Журналіст і футбаліст Аляксандр Івулін выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі
У сваім Інстаграме Аляксандр Івулін напісаў тэкст і прыклаў да яго фотаздымак, на якім ідэнтыфікуецца расійскі аэрапорт «Унукава». З тэксту бачна, што спартовец і журналіст цалкам адбыў прызначаны яму тэрмін зняволення.

Аляксандр Івулін. Фота: «Тr*buna»
«Усе гэтыя 624 дні, пакуль мы не бачыліся, вам было нашмат складаней, чым мне. Вас палохала невядомасць. Вы не ведалі, як я і што са мной. Не ведалі, як мне дапамагчы. Пры гэтым рабілі ўсё магчымае, каб па той бок плота мне жылося трошкі прасцей. Рабілі так шмат, што я пакуль не магу ўсвядоміць усяго маштабу.
Соры, пішу гэты тэкст, і натуральна трасуцца рукі, а да вачэй падступае кандэнсат. Гэта ўсё праз вас, неверагодныя беларусы!
Нізкі паклон усім і кожнаму за салідарнасць і падтрымку. Гэта вельмі каштоўна. Гэта не забываецца», — напісаў Івулін у сацсетцы.
Ён паабяцаў сваім прыхільнікам хуткую сустрэчу на канале @chestnokby, дзе выкладзе «ўсе эмоцыі і падрабязнасці».
Аляксандр Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года. 4 чэрвеня яго асудзілі па адміністрацыйнай справе (арт. 24.23 КаАП) да 30 сутак арышту. 2 ліпеня Івулін атрымаў статус падазраванага па крымінальнай справе. Пазней яму было прад'яўлена абвінавачанне ў «арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ).

Паводле абвінавачання, Івулін 23 жніўня і 29 верасня 2020 года ўзяў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама арганізаваў такія дзеянні, размяшчаючы на ютубе ролікі з 7 жніўня 2020 года. «Мінсктранс» прад'явіў Івуліну пазоў на 39 тысяч рублёў за прычыненую шкоду.
Напярэдадні прысуду ў зале суда ён сімвалічна падпісаў кантракт са сваім футбольным клубам «Крумкачы» і выступіў з моцным апошнім словам. Суд даў яму 2 гады зняволення, якія Аляксандр адбываў у калоніі «Ваўчыныя норы».
