Рэпрэсіўныя хронікі. Строгі рэжым для філосафа, здзек над пенсіянерамі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 20 лютага.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg


Палітзняволенаму філосафу Мацкевічу пастрожылі рэжым, яго перавялі ў магілёўскую турму № 4, паведаміў @pozirkonline яго сваяк.
Рашэнне суда разглядалася 13 лютага судом Шклоўскага раёна на выязным пасяджэнні ў калоніі № 17.

Турэмны рэжым значыць, што зняволеныя ўвесь час знаходзяцца ў камерах ад 3 да 12 чалавек. Адразу па прыбыцці ў турму зняволены змяшчаецца на строгі турэмны рэжым, на агульны ён можа быць пераведзены толькі праз шэсць месяцаў.
На агульным рэжыме зняволены мае права на куплю тавараў максімум на 2 базавыя велічыні (74 рублі) на месяц, два кароткатэрміновыя спатканні на год, адну пасылку або перадачу і дзве бандэролі ці дзве дробныя пасылкі на год, штодзённыя прагулкі ў двары працягласцю да паўтары гадзіны.
Пры строгім турэмным рэжыме — тавары на 1 б. в. (37 руб.) на месяц, адно кароткатэрміновае спатканне на год, адна бандэроль або адзін дробны пакет на год, штодзённыя шпацыры да гадзіны.


*****
Рэдактару спецпраектаў партала «Аўтабізнес» (abw.by), палітвязню Юрыю Гладчуку суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Аб гэтым «Новаму Часу» стала вядома са сваіх крыніц.
Гладчука судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт.368 ч. 1 – «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», арт.342 ч. 1 – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
28 лютага Мінгарсуд, як вынікае з расклада паседжанняў суда, разгледзіць апеляцыйную скаргу на прысуд Юрыю Гладчуку.
*****У Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд 34-гадоваму палітзняволенаму мінчуку Андрэю Шункевічу, затрыманаму за каментары яшчэ ў канцы верасня 2021 года. Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы 16 жніўня 2020 года і напісанні абразлівых каментароў пра сілавікоў, праўладных актывістаў і Лукашэнку.
Суддзя Алена Картавенка асудзіла яго па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса і прызначыла два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
*****У Ганцавіцкім раёне ГУБАЗіК затрымаў вяскоўца за каментары ў «Аднакласніках».
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 61-гадовага Аляксандра Маляўкі. Мяркуючы па скрыншотах, мужчына пісаў абразлівыя допісы пра Лукашэнку, а таксама ў каментарах выказваў падтрымку Украіне ў вайне з Расіяй.
Сілавікі паведамляюць, што раней мужчына затрымліваўся па «справе Зельцэра».
*****Пенсіянерку затрымалі за каментар пра Лукашэнку. 68-годдзе яна сустрэне ў турме.
Праваабаронцам стала вядома, што ў жодзінскай турме ўтрымліваецца пенсіянерка Наталля Пятровіч. Па папярэдняй інфармацыі, жанчыну затрымалі 19 снежня 2022 года дома за каментар. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса за «абразу Лукашэнкі».
27 лютага жанчыне спаўняецца 68 гадоў, якія яна сустрэне ў турме.
*****Інфармацыйная прадукцыя барысаўскай інтэрнэт-газеты прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Паведамляецца, што пракурор Барысаўскага раёна звярнуўся ў суд з заявай аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай у інтэрнет-рэсурсе ex-press.bу, экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Паводле ведамства, "на названым рэсурсе рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы. У іх змяшчаюцца загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, якія дыскрэдытуюць краіну".
Суд Барысаўскага раёна задаволіў заяву пракурора ў поўным аб'ёме і дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння.*****
Студэнта, якога асудзілі за жаданне дапамагаць Украіне, у калоніі змясцілі ў ПКТ.
Андрэй Маслаў — студэнт 1-га курса, якога ў жніўні 2022 года асудзілі да 2,5 года калоніі за «падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). Яго затрымалі ў сярэдзіне траўня наўпрост каля ўкраінскай мяжы і знайшлі ў тэлефоне перапіску з ботам батальёна Каліноўскага. На судзе хлопец распавёў, што «хацеў дапамагаць Украіне», прыярытэт — валанцёрская і гуманітарная дапамога.
Адбываць пакаранне Андрэя накіравалі ў бабруйскую калонію № 2. Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы лютага 19-гадовага палітвязня змясцілі на месяц у памяшканне камернага тыпу.
*****
Палітзняволенага Ігара Аліневіча змяшчалі ў ШІЗА ў турме. Пра гэта распавяла ягоная маці ў сацсетках:
"Роўна месяц не было лістоў. Нарэшце прыйшла паштоўка. 14 лютага толькі выйшаў з ШІЗА. З васьмі маіх лістоў атрымаў толькі два".
Нагадаем, актывіста анархісцкага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі з мазырскай калоніі ў жодзінскую турму 11 жніўня 2022 года. Пасля гэтага яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.
****І адна пазітыўныя навіна. Суд зняў з Міхаіла Жамчужнага ўсе абмежаванні яго правоў і свабод.
Былому палітвязню спынілі рэжым прэвентыўнага нагляду, які 1,5 гады ажыццяўлялі супрацоўнікі міліцыі. Такое рашэнне 20 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебска прыняў суддзя Ілля Белавус.