«Акупантаў не абслугоўваем». Што цяпер з дырэктарам крамы аўтазапчастак, які не прадаў тавар расійскім вайскоўцам?

За «парушэнне раўнапраўя» асудзілі дырэктара крамы аўтазапчастак, паведамляюць праваабаронцы. Расійскія салдаты прэтэнзій не мелі, а скаргу напісаў беларус, які прыйшоў з вайскоўцамі ў краму.

_belarus_pazarniki_mns_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__1_logo.jpg

У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 16 лютага вынеслі прысуд 65-гадоваму дырэктару крамы аўтазапчастак Віктару Макарэнку за тое, што ён адмовіўся прадаваць тавар вайскоўцам Расійскай Федэрацыі і назваў іх акупантамі.

Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 190 Крымінальнага кодэкса («парушэнне раўнапраўя грамадзян»).

Суддзя Арцём Падалянец на запыт пракуроркі Святланы Пасемкі прызначыў Віктару штраф у памеры 300 базавых велічыняў (11 100 беларускіх рублёў). Індывідуальная дзейнасць Макарэнкі, якую ён ажыццяўляў з 1993-га года, спыненая па рашэнні эканамічнага суда па пазову мясцовага пракурора.

Суддзя Арцём Падалянец і пракурорка Святлана Пасемка. Скрыншот з відэасюжэту з суда «ТРК Брэст»

Суддзя Арцём Падалянец і пракурорка Святлана Пасемка. Скрыншот з відэасюжэту з суда «ТРК Брэст»

Што здарылася?

28 кастрычніка 2022 года адзін з праўладных тэлеграм каналаў апублікаваў пост, дзе распавеў пра затрыманне ў Баранавічах дырэктара крамы аўтазапчастак. Паводле іх, мужчына сказаў свойму падначаленаму: «Не продавай им ничего, они оккупанты». Пад акупантамі меліся на ўвазе вайскоўцы Расійскай Федэрацыі.

Дырэктара крамы аўтазапчастак затрымалі. Праўладны тэлеграм-канал сцвярджаў, што пасля затрымання знайшліся доказы ўдзелу мужчыны ў пратэстах 2020 году, а таксама факты зробленых пасля 24 лютага грашовых пераводаў на Збройныя сілы Украіны.

Віктара Макарэнку сапраўды затрымлівалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 190 Крымінальнага кодэкса («парушэнне раўнапраўя грамадзян») на трое сутак, а таксама арыштоўвалі на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Да суда мужчына быў на волі.

У чым яго абвінавацілі цяпер?

Згодна з версіяй абвінавачвання, Макарэнка, з'яўляючыся індывідуальным прадпрымальнікам, 20 кастрычніка 2022 года, з 9:30 да 11:30 «наўмысна на глебе негатыўнага непрыяцельскага стаўлення да ваеннаслужачых Расійскай Федэрацыі, якое ўзнікла ў сувязі з праводзімай Расійскай Федэрацыяй спецыяльнай ваеннай аперацыяй на тэрыторыі Украіны, у парушэнне роўнасці правоў, свабод чалавека і грамадзяніна, стварыў перашкоду для поўнай рэалізацыі правоў і свабод шляхам адмовы ім як уласнік крамы ў абслугоўванні і рэалізацыі тавараў — запчастак для аўтамабільнай тэхнікі вайскоўцам грамадзянам Расійскай Федэрацыі Барахціну Дзянісу Алегавічу і Галаўко Аляксандру Яўгенавічу. А таксама дачы няправільных указанняў прадаўцу, тым самым абмежаваўшы права на роўны доступ і свабодны выбар тавару, прадугледжаны артыкулам 10 Закона ад 9 лістапада 2002 года «Аб абароне правоў спажыўцоў».

Такім чынам, Макаранка «здзейсніў наўмыснае абмежаванне правоў і свабод грамадзян у залежнасці ад нацыянальнасці і службовага становішча, прычыніў істотную шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзян, тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 190 Крымінальнага кодэкса».


Ці прызнаў віну абвінавачаны?

Віктар Макаранка заявіў, што прызнае сябе вінаватым толькі ў тым, што пакрыўдзіў пацярпелых. Ён адзначыў на працэсе, што расійскія вайскойцы не малі прэтэнзій да яго, а ініцыятарам ўзбуджэння крымінальнай справы стаў менавіта беларускі вайсковец.

На судзе Віктар распавёў, што 20 кастрычніка 2022 года ён зайшоў у краму і ўбачыў трох вайскоўцаў, у дваіх з іх на рукаве былі шаўроны з літарай «Z». Ні да каго не звяртаючыся, ён сказаў такія словы: «Оккупантов мы не обслуживаем». Пасля гэтага адзін з гэтых салдат сказаў: «А отчего вы считаете нас оккупантами?» На гэта Віктар сказаў: «Потому что ваша армия вторглась в Украину и убивает там людей».

Дырэктар крамы растлумачыў, што ніякіх указанняў прадавачцы ён не даваў. Яна працягвала іх абслугоўваць, у тым ліку беларускага вайскоўца. Пры гэтым адзін вайсковец верагодна разлаваўся, і выйшаў з залі. Што характэрна, беларускі вайсковец набыў усё ж такі ў гэтай краме запчасткі для сваіх калегаў — у матэрыялах справы маецца адпаведны чэк.

На судзе дапыталі толькі беларускага вайскоўца Бейдзюка Дзмітрыя Віктаравіча з вайсковай часткі 97035, які прыходзіў у краму з вайскоцамі Расійскай Федэрацыі. Апошніх на судзе не дапыталі, паколькі «маецца інфармацыя, што яны знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь і горада Баранавічы». На судзе зачыталі іх паказанні, дадзеныя падчас допытаў на папярэднім следстве і на вочнай стаўцы.

Беларускі вайсковец распавёў, што ў кастрычніку знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы на 230-м агульнавайсковым палігоне. Раніцай 20 кастрычніка атрымаў загад суправадзіць вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі ў горад Баранавічы для набыцця запчастак у службовыя аўтамабілі. У краме і адбыўся інцыдэнт.

Пракурорка Святлана Пасемка запрасіла для Макарэнкі штраф у памеры 300 базавых велічыняў (11 100 рублёў). Суддзя Арцём Падалянец прызначыў менавіта такое пакаранне.

Яшчэ да суда баранавіцкі пракурор накіраваў пазоў у эканамічны суд аб спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка Макарэнкі. 19 снежня 2022 года эканамічны суд спыніў яго дзейнасць. Індывідуальным прадапрымальнікам Віктар Макарэнка працаваў з 1993-га года. Цяпер мужчына знаходзіцца на пенсіі.