Што адбываецца з пасажырскімі перавозкамі з Гродна ў Польшчу? Штрафы, чэргі і гэта яшчэ не ўсё

Амаль два тыдні на беларуска-польскай мяжы працуе толькі адзін пункт пропуску для транспарту з пасажырамі — Брэст-Тэрэспаль. Такое рашэнне прыняў польскі МУС. Цяпер трапіць у суседнюю краіну стала больш складана перавозчыкам з Гродзенскай вобласці: каб перасекчы мяжу, ім даводзіцца рабіць лішнія прабегі.

Фота: Gazeta Wyborcza

Фота: Gazeta Wyborcza

«Люст*рка» даведалася, як яны зараз працуюць, колькі перавозяць пасажыраў і ці змяніліся цэны на білеты.
Нагадаем, у лістападзе 2021 года Польшча закрыла пункт пропуску «Кузніца Беластоцкая» (сумежны ПП «Брузгі» ў Гродзенскай вобласці) на польска-беларускай мяжы. Пасажырскаму транспарту тады рэкамендавалі ехаць праз памежныя пераходы ў Тэрэспалі і Баброўніках. Апошні таксама закрылі — з 10 лютага 2023 года. Цяпер для пасажырскага транспарту, якія едзе ў Польшчу, застаецца адзін пераход — Тэрэспаль, побач з Брэстам.
З-за закрытага пункту пропуску «Баброўнікі-Бераставіца» жыхарам Гродзеншчыны складаней стала дабірацца ў Беласток — найбліжэйшы да Гродна буйны польскі горад, які падабаўся беларусам для шопінгу. Частка пасажырскіх перавозчыкаў перанакіравала свой транспарт на пункт пропуску Тэрэспаль. Там адразу ж утварылася вялізная чарга.
Некаторыя гарадзенскія перавозчыкі вырашылі ездзіць у Беласток праз Літву. Але паколькі адлегласць даводзіцца пераадольваць большую, чым раней, кошты на квіткі павысілі. Прадпрымальнікі гавораць, што для іх гэта лішнія праблемы, ды і пасажырам не падабаецца цяперашняя сітуацыя. Аднак большасць рэйсавых аўтобусаў, якія ездзілі наўпрост з Гродна ў Беласток, працягнулі працаваць, але змянілі свае маршруты. Цяпер з Гродна і Ліды можна выехаць у Беласток і Варшаву.
— Мы ездзім праз літоўскі ПП «Прывалка». Да самага памежнага перахода ехаць нядоўга, але каб дабрацца да Беластока, даводзіцца пераадольваць адлегласць у тры разы большую, чым раней. Гэта ўсё дадатковыя выдаткі — на паліва, на аплату працы кіроўцы, — распавёў супрацоўнік кампаніі па пасажырскіх перавозках.
Цераз гэта кошт праезду ў адзін бок фірме давялося ўзняць з 60 да 80 рублёў. Размова аб пасажырскіх перавозках, а не шоп-турах, ад якіх прадпрыемства адмовілася.

— Праз «Прывалку» немагчыма вазіць людзей на шопінг, ён вельмі маленькі, не параўнаць з брэсцкім пунктам. Афармляць тавар на ім будзе немагчыма — вельмі працяглы атрымаецца працэс.


Суразмоўца кажа, што людзей зараз ездзіць мала — добра, калі набярэцца палова мікрааўтобуса. Гэта пры тым, што колькасць рэйсаў фірма паменшыла ўдвая.
Праблема ёсць яшчэ і ў тым, што перавозчык павінен рухацца па ўсталяваным маршруце, а зараз гэтую ўмову выканаць немагчыма. Кампаніі маюць намер звярнуцца для змены гэтага дазволу ў Генеральную інспекцыю аўтамабільнага транспарта Польшчы. Аднак гэта займае пэўны час, таму яны знаходзяцца «ў падвешаным стане» да моманту атрымання перааформленых дазволаў.
— Ездзім на свой страх і рызыку. Калегу з Гродна ў Тэрэспалі далі штраф 3000 злотых (1887 рублёў па курсе Нацбанка Беларусі на 22 лютага) за адхіленне ад маршруту. Хацелася б, каб у нас быў нейкі часовы запас на пераафармленне дазволаў, без накладання адміністрацыйных парушэнняў.