Уладальніка бара «Банкі-бутэлькі» з жонкай асудзілі. Менавіта ля іх бара спявала песню «Обійми» Мэрыем Герасіменка

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 31 студзеня асудзілі ўладальніка бара «Банкі-бутэлькі» Андрэя і ягоную жонку Марыю Жук. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), паведамляюць праваабаронцы.

Фота: Інстаграм Андрэя Жука

Фота: Інстаграм Андрэя Жука

Вядома, што суддзя Сяргей Кацэр прызначыў Андрэю 2,5 гады «хіміі».
Прысуд Марыі Жук застаецца невядомы.
Нагадаем, 3 жніўня на Зыбіцкай прайшоў вулічны канцэрт спявачкі Мэрыем Герасіменка на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі». Яна спявала песню «Океана Эльзи» «Обійми» ў падтрымку Украіны. Спявачку затрымалі і двойчы арыштавалі на 15 сутак, а потым завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК.
На наступны дзень пасля канцэрта ў бар прыйшлі праверкі з санстанцыі і МНС. А пазней быў затрыманы ўладальнік бара Андрэй Жук. Акрамя таго, затрымалі і яго жонку Марыю. 20 студзеня Мэрыем асудзілі таксама па «народным» артыкуле да трох гадоў «хатняй хіміі».
Нядаўна лідар гурта «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд Мэрыем Герасіменка.

Падчас эфіру на тэлеканале «1+1» Вакарчук сказаў, што ў Беларусі прымяняюцца рэпрэсіўныя метады, якія выкарыстоўваліся ў савецкі час, калі маглі звольніць з працы за тое, што чалавек слухае «няправільную» музыку, ці ў больш раннія часы ў СССР або ў Германіі ў час нацыстаў, калі за «няправільную» творчасць маглі проста забіць. Ён узгадаў, што ў 1930-я гады Украіна страціла багата паэтаў і пісьменнікаў, бо яны пісалі тое, што Саветам не падабалася.

Кажучы пра прысуд Герасіменка, Вакарчук адзначыў: «У дадзеным выпадку гэта тыповыя рэпрэсіўныя метады. Мне вельмі шкада гэту выдатную дзяўчыну, якая, я спадзяюся, знойдзе сілы і годна пройдзе гэтае выпрабаванне. Жадаю ёй і ўсім астатнім, цалкам несправядліва асуджаным, або тым, хто чакае суда, трываласці. Безумоўна, мы іх у гэтым падтрымліваем маральна, чым можам».

Музыка таксама звярнуў увагу на тое, што спачатку прычынай затрымання Герасіменка назвалі выкананне ёю песні на ўкраінскай мове, а потым заявілі, што прычынай стала тое, што артыстка данаціла на ўкраінскае войска: «Я не магу зразумець, чаму данаціць украінскаму войску — гэта парушэнне грамадскага парадку. Гэта, як у Оруэла, зусім іншы свет, з якога, дзякуй Богу, мы, украінцы, сышлі ў 1991 годзе і дакладна ніколі не вернемся. Мы сёння плацім страшную цану ахвярамі, каб не вярнуцца да жаху, у якім цяпер знаходзяцца Беларусь і Расія», — сказаў Вакарчук.