«Z» — значыць «здраднік». Пераасэнсаванне сучаснасці
Безумоўная падзея гэтага тыдня — гадавіна вайны ва Украіне. Мужнасць і трываласць украінскага народа разбурыла шмат міфаў. Мы і не думалі, што рэальная карціна свету настолькі адрозніваецца ад нашых уяўленняў. Аказалася, што знакамітае выслоўе «Я ведаю, што нічога не ведаю», якое прыпісваюць Сакрату, актуальнае і ў нашы дні.
Безумоўна, будзе шмат аналізу і рэфлексій на гэтую тэму ў бліжэйшыя дні. Аднак паглядзім на тое, як змянілася наша светаўспрыманне ўсяго за адзін год.
Па-першае, канешне, пра Расію. Усяго год спатрэбіўся, каб асэнсаваць, што яе «імперская веліч» і «непераможная другая армія свету» — толькі панты. Яшчэ напярэдадні ўварвання той-сёй казаў, што Кіеў возьмуць за тры-чатыры дні, а Зяленскі проста збяжыць. Аднак прэзідэнт Украіны выявіўся сапраўдным кіраўніком сваёй краіны. А ўкраінскі народ — не «народцам» і не «насельніцтвам», як некаторыя разлічвалі. Шмат хто не мог нават уявіць, што краіна здолее не толькі аказаць супраціў, але і выстаяць.
Калі мы пра гэта кажам цяпер, падаецца нават фантастыкай, што Украіна не толькі змагаецца, але і перамагае. Канешне, там проста ніхто не думаў, што яе атакуюць адразу з трох бакоў. Калі і чакалася атака, то з Усходу — з Данецкай і Луганскай абласцей. Ніхто не думаў, што суагрэсарам акажацца Беларусь і што расійская армія ажыццявіць імгненны рывок з Крыма.
Але Украіна, фактычна ўзятая ў «клешчы», здолела выстаяць.
«Па-другое» вынікае з «па-першае». Яшчэ год таму мы палохаліся, што Расія можа ўжыць ядзерную зброю ў гэтым канфлікце. Нам столькі раз гэтым пагражалі і на гэта намякалі, што цяпер гэтага ядзернага ўдару ніхто не баіцца. Не, перасцярогі, канешне, існуюць, аднак… Жудасць гэтай пагрозы пакрысе сціраецца. І не ў малой ступені таму, што мы пабачылі баяздольнасць гэтай «другой арміі свету».
Цяпер там, у Расіі, ПВК «Вагнер» і рэгулярная армія змагаюцца за прыярытэты пастаўкі снарадаў. Не якой-небудзь супер-пупер зброі — звычайных снарадаў. Высветлілася, што ніхто не пралічваў магутнасці ваенна-прамысловага комплексу, таму нават снарады сталі дэфіцытам. Прыгожын патрабуе іх сабе, расійскае Мінабароны кажа, што і так дае 140% ад запатрабаванага. І чамусьці нікому з іх не прыходзіць на розум самае простае тлумачэнне — прычына тут у ланцужку паміж складамі Мінабароны і «Вагнерам». Калі Мінабароны нешта адпраўляе, а яно да заяўленага атрымальніка не даходзіць, значыць, нехта прысабечвае… А прысабечыць у Расіі — гэта гістарычнае, гэта мы ўжо бачылі ў час пуцінскай «частковай мабілізацыі», калі высветлілася, што вайсковы рыштунак раней кралі «Камазамі», і ніхто нічога не заўважаў…
Гэта я да чаго? Да таго, што я, напрыклад, не ўпэўнены, што расійская «ядзерная праграма» больш дзеяздольная, чым расійскае войска агулам. Што іх ракеты ўвогуле здольныя ўзляцець, не кажучы пра тое, каб яны прыляцелі туды, куды трэба… Гэта, зразумела, перабольшванне, але тым не менш, можа высветліцца, што ракеты на месцы, а вось пускавыя механізмы ды сістэмы нацэльвання даўно ўжо разабраныя на каляровы метал.
Год таму лічылася, што Захад слабы і раз’яднаны, што ён не здолее пражыць без расійскіх энерганосьбітаў, што яго каштоўнасці даўно пахаваны пад realpolitik. Мажліва, год таму так яно і было. Але выклік Расія кінула настолькі глабальны, што ўзгадалі адразу ўсё — і каштоўнасці, і яднанне, і NATO раптам атрымала другое дыханне.
Якая несправядлівасць! Мінулы амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп столькі скандаліў наконт таго, каб усе краіны NATO вытрымлівалі стандарт выдаткаў на абарону ў 2% ад свайго ВУП, а скарыстаўся гэтым цяпер яго супернік Джо Байдэн.
Канешне, высвятляецца, што і на складах NATO танкі разабраныя, і частка з іх небаяздольная, іх трэба давесці да ладу, каб перадаць Украіне. І тым не менш, яшчэ год таму Захад пастаўляў Украіне выключна ручныя супрацьтанкавыя комплексы «Jahvellin», а пра цяжкую зброю ніхто нават і думаць не мог…
І дакладна ніхто не чакаў, што самая залежная ад расійскага газу Германія ўсяго за адзін год скароціць яго спажыванне да нуля.
А для Беларусі гэты год выйшаў надзвычай несуцяшальным. Таму што высветлілася, што той, хто больш за ўсіх крычаў пра «мірнае неба» і «абы не было вайны», якраз вайну нашай краіне і прынёс.
Так ужо склалася, што гадавіна вайны практычна супадае з беларускім «Днём абаронцаў Айчыны». І гэта таксама нагода падумаць, хто ж у нас аказаўся сапраўдным яе абаронцам. Нечакана выявілася, што гэта зусім не вайскоўцы, не КДБ, не сілавікі. Яны якраз і не здолелі супрацьстаяць «гібрыднаму ўварванню», а наадварот, усяляк спрыялі і працягваюць спрыяць прысутнасці ў краіне расійскіх войскаў. Яны радасна падхапілі літару «Z», мяркуючы, што хутка акажуцца сярод пераможцаў. А аказалася, што насамрэч «Z» — азначае «здраднік».
Дарэчы, вы заўважылі, як змянілася ўспрыманне беларускага войска ў агульнай свядомасці? Калі яшчэ ў 2020-м некаторыя абдымаліся з байцамі спецпадраздзяленняў, хадзілі з плакатамі «Армія з народам», то цяпер пра беларускае войска згадваюць толькі ў адным кантэксце — пашлюць іх ваяваць ва Украіну альбо не пашлюць, і колькі іх там паляжа? Ніхто нават не задумваецца пра тое, што беларуская армія можа недзе некага перамагчы, усе сыходзяцца ў меркаванні, што беларусы будуць не больш чым «гарматным мясам». Пра нейкую яе баяздольнасць не згадваюць нават эксперты.
Напрыклад, шанаваны намі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі напярэдадні ў сябе ў тэлеграме зрабіў апытанку наконт магчымага ўступлення беларускага войска ў вайну. Адзін з адказаў гучаў так: «Для Крамля жменька беларускіх вайскоўцаў нічога не значыць». То-бок у нас не армія, у нас «жменька».
А памятаеце, што было на працягу гэтага года самым вялікім гонарам беларускага войска? Не ракеты, не славутыя «Паланэзы», а тое, што ўрэшце салдатам зрабілі больш-менш нармальную аптэчку! А памятаеце, як чуллівыя беларускія памежнікі скардзіліся, што іх украінскія калегі паказваюць ім праз мяжу непрыстойныя жэсты? Прыкладна так, як «байцы» АМАПа цярпелі маральныя пакуты з-за таго, што з іх жанчыны здымалі балаклавы і «наносілі драпіны»?
І ўсё гэта (і шмат чаго яшчэ кожны дадасць ад сябе) мы даведаліся толькі за адзін год вайны. Год, які змяніў свет, змяніў наша светаўспрыманне, змяніў нашу свядомасць. Год, які ў чарговы раз акрэсліў, дзе чорнае і дзе белае, хто аказаўся патрыётам і хто — здраднікам, дзе знаходзяцца ворагі і дзе — сябры.
І гэтыя перамены ў свядомасці — яшчэ не канчатковыя.