Хронікі рэпрэсій за 22 лютага. Уводзіцца пакаранне за дыскрэдытацыю войска
Рэпрэсіўная машына ўсё не засне. Падрыхтавалі асноўныя звесткі, датычныя судоў, палітвязняў і затрыманняў за апошні дзень.
Журналіста Алеся Любенчука ў калоніі пазбавілі пасылак, перадач і спатканняў
Журналіста затрымалі 26 траўня ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна. Алесь шмат займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў дзецям-сіротам, арганізоўваў турыстычныя паходы і аднаўляў гісторыка-культурную спадчыну Наваградчыны.
Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). 27 кастрычніка суддзя Алена Ананіч прызначыла палітвязню тры гады калоніі.
У пачатку лютага палітвязня накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але па прыбыцці, пакуль Алесь быў на каранціне, адміністрацыя калоніі ўжо пазбавіла яго пасылак, перадач і спатканняў тэрмінам на тры месяцы за парушэнне «правілаў унутранага распарадку».
Суд па «справе Nexta»: дапыталі Пратасевіча і сведку-блогера
Мінскі абласны суд працягвае разглядаць крымінальную справу супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Днямі ў судзе дапыталі Пратасевіча, а сёння таксама адбыўся допыт сведкі-блогера Максіма Пушкіна.
Па словах блогера, у пачатку 2020 года быў створаны чат «Хата», каб адміністратары тэлеграм-каналаў не кралі кантэнт адзін у аднаго. Асабліва гэта было актуальна ў перыяд пандэміі, калі ўсе запар пісалі пра каранавірус.
«Я быў у чаце да лета, а потым выйшаў, калі пачалася ўся гэтая палітычная тэма. Мне здаецца, што яго стварыў Пальчыс, гэта мая здагадка. Прызнаюся, я рэдка чытаў гэты чат», — перадае «Мінская праўда».
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні прынялі праект закона «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці
Акрамя ўсяго іншага, дэпутаты ўхвалілі смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве для службовых асоб і вайскоўцаў, а паводле аналогіі з расійскім заканадаўствам уводзіцца пакаранне за дыскрэдытацыю войска.Праваабаронца Павел Сапелка адзначае, што гэты законапраект з'яўляецца чарговым інструментам для ўзмацнення жорсткасці крымінальнага заканадаўства:
«Яно ператварылася ў зброю для барацьбы з самымі малымі праявамі нелаяльнасці і іншадумства. Новыя нормы ставяць пад пагрозу выкананне міжнародных абавязальніцтваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, закранаюць права на жыццё і свабоду выказвання меркаванняў».
Спартоўца і блогера са Смалявічаў судзяць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу
У Мінскім абласным судзе разглядаюць крымінальную справу супраць 24-гадовага Івана Котава, якога абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі). Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка.
Падставай для затрымання Івана стала тое, што ён з'яўляўся ўдзельнікам «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і чатаў, у якіх з 12 жніўня па 23 верасня 2020 года пакідаў каментары. Ён утрымліваецца пад вартай.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі маці дваіх непаўнагадовых дзяцей з Мазыра Вольгу Шэўчык
Камітэт дзяржаўнай бяспекі 21 лютага абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішча толькі аднаго чалавека: 30-гадовай палітзняволенай маці дваіх непаўнагадовых дзяцей з Мазыра Вольгі Шэўчык.
Вядома, што напрыканцы лістапада Гомельскі абласны суд асудзіў яе за каментары ў тэлеграм-каналах паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 389 (пагрозы ў адносінах да суддзі), арт. 391 (абраза суддзі). Справу з закрытым рэжыме разглядаў Мікалай Доля. Вынік суда праваабаронцам невядомы, але прысуд уступіў у сілу.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1015 чалавек, з іх 268 — беларусы.
У СІЗА №1 у Мінску ўтрымліваецца жыхар Бабруйска, якога абвінавачваюць у фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці
Праваабаронцам стала вядома, што 10 лютага ў Мінску наўпрост на вуліцы быў затрыманыі 34-гадовы бабруйчанін Дзмітрый Слук.
Пасля 10 сутак у ізалятары на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА №1. Мужчыну прад'явілі абвінавачванне па арт. 290-1 Крымінальнага кодэксу (Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) за данаты арганізацыі, прызнанай тэрарыстычнай у Беларусі. Яму пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Гомельскага юрыста Алега Шамкіна арыштавалі на 10 сутак
У Гомелі 21 лютага ў абласное аддзяленне КДБ быў выкліканы індывідуальны прадпрымальнік і юрыст Алег Шамкін. Але на волю ён так і не выйшаў. У Савецкім РАУСе на яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Сёння над Алегам адбыўся суд. Па інфармацыі Ільі Міронава, вынікам стаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Палітвязня асудзілі на год калоніі па «фаніпальскай справе» за ўдзел у пратэстах
У судзе Дзяржынскага раёну 21 лютага асудзілі палітвязня Ігара Пастухова паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Фядчук прызначыла Ігару адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мужчыну затрымалі 9 жніўня 2022 года ў Фаніпалі. Яго абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе Ігар перакрываў рух транспарту ў Фаніпалі — а менавіта ішоў па дарозе падчас акцыі пратэсту.