і ВНУ і лячыцца таксама ў годных лекараў за мяжой або сюды іх прывязуць.
Я сёння, калі б змагла, то завыла. Чаму? А таму, што паддаўся на ўгаворы Шундалаў Максім, выдатны выкладчык і вучоны, напісаў па ўласным. Такіх прафесіяналаў засталося няшмат. Але больш за ўсё, мяне збянтэжыла паведамленне, што калегі з іншых кафедраў пагадзіліся выконваць за яго ягоную нагрузку. Гэта як? Думаюць, што з імі так не зробяць? Што іх такі лёс абміне? Сёння вы прамаўчалі, а заўтра з вамі гэтак жа разлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць ці прыслужваць. Як кажуць: служыць Богу ці прыслужваць Юду!»