Onet.pl: Ігнараванне беларускай апазіцыі — сумная праява страхаў Зяленскага

З мітынгу ў Варшаве пасля прамовы Байдэна вёў трансляцыю найбуйнейшы польскі партал Onet.pl. Журналісты бралі каментары ў прысутных і ў нейкі момант падышлі да дзяўчыны з бел-чырвона-белым сцягам. Яе словы выклікалі абмеркаванне ў студыі.

Джо Байдэн у Варшаве. Фота: Evelyn Hockstein/Reuters

Джо Байдэн у Варшаве. Фота: Evelyn Hockstein/Reuters


Журналіст назваў сцяг бела-чырвоным. Дзяўчына яго паправіла і распавяла: «Добрыя ўражанні, бо была ўзгадана рэч, для мяне вельмі важная. Гэта згадка пра Беларусь, якая змагаецца за дэмакратыю і свабоду. Бо, верагодней за ўсё, у хуткім часе беларускія войскі далучацца да расійскіх. У выніку дыскрымінацыя і прэсінг людзей, якія змагаюцца за вольнасць Беларусі, будуць яшчэ больш заўважныя. Таму я прыйшла сюды ў ролі «хадзячага сцяга» вольнай Беларусі. Каб нагадаць, што мы ўсе разам змагаемся за свабодную Украіну і за свабодную Беларусь».

Пасля гэтых слоў журналіст пачаў выбачацца, што не заўважыў яшчэ аднаго, белага колеру на сцягу. Каментар беларускі выклікаў у студыі абмеркаванне месца Беларусі ў пытанні вайны ва Украіне.

Каардынатар, каментатар і рэдактар сэрвісу «Onet Politico» Міхал Бранятоўскі, які прысутнічаў у студыі, на словы вядучага пра тое, што вялікую занепакоенасць украінскага боку выклікае вялікая колькасць беларускіх вайсковых падраздзяленняў на беларуска-польскай мяжы, заўважыў:

«Не настолькі вялікая колькасць войскаў на мяжы і не настолькі гэты страх вялікі. Граніцу на поўнач ад Кіева вельмі цяжка перайсці з-за балот і разліву, выкліканага падрывам плаціны. Тым не менш Украіна баіцца, што нешта можна здарыцца з боку Беларусі. Сумная праява гэтай боязі заключаецца ў тым, што ўкраінскія ўлады не хочуць сустракацца з беларускай апазіцыяй.

Зяленскі з самага пачатку вайны нават не размаўляў з Ціханоўскай. Гэта не з-за таго, што ён яе не любіць ці жадае зла беларускай апазіцыі. Ён не хоча раздражняць Лукашэнку.

Такім чынам, гэта жорсткая палітыка. Да таго ж сам прэзідэнт Украіны не згадваў Беларусь, нягледзячы на тое, што гэтая краіна — вельмі важны гулец у рэгіёне.

Калі ён столькі разоў згадваў пра дэмакратыю і свабоду, то павінен успомніць беларусаў, якія пазбаўлены ў значнай ступені і аднаго, і другога».

Адметна, што ў трансляцыях польскіх тэлеканалаў учора перад прамовай Байдэна перыядычна паведамлялася, што паслухаць яго сабраліся не толькі палякі, але і ўкраінцы, а таксама шмат беларусаў.

У той жа час большасць украінскіх каналаў у сваіх трансляцыях не згадалі слоў Байдэна пра Беларусь.

Цалкам кавалак прамовы Джо Байдэна, дзе згадвалася Беларусь, гучаў так: «Праз падзел і прыгнёт, калі прыгожы горад быў разбураны пасля Варшаўскага паўстання, на працягу дзесяцігоддзяў пад жалезным кулаком камуністычнага праўлення Польшча выстаяла, таму што вы былі разам.

Гэтак жа адважныя лідары апазіцыі і народ Беларусі працягваюць змагацца за сваю дэмакратыю.

Гэтак жа рашучае жаданне народа Малдовы жыць ва ўмовах свабоды прынесла ім незалежнасць і паставіла іх на шлях сяброўства з ЕС».

Гледачы ўкраінскіх трансляцый заўважылі, што там гэту цытату далі няпоўнай. У трансляцыі «Суспільне» (той жа пераклад паказвалі на ўкраінскіх каналах «1+1» і «Факти ICTV») згадку пра Беларусь прапусцілі. Перакладчык агучыў словы Байдэна пра Варшаўскае паўстанне і пра тое, што Польшча выстаяла дзякуючы салідарнасці, а пасля перайшоў да выказвання пра Малдову.

Аналагічна было ў сінхронным перакладзе на канале «Freedom».

На ўкраінскай версіі канала «Голас Амерыкі» перакладчык пачаў перакладаць фразу пра Беларусь, але запнуўся і пераключыўся на Малдову. «І народ Беларусі і далей змагаецца з… Мы ведаем, як народ Малдовы стаіць за свае правы», — прагучала ў эфіры.

Невядома, тое было наўмысна ці ад таго, што не хапіла часу ў жывым эфіры агучыць прамову амерыканскага прэзідэнта даслоўна.

Канал «Радіо Свобода Украіна» даў пераклад гэтага ўрыўка прамовы цалкам.

Паводле «НН»