Хронікі рэпрэсій 21 лютага. Рэдактара ABW.bу асудзілі, а справу дырэктара «Беларусаў і рынку» перадалі ў суд
Палітвязень і лідар БНФ Рыгор Кастусёў з калоніі павіншаваў беларусаў з Днём роднай мовы. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў Дзмітрый Антончык: «Толькі што размаўляў з Рыгорам Кастусёвым. Трымаецца добра. Усім прывітанні і віншаванні з нагоды Дня Роднай мовы».
Актывіст Ілья Міронаў атрымаў адказ ад
Мінінфармацыі наконт
праўладнага ТГ-канала «Жёлтые сливы» — яму прапанавалі ісці ў суд
Гамяльчук атрымаў адказ на свой зварот, у якім раней прасіў дзяржаву вынесці папярэджанне аўтарам рэсурсу, што распальвае нянавісць у грамадстве — Мінінфармацыі адмовілася рэагаваць на кантэнт каналу.
«Інфармуем, што тэлеграм-канал "Желтые сливы" не зарэгістраваны ў Мінінфармацыі ў якасці сеткавага выдання і, адпаведна, сродкам масавай інфармацыі не з'яўляецца (…). Мера рэагавання, якую Вы згадвалі ў звароце, ужываецца ў дачыненні да рэдакцый СМІ альбо ўласнікаў сеткавых выданняў (…). У Міністэрства адсутнічаюць паўнамоцтвы адносна адкрыцця ў дачыненні да асобаў, якія здзейснілі ўчынкі, што пасягаюць на парадак кіравання, адміністрацыйна-дэліктнай і крымінальна-працэсуальных вытворчасцей», — зазначаюць аўтары адказу.
У дакуменце, падпісаным намеснікам міністра інфармацыі Ігарам Бузоўскім, аўтару звароту параілі звярнуцца ў суд для абароны гонару і годнасці.
Падпалкоўніка запасу Андрэя Быкава пазбавілі звання і асудзілі на пяць гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце
У Гродзенскім абласным судзе асудзілі Андрэя Быкава паводле: ч.3 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці); арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады); ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі); ч. 1 і ч. 2 арт. 366 (Гвалт альбо пагроза гвалтам, знішчэннем альбо шкодай маёмасці ў дачыненні да службовай асобы); ч. 2 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі).
Суддзя Васіль Скок прызначыў Андрэю пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 50 базавых велічыняў, а таксама пазбаўленне звання падпалкоўніка запаса.
У Жлобіне асудзілі непаўналетняга за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе
Суд Жлобінскага раёна вынес прысуд непаўнаглетняму Лявону Салдаценку, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева.
Нібыта непаўналетні Салдаценка ўвечары 9 жніўня 2020 года прыбыў у цэнтральную частку Жлобіна, дзе адбывалася акцыя пратэсту. Па матэрыялах абвінавачання Лявон, «стаяў на праезнай частцы вуліцы Першамайскай і перашкаджаў руху грамадскага і іншага транспарту. Выкрыкваў розныя лозунгі, рабіў гучныя воплескі рукамі і свістаў».
У выніку суд прызначыў Салдаценку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Рэдактара ABW.bу Юрыя Гладчука асудзілі да 2,5 гадоў калоніі
Суд Фрунзенскага раёна Мінска ў снежні 2022 года агучыў прысуд рэдактару спецпраектаў аўтамабільнага партала «Аўтабізнес» Юрыю Гладчуку— два з паловай гады калоніі. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі) КК.
Цяпер Юрый чакае на «Валадарцы» разгляд апеляцыйнай скаргі. У зняволенні журналіста ўтрымліваюць больш за восем месяцаў. Яго можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі, лістамі салідарнасці і тэлеграмамі
Рэдактараў аўтамабільнага партала «Аўтабізнес» Юрыя Гладчука і Юлію Мудрэўскую затрымалі ў мінулым чэрвені. У верасні Юлію прызналі вінаватай ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і асудзілі на 1,5 года калоніі.
Крымінальную справу супраць дырэктара газеты «Беларусы і рынак» перадалі ў суд
Стала вядома, што Канстанціна Залатых абвінавачваюць паводле чатырох артыкулах — ч. 2 арт.130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Знявага прадстаўніка ўлады), ч. 2 арт. 426 КК (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
Нагадаем, Залатых быў затрыманы 18 траўня 2022 году, пасля ператрусу дома і ў рэдакцыі выдання.
18 чалавек праз два тыдні пачнуць судзіць за спробу падпалу дома Гайдукевіча
У Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка распачнецца суд па гучнай крымінальнай справе за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Па справе праходзіць ажно 18 абвінавачаных.
Сярод іх — сям'я Вайцяховічаў з чатырох чалавек, Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Таксама завочна будуць судзіць экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева і двух былых сілавікоў. Справу паводле 14 артыкулах Крымінальнага кодэкса будзе разглядаць Сяргей Хрыпач.
Скончыў адбываць тэрмін і выйшаў на волю палітвязень Андрэй Аніскевіч
Як стала вядома праваабаонцам, 20 лютага цалкам адбыў свой тэрмін фігурант «справы карагодаў» Андрэй Аніскевіч. Мужчына быў асуджаны да 1,5 гадоў «хіміі». Пасля суда Андрэй быў затрыманы пры спробе ўцячы ва Украіну.
Чатырох жыхароў Паставаў асудзілі да «хатняй хіміі» за фотаздымак з Маршу
Стала вядома, што 17 лютага чатырох жыхароў Паставаў асудзілі да «хатняй хіміі» — абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Юрыя Дзіковіча асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі», Дзмітрыя Плешавеню і Сяргея Ляўко — да двух з паловай гадоў кожнага, Людмілу Цыбульскую — да двух гадоў і трох месяцаў.
Справу разглядзеў Міхаіл Макарэвіч у судзе Партызанскага раёна Мінска. Актывістаў прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
61-гадовага мужчыну асудзілі на год калоніі за каментар пра Лукашэнку
У судзе Маларыцкага раёна асудзілі Леаніда Уласюка паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Вольга Смірнова прызначыла Леаніду адзін год абмежавання волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Дзяржабвінавачванне падтрымаў пракурор Фёдар Міхановіч.
Леаніда абвінавацілі ў тым, што 22 красавіка 2022 года ён пакінуў абразлівы каментар у інтэрнэце пад відэа з выступам Лукашэнкі. У мужчыны канфіскавалі мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.
Вядома, што падчас вобшука ў мужчыны забралі бел-чырвона-белы сцяг, які фігураваў у матэрыялах справы.
«Я ведаю, як хлопчыкам патрэбен тата», — праваабаронца Уладзь Лабковіч з-за кратаў
9 лютага пракурор Аляксандр Кароль запрасіў тэрміны для праваабаронцаў «Вясны»: ад 9 да 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд па справе «Вясны» будзе абвешчаны 3 сакавіка ў 12:00.
Днямі ад Уладзя Лабковіча дайшоў ліст ад 13 лютага, калі праваабаронцы выступілі з апошнімі словамі: «Вось і пішу Вам чарговы ліст. Пішу, калі ўжо практычна ўсё адбылося. 9 гадоў. Гэтыя 9 гадоў больш, чым увесь час, які я ад моманту народзінаў правёў з Янчыкам і Адасём. Я ведаю як хлопчыкам патрэбен тата. Гэтыя думкі пра родных проста раздзіраюць мяне. Вось ужо больш за месяц маіх лістоў яны не атрымваюць. Але я пішу. Пішу кожны дзень. Цяпер прайшлі апошнія нашы выступы. Было шмат людзей. Я толькі сказаў пра дзетак, матулю, Ніну. Усе мае думкі толькі пра іх. Я сапраўды кожнай клетачкай, кожнай думкай з маімі дзеткамі, Нінай, мамай».
У Нясвіжы за абразу Лукашэнкі асудзілі мясцовага жыхара
Суд Нясвіжскага вынес прысуд 31-гадоваму мясцоваму жыхару Яўгену Мірасю, абвінавачанаму ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Гвозд, дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Алена Каменка.
Па матэрыялах абвінавачання, Мірась 1 сакавіка 2022 года размясціў у тэлеграм-групе паведамленне абразлівага зместу ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Гэта вынікае з заключэння судова-лінгвістычнай экспертызы.
Суд, які адбыўся 31 студзеня, прызнаў Мірася вінаватым і прызначыў яму пазбаўленне волі тэрмінам на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.