BY_culture: Звольнены дырэктар ТЮГа Уладзімір Савіцкі
Тэлеграм-канал BY_culture паведамляе, што 20 студзеня быў звольнены дырэктар Тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі.
Таксама паведамляюць, што маюць месца звальненні кіраўнікоў і іншых мінскіх тэатраў.
Уладзімір Савіцкі нарадзіўся 9 сакавіка 1960 года ў Баранавічах.
Па заканчэнні сярэдняй школы скончыў Мінскі інстытут культуры (1981). У 1981–1987 гг. працаваў акцёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра (Бабруйск). У 1991 г. скончыў рэжысёрскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. З 1991 г. — арганізатар (разам з Аляксандрам Маркевічам) і рэжысёр незалежнага тэатра-студыі «Абзац». У 1993–2010 гг. працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
Уладзімір Савіцкі ў розных тэатрах паставіў болей за 40 спектакляў па матывах класічнай і сучаснай драматургіі. Ён — аўтар дзевяці інсцэніровак па матывах нацыянальнай і сусветнай літаратуры, адзначаных прызамі і ўзнагародамі на драматургічных конкурсах, якія праводзяцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Творца паслядоўна вывучаў, прапагандаваў і перакладаў на сцэнічную мову лепшыя творы беларускай літаратуры — сучаснай і класічнай: «Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле Я. Баршчэўскага, «Балада пра каханне» па матывах «Альпійскай балады» В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Сны аб Беларусі» паводле У. Караткевіча (усе спектаклі з рэпертуару Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы).
На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску Уладзімір Канстанцінавіч паставіў «Ветрагоны» У. Галубка і «Апошніх сведак» С. Алексіевіч, у Брэсцкім тэатры драмы і музыкі — «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, у Мінскім абласным драматычным тэатры — «Свінтус грандыёзус» паводле К. Крапівы.
З 27 красавіка 2010 года Уладзімір Савіцкі быў галоўным рэжысёрам, мастацкім кіраўніком Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.