Як год вайны паўплываў на беларусаў і чым нам варта ганарыцца?

Вайна ва Украіне, страх перад вайной у Беларусі, моцныя эмоцыі — усё гэта не спрыяе рацыянальнаму мысленню, лічыць Пётр Рудкоўскі. Аднак беларусам ёсць чым гарарыцца ў гэтым годзе.

mirny_pratest_nalepki_ncz_logo.jpg

Вынікі года вайны ва Украіне і яго ўплыву на беларусаў «Филин» абмеркаваў з палітолагам, акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім.

— Як гэты ваенны год паўплываў на беларусаў?

— Лістападаўскае апытанне ў рамках праекта «Беларускі трэкер перамен» паказала, што цягам 2022 года ў беларускім грамадстве ўзрос «давер да ўлад». Што неабавязкова азначае давер да Лукашэнкі.

Самі аўтары апытання зазначылі, што тут мог паўплываць фактар страху і тое, што вялікая частка актыўных грамадзян эмігравала. Так ці інакш, не варта ўспрымаць гэта як сігнал паражэння або нейкай анамаліі.

Вайна ва Украіне, страх перад вайной у Беларусі, шмат розных патокаў інфармацыі, моцныя эмоцыі — усё гэта не спрыяе рацыянальнаму мысленню, а спрыяе арыентацыі на фактычны цэнтр улады. Пытанне легітымнасці гэтай улады ў такіх сітуацыях адыходзіць на другі план.

Але страх прыходзіць і сыходзіць. Пасля перыяду шоку і дэзарыентацыі, як правіла, прыходзіць асэнсаванне і пераацэнка ранейшага стаўлення. Рост «даверу да ўлад», калі ён сапраўды меў месца, у любы момант можа ператварыцца ў супрацьлеглую тэндэнцыю. Нагадаем, што на пачатку 2020-га не было ў грамадстве амаль ніякіх прыкмет пратэсных настрояў.

— Чым беларусы могуць ганарыцца і за што ім можа быць сорамна, калі азірнуцца на гэты год вайны?

— Чым ганарыцца — нам падказваюць газета «Washington Post» і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. У красавіку мінулага года «WP» апублікавала аналіз першых дзён вайны. Аналіз паказаў, што ключавую ролю ў правале рашысцкага бліцкрыгу адыгралі беларускія рэйкавыя партызаны.

Бо перадусім дзякуючы ім расійскія войскі засталіся без ежы, паліва і боепрыпасаў ужо праз некалькіх дзён пасля ўварвання ва Украіну.

А правал бліцкрыгу ў сваю чаргу запусціў ланцуговую рэакцыю: змена пазіцыі заходніх краін (першапачаткова ніхто не збіраўся пастаўляць Украіне зброю, а пасля правалу пазіцыя змянілася), вера ўкраінцаў ва ўласныя сілы, дэматывацыя расійскіх ваенных, саступкі Крамля ў ходзе Мінскіх і Стамбульскіх перамоў і г.д. Вялікі гонар за тых беларусаў, якія са зброяй у руках змагаюцца на баку Украіны. Думаю, што там паўстае і гартуецца аснова нацыянальнага беларускага войска.

21 лютага падчас сваёй прамовы ў Варшаве Джо Байдэн нагадаў пра тое, што «адважныя лідары беларускай апазіцыі і народ Беларусі працягваюць змагацца за сваю дэмакратыю». Мы можам ганарыцца лідарамі апазіцыі — і тымі, хто дзейнічаюць у эміграцыі, і тымі, хто цяпер, на жаль, знаходзіцца ў зняволенні.

І надалей можам ганарыцца сваім народам, а перадусім той яго часткай, якая нават у гэты змрочны час, знаходзячыся ўнутры Беларусі, захоўвае святло: хто падтрымлівае сем’і палітвязняў, піша ім лісты, перадае патрэбную інфармацыю цэнтрам апазіцыі. Асаблівы гонар за тых, хто 27 лютага мінулага года выйшаў на вуліцы, каб нягледзячы на звышжорсткія рэпрэсіі выказаць свой пратэст супраць расійскай агрэсіі.

— Існуе пашыранае меркаванне, што за гэты год Лукашэнка не ўступіў у вайну ўласным войскам не ў апошнюю чаргу таму, што большасць беларусаў не жадае гэтага. Наколькі слушная гэтая думка, ці насамрэч ён баіцца рэакцыі беларусаў? Бо нават такі ўдзел у канфлікце, як цяпер, рызыкуе выліцца ў непасрэднае супрацьстаянне.

— Лукашэнка не той чалавек, каторы будзе прыслухоўвацца да грамадскай думкі. Але ўлічваць яе ён, безумоўна, улічвае. Асабліва, калі яна супадае з яго ўласнымі інтарэсамі. Не ў інтарэсах Лукашэнкі цалкам пагружацца ў вайну.

Вайна супраць Украіны — гэта ідэя Крамля, а Лукашэнка тут быў пастаўлены перад выбарам: або падтрымаеш, або сыходзь з пасады. Таму задача Лукашэнкі — дэманстраваць лаяльнасць, але пазбягаць празмернага заангажавання. У гэтым плане яго інтарэсы і настроі ў грамадстве супалі.