Аляксандр Івулін: Перагарнуць старонку папросту не атрымаецца

У першым вялікім стрыме пасля вызвалення былы палітвязень распавёў пра будучыню канала «Честн*к», умовы ў беларускіх турмах і чаму ён упэўнены, што перагарнуць старонку не атрымаецца.

Аляксандр Івулін. Фота: «Тр*буна»

Аляксандр Івулін. Фота: «Тр*буна»


Спартовы журналіст і футбаліст «Крумкачоў» Аляксандр Івулін, асуджаны ў Беларусі да двух гадоў калоніі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, выйшаў на волю і пакінуў краіну — цяпер ён знаходзіцца ў Грузіі. «Салідарнасць» выбрала важныя моманты з гэтай размовы.

* * *

— Я вёў «бухгалтэрыю»: запісваў у сшытак, хто мне піша, калі і каму я адпраўляў лісты — таму што кожнаму чалавеку адказваў і стараўся рабіць гэта шырока, на пальцах, якімі трымаў ручку, нават былі мазалі. Скончыў я яе весці дадатковым сшыткам на «зоне», таму што вельмі не хацелася, каб гэтыя запісы забралі і кагосьці я падставіў, каб гэтыя лісты прыцягнулі лішнюю ўвагу.

Больш-менш нармальна лісты прыходзілі на Валадарцы (СІЗА №1 — С.): максімальна я атрымаў 25 лістоў за дзень, а ў сярэднім у лепшыя часы кожны дзень прыходзіла па 10-15. Дзякуй усім велізарны, гэта неверагодна каштоўна: ты разумееш, што ты камусьці патрэбны, гэта надае матывацыю і дае сілы, ты выдатна разумееш, што людзі суперажываюць і хочуць цябе падтрымаць.

І яшчэ адзін момант: мне як журналісту было цікава адточваць фармулёўкі, спрабаваць перадаваць свае думкі па-рознаму. Мне пісалі ў адказах, што мае лісты таксама вельмі моцна падтрымліваюць. Да гэтага часу перакананы, што тым, хто на волі, было значна цяжэй, чым мне, таму што больш за ўсё палохае невядомасць: калі ты знаходзішся па той бок плота і не ведаеш, што з чалавекам, наколькі яму цяжка. А калі ты «ў працэсе», разумееш, што ні на што сур'ёзна паўплываць не можаш, і стараешся зрабіць нешта, каб гэты час не прайшоў марна.

* * *

— Пра што пісаць палітвязням? Мне, напрыклад, было цікава не тое, што адбываецца глабальна, а дэталі, эмоцыі, чым жывуць асобныя людзі — як у Святланы Алексіевіч, якая распавядае вялікія гісторыі праз маленькіх людзей. Не мучайцеся пытаннем, як і з чаго пачаць — проста бярыце і рабіце, выплюхвайце на паперу тое, што ў галаве.

Самым запамінальным быў ліст з мінулага. Я ў свой час працаваў важатым у лагеры, і ў канцы кожнай змены раздаваў хлопцам паштоўкі з набору з нейкімі філасофскімі матывацыйнымі рэчамі, каб яны для сябе нешта вынеслі і станавіліся лепш. І вось у чарговы раз, атрымліваючы пачак лістоў, я ўбачыў у лісце адну з гэтых паштовак з тэкстам «калі тваё жаданне не спраўджваецца, значыць, яно да гэтага часу не аплачана» — чалавек напісаў, што гэта для яго вельмі шмат значыць, але цяпер мне гэта важней. І гэта было настолькі дакладна…

* * *

— Я быў да канца ўпэўнены, што вайны ва Украіне не будзе: ну не ў 21 жа стагоддзі, калі гісторыя шмат разоў паказала, што нічым добрым гэта не сканчаецца. Але 24 ці 25 лютага да мяне ў Баранавічы прыехала адвакат, сказала, што вайна; не мог паверыць, як такое магчыма, вельмі перажываў за ўсіх тых хлопцаў, пра каго ведаў, што яны ва Украіне.

Вайна — гэта бязглуздзіца, якой нельга дапускаць. І тое, што яна ідзе ўжо год — не магу нават слоў падабраць, каб перадаць сваё стаўленне, і пакуль яшчэ не чытаў тэкстаў і не глядзеў відэа пра тое, што цяпер адбываецца, проста не гатовы.


* * *

— На зоне працуе прапаганда — прычым не толькі беларускі, вельмі вялікі расійскі парадак дня. Кожную нядзелю глядзяць Іраду Зейналаву, і, не аналізуючы, вераць у тое, што гавораць па целіку. Вельмі вялікі працэнт людзей лічыць: раз па тэлевізары сказалі, значыць, праўда — гэта дрэнна, але такія рэаліі.

Наогул, вельмі складана на зоне быць інфармацыйна забяспечаным, таму што ёсць 1,5 крыніцы звестак —тэлевізар і газеты, якія хто-небудзь выпісвае. Усё вельмі скажона, перакручана, складана зразумець і прааналізаваць аскепкавыя звесткі з гэтых крыніц і інфармацыю на ўзроўні чутак, каб скласці пазл пра тое, што адбываецца.

* * *

— Калі ты пабываў там, то некаторыя словы становяцца аб'ёмнымі. Словы «дом», «сябры» ты адчуў і пражыў, яны значаць цяпер значна больш. А слова «Радзіма» гучыць зусім па-іншаму, чым раней, становіцца вельмі важным.

У мяне турма развеяла ілюзіі, ацверазіла ў тым плане, што ўсё хутка зменіцца. Не, усё зменіцца не хутка, але калі ты здашся і апусціш рукі, то лепш не стане.

…Я вельмі люблю Мінск, гэта для мяне лепшы горад зямлі, і знаходзіцца ў іншым месцы, у іншай краіне вельмі незвычайна.

Людзі спакойныя, расслабленыя. Вакол ідзе нармальнае жыццё, а ты пасля 20,5 месяцаў няволі сядзіш і думаеш: «Так можна было?»Разумееш, колькі людзей у Беларусі пасаджаны на значна большыя тэрміны, чым ты, і падтрымкі ў іх значна менш. Гэта прыбівае. Таму вельмі хочацца папрасіць працягваць падтрымліваць і менш медыйных палітвязняў — гэта вельмі важная справа.

* * *

— Што будзе далей з каналам? Ён будзе, і цалкам дакладна кантэнту будзе шмат: вельмі хочацца рабіць нешта беларускае для беларусаў. Магчыма, будзем патроху, «па трошачкі» рабіць некаторыя выпускі па-беларуску, але наўрад ці прама цяпер. Але пакуль хачу крыху адпачыць, прыйсці ў сябе, вырашыць першачарговыя бытавыя пытанні, пару тыдняў дакладна не буду з'яўляцца ў эфіры.

Увогуле, Саша абавязкова хутка выйдзе з нейкімі новымі праектамі, таму што скончыць гэта ўсё і перагарнуць старонку папросту не атрымаецца.