«Я приехала в грязь!» Мой досвед працы клінеркай у Варшаве

Беларуская журналістка шэсць тыдняў працавала ў клінінгавай кампаніі ў Варшаве і дзеліцца вынікамі гэтага эксперыменту.

Цэнтр Варшавы

Цэнтр Варшавы


Я журналістка. У кастрычніку 2022 года я пакінула Беларусь і прыехала ў Варшаву. Тут я выразна адчула, што не хачу з раніцы да ночы адсочваць, рэпосціць, абмяркоўваць адны і тыя ж навіны. Былі вялікія сумневы, што гэта людзям трэба. Але альтэрнатывы, як і пра што пісаць у эпоху войнаў, рэпрэсій і эміграцыі, у галаву не прыходзілі. І ў мяне ўсё часцей узнікала жаданне заняцца фізічнай працай. І я яго здзейсніла. Я стала клінеркай, і пратрымалася на гэтай працы 6 тыдняў. Ці прынесла гэта палёгку? Ці складана вось так раптам ператварыцца ў «абслугоўваючы персанал»? Ці лёгка потым зноў вярнуцца да інтэлектуальнай працы? Паспрабую адказаць на гэтыя пытанні.

За месяц выйшла 2500 злотых з чаявымі

Я працавала ў невялікай клінінгавай кампаніі, якую заснавала ўкраінка. Перад гэтым яна сама працавала клінеркай у вядомага беларуса, які даўно разгарнуў гэты бізнес у Польшчы.
Аплата была 20 злотых за гадзіну стандартнай уборкі, за генеральную — 25 злотых. Здавалася б, нармальная стаўка, па падліках, пры стандартным васьмігадзінным працоўным дні 5 разоў на тыдзень атрымліваецца недзе 3200 злотых. Але на практыцы такой сумы няма. Таму што 8 працоўных гадзін штодня не атрымліваецца.
Часам у дзень можа быць адзін заказ на тры гадзіны, напрыклад. Часам можа быць два заказы, але паміж імі можа быць двухгадзінны перапынак, і гэтыя дзве гадзіны не аплачваюцца. Да таго ж цябе могуць ставіць у пару з іншым клінерам, тады час уборкі скарачаецца ўдвая, такім чынам, памяншаецца і аплата.
Звычайна пры двух замовах у дзень сыходзіш раніцай і вяртаешся ўвечары, а нармальнай выпрацоўкі не атрымліваецца — праз дарогу і перапынак. У выніку за месяц я зарабіла 2300 злотых. З чаявымі 2500 злотых. Чаявыя давалі альбо пастаянныя кліенты, альбо беларусы. Салідарнасць. Пастаянныя кліенты самі цябе выбіраюць. Калі ім спадабалася, як ты прыбралася, яны пішуць менеджэру, каб цябе за імі замацавалі. Калі я атрымала свой першы станоўчы водгук, маўляў, «дзяўчына выдатна ўсё зрабіла, хочам толькі яе», то злавіла сябе на думкі, што проста расквітнела: вось яно — прызнанне! Мала чалавеку трэба для шчасця, пацвярджаю.
Напэўна, можна зарабіць і больш, калі браць больш двух кватэр у дзень, працаваць 6 дзён на тыдзень. Але па маім досведзе пасля ўборкі двух кватэр сіл амаль не застаецца, а за адзін выходны не аднавіцца.

Тыповы "спальнік" Варшавы

Тыповы "спальнік" Варшавы

Кантакты кліентаў былі толькі ў менеджэра. Нам проста дасылалі адрас. Гэта робіцца для таго, каб мы не дамаўляліся з людзьмі наўпрост. Гэта слушная асцярога, бо, да прыкладу, уборка трохпакаёвай кватэры з двума санвузламі каштуе 300 злотых, з іх клінер атрымае 100 злотых, а калі ў пары, то толькі 50 злотых. Таму правілы кампаніі строга забаранялі клінерам браць кантакты кліентаў.

Цела ныла ўвесь час

Праца простая і складаная адначасова. Ёсць рэгламент: ты павінен прыбраць кватэру за пэўны час, а не як атрымліваецца. Часу, як правіла, хапала, але пры ўмове, што ты прыбіраеш без прыпынкаў. То-бок гэта такі фізічны нон-стоп на працягу некалькіх гадзін. Адпачываеш, калі едзеш на наступны заказ. У мяне цела хваравіта ныла на працягу ўсіх 6 тыдняў, асабліва правая рука, паколькі на яе легла асноўная нагрузка.
Але я ўпершыню за доўгі час была спакойная і шчаслівая. Таму што ўсё было проста і зразумела, мозг адпачываў, вынік працы цешыў вока, быццам разам з памяшканнем ад пылу і бруду чысціўся і ўласны мозг.
Мерны дзень, зносіны з новымі людзьмі, кожны раз — новае месца працы... Дасюль помню адну кватэру ў гістарычным цэнтры Варшавы — Старэ-Мяста. Мяне заўсёды цікавіла, ці жывуць у гэтых цацачных доміках людзі і якія там памяшканні. Аказалася, што людзі там жывуць і ўнутры прасторныя кватэры з сучасным рамонтам. Я трапіла ў адзін такі дом, калі ішоў снег. З вакон кватэры былі бачны вокны суседняга дому — руку працягнеш і дакранешся, як у казках Андэрсана, пра Кая і Герду. Сняжынкі, чарапіца, ажурныя вокны суседняга дому. Памятаю, я тады прыбірала пакой дзяўчынкі і думала, як ёй пашанцавала бачыць такі казачны від штодня.

У гэтых цацачных дамках кватэры з сучасным рамонтам

У гэтых цацачных дамках кватэры з сучасным рамонтам

Але гэта праца для тых, хто любіць прыбірацца і хто мае яшчэ нейкі прыбытак. Цякучка кадраў была вялікая, у асноўным, з-за таго, што прыходзіцца ўвесь дзень з вазком матацца па горадзе, але зарабіць як за паўнавартасны дзень не ўдаецца. Больш выгадна дзесьці на складзе сядзець 8 гадзін па меншай стаўцы.
Такім чынам, рэзюмую. Ці прынесла мне праца клінеркай палёгку? Так! Потым ужо знаёмыя псіхолагі патлумачылі мне, што фізпраца — добрая прафілактыка выгарання, дэпрэсіі. На сваім вопыце магу сказаць, што гэта працуе. Чаму пайшла адтуль? Зноў захацелася інтэлектуальнай нагрузкі і грамадскай карысці. Пра апошнюю я не забывала, у свае выходныя працягвала пісаць журналісцкія матэрыялы. Але з кожным тыднем заўважала, што вяртацца да гэтага ўсё складаней. Таму што альтэрнатыва пасля цяжкай фізпрацы заслужана без згрызоты сумлення паляжаць і паглядзець кіно была прывабней. Таму я баялася, што праз кар'еру топавага клінеру забуду свае журналісцкія навыкі.

Якое гэта адчуванне — мыць падлогі і ўнітазы ў чужых дамах?

Так здарылася, што свой першы заказ на ўборку я атрымала ў свой дзень нараджэння. І перад выездам я сядзела ў ваннай і плакала, таму што мне здавалася, што не так павінен праходзіць дзень нараджэння, калі табе за сорак. Гэта прорва, а не перспектывы. Але гэты настрой у мяне знік адразу ж пасля першага працоўнага дня, калі мы ў камандзе 4 клінераў прыбралі спачатку кватэру, а потым вялікі дом за горадам. Усё ўстала на свае месцы — праца як праца: пасля цябе ўсё чыста, людзі табе ўдзячныя.
Кліентамі ў асноўным былі ўкраінскія сем'і і рэдка беларусы. Стаўленне — роўнае, усе ўсё разумеюць. Карацей, ніякай няроўнасці не адчуваеш. Годнасць гумовымі пальчаткамі і ёршыкам не адбярэш.

Тры брацкіх народа ў польскай кватэры

Сярод працуючых у нашым клінінгу ў асноўным былі жанчыны з вышэйшай адукацыяй, ад 30 да 60 гадоў. Напрыклад, была жанчына з Украіны, пад 60 гадоў, з трыма вышэйшымі адукацыямі, у тым ліку ваеннай. Калі яна ўваходзіла ў дом да кліентаў, паводзіла сябе так, што было незразумела, хто тут яшчэ гаспадар. Яна з Бахмута, прыехала ў Польшчу з хворай мамай пасля пачатку вайны. У асноўным тут працавалі ўкраінкі, якія ўцяклі ад вайны з сям’ёй, у кожнай свая гісторыя і свой боль. Была расіянка з Калінінграда.
Па яе расказах, яна прыехала сюды з дачкой, бо заставацца там было небяспечна: дачка ўдзельнічала ў маршах у абарону Навальнага. Жанчына расказвала, як у кватэры да людзей урываюцца сілавікі за каменты ў сацсетках супраць вайны, што шмат калінінградцаў выходзілі на антываенныя маршы. Яна прызналася, што першыя дні працы проста плакала па дарозе да кліентаў, так ёй было нязвыкла прыбірацца ў чужых людзей, але рабіць няма чаго, з яе пашпартам асабліва працу тут не знойдзеш, гаварыла яна. Была таксама беларуска, актывістка з раённага гораду, якая вымушаная была эміграваць у Польшчу праз рэпрэсіі.

img_30b0fd68150bc502a2ea5fa7ac2cb69c_v_logo.jpg


Ці былі разборкі паміж намі? Не. Зусім. Неяк прыбраўшы дом і чакаючы гаспадара, мы раптам усвядомілі, што вось у польскай кватэры побач сышліся беларуска, расейка і ўкраінка, і засмяяліся. Тры брацкія народы, якія, па ідэі, цяпер ворагі, дзякуючы Пуціну і Лукашэнку. Але ў жыцці ўсё не так.

Прыехала на ўборку — а там калега

У гэтай працы самае цікавае, што кожны дзень — новае працоўнае месца, новыя людзі. Для мяне самым запамінальным пацешным выпадкам стала сустрэча з калегам. Верагоднасць беларускай журналістцы патрапіць прыбірацца да беларускага журналіста ў Варшаве, здавалася б, нікчэмная. Але гэта адбылося літаральна праз пару тыдняў працы! Заходжу я ў кватэру і чую чыстую беларускую мову, на якой абмяркоўваюць актуальныя навіны. А потым бачу перад сабой вядомага журналіста Стася Івашкевіча! Мы асабіста не былі знаёмыя (перасякаліся неяк на прэміі БАЖ «Вольнае слова», калі абодва былі лаўрэатамі). Не ведаю, ці пазнаў ён мяне, але я яго дакладна пазнала, пра што адразу і сказала. Пра тое, што мы калегі, казаць не стала, каб не шакаваць. Стась даў нам вельмі шчодрыя чаявыя. Добры чалавек.
Увогуле мне пашанцавала, неадэкватныя кліенты мне не трапляліся. Хоць іншыя клінеркі распавядалі, што ў іх бывалі скрупулёзныя гаспадары, якія ледзь не з лупай аглядалі ліштвы і люстры, ці добра яны памытыя.
Здараліся дробныя разборкі, якія мы абмяркоўвалі ў працоўным чаце. Шчыра скажу, што чытаць гэтыя разборкі, адкінуўшы інтэлігенцкія замарочкі, маўляў, я вышэй за гэта, было захапляльным заняткам па вечарах.  

img_08c24d0bd322e2c4fdb1dd6e586d67ac_v_logo.jpg

Большасць заказаў — гэта кватэры сярэдняй ступені забруджанасці. Але часам трапляліся вельмі брудныя, якія не ўдавалася прыбраць за адведзены рэгламент. А лішнія гадзіны цябе не аплачваліся. Каб даказаць, што на ўборку сыдзе больш часу, трэба сфатаграфаваць памяшканне або зняць відэа, каб менеджэр ацаніў абстаноўку і дамовіўся з гаспадарамі аб даплаце. Але фота і відэа часта не перадаюць тое, што бачыш сваімі вачыма. У мяне была кватэра, дзе я толькі адну ванную прыбірала дзве з паловай гадзіны замест звычайнай гадзіны, бо там усе сцены былі пакрытыя нейкім тлушчам, а падлога тоўстым пластом пылу. Яшчэ, бывала, ламаўся пыласос, а ў доме жывёлы, і клінерам даводзілася ўручную анучай збіраць шэрсць, што вельмі падаўжала час уборкі. Вось гэтыя ўсе нюансы абмяркоўваліся ў чаце.
Мне як журналістцы было вельмі цікава ўсё гэта чытаць і прыкмячаць яркія фразы. Адну такую я запомніла за ёмістасць і вобразнасць. «Я приехала в грязь!» — напісала адна клінерка па-расейску, апісваючы стан кватэры. Я вынесла гэты шэдэўр у загаловак.
Яшчэ мне запомнілася адна скарга кліента. Клінеры, мабыць, занадта гучна абмяркоўвалі паміж сабой або з менеджэрам ступень забруджвання кватэры. І гаспадыня потым напісала менеджэру: «Паслухаўшы вашых клінераў, у мяне склалася ўражанне, што мой дом — свінарнік, і гэта неяк непрыемна». 

Высновы

За 31 працоўны дзень у мяне было 42 замовы. Я аб'ездзіла шмат раёнаў Варшавы, пазнаёмілася з класнымі ўкраінкамі, беларускай і расейкай, даведалася пра тонкасці ўборкі, пра якія не здагадвалася раней. Галоўнае — я была ў абсалютнай раўнавазе, спакоі ўсе 6 тыдняў. Так што рэкамендую фізпрацу як прафілактыку засмучэння і выгарання. Вяртанне да інтэлектуальнай працы прыходзіць хутка. Сумяшчаць гэта таксама можна. Карацей, я цяпер ведаю, куды ісці, калі зноў накрые.

У каралеўскім парку Лазенкі паўліны паўсюль.

У каралеўскім парку Лазенкі паўліны паўсюль.

Фота з уласнага архіву аўтаркі