«Праз працу погляды мяняць не буду»: у Гродне звольнілі дзяўчыну з БЧБ-штанамі

Гродзенку, якую зімой затрымалі і аштрафавалі за бел-чырвона-белую палоску на штанах, звольнілі па артыкуле. Афіцыйная прычына — прагул 25 сакавіка, у Дзень Волі.

1614259553_logo_1.jpg


У Гродзенскім філіяле РУП «Белпошта» Любоў Сарлай прапрацавала больш за 10 гадоў. Яна кажа, што яшчэ ў жніўні дырэктар папярэджваў калектыў: «Крый божа кагосьці я ўбачу на мітынгу, будзе адразу ж звальненне», піша «Еўрарадыё».

— Не магу сказаць, звольнілі тады каго-небудзь або не. Але такая размова была ў жніўні, калі прадпрыемствы баставалі. А пасля майго затрымання пайшлі такія вось падкопы маленькія: я папрасіла адпачынак за свой кошт на 25 сакавіка. Папярэдзіла пра гэта, яшчэ выходзячы з дэкрэту. Мне сказалі: «Так, увогуле без пытанняў, калі ласка, хоць на тыдзень». Але бліжэй да 25 сакавіка, калі я напісала заяву за свой кошт, мне яе не падпісалі.

25 сакавіка дзяўчына не выйшла на працу. У абед да яе дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яны завезлі яе ў Кастрычніцкі РАУС, дзе пратрымалі да вечара без тлумачэння прычын.

— Вось і атрымаўся такі прагул. Самае цікавае, што мяне не выклікалі, ніякай справы, нічога не завялі. Ніякіх папярэджанняў і вымоў.

9 красавіка дзяўчыне заплацілі першую зарплату пасля дэкрэтнага адпачынку — 280 рублёў. «Да гэтага далі аванс 140 рублёў. Пасля ўсяго гэтага я сказала, што буду шукаць іншую працу. А ўжо пасля ўсяго гэтага мяне звольнілі па артыкуле».

sud_bchb_shtany_1.jpg


Загад аб звальненні датуецца 19 красавіка — ад даты прагулу прайшоў амаль месяц. З 22 красавіка Любоў Сарлай больш не працуе ў «Белпошце».

— Я напісала ў заяве: «Прашу звольніць па пагадненні бакоў». Дырэктар напісаў: «Па пагадненні бакоў адмовіць». Звольніў канкрэтна па артыкуле за прагул, — працягвае дзяўчына. — Я прыйшла на гэтую працу адразу пасля вучэльні. Не было ні заўваг, ні скаргаў. Наколькі я ведаю, за ўвесь час, што я працую, нікога па артыкуле не звальнялі. Але цяпер я нават была не здзіўленая. Проста было непрыемна, што за столькі гадоў працы мяне ўзялі і вось з такой працоўнай адправілі «ў людзі».

Цяпер дзяўчына шукае працу. Дыплом ВНУ па спецыяльнасці «Педагог-псіхолаг» не моцна дапамагае — «там таксама такія мізэрныя заробкі, што я шукаю што-небудзь больш цікавае».

— Я ездзіла ў цэнтр занятасці нават. Але нічога, на жаль, не знайшла прыдатнага. Я разглядаю ў тым ліку і дзяржаўную працу, хоць, калі я сыходзіла, мне сказалі, што «фіг ты там знойдзеш штосьці нармальнае, на дзяржаўнай табе тым больш дзверы будуць зачыненыя».

— Але на дзяржаўных прадпрыемствах сапраўды можа быць складана з вашымі поглядамі.

— Ну, калі будзе складана, то нафіг такую працу. Знойдзецца іншая. Праз працу погляды мяняць я не буду. Вось якія яны ў мяне ёсць, такія ёсць. Хоць, зразумелая рэч, што на працы я ўставаць не буду, на стол залазіць, крычаць і сцягам махаць. Я свае погляды нікому не навязвала і не навязваю.— А як да вашай сітуацыі паставіліся вашы калегі?

— Калегі, вядома, «за», але ўсе маўчаць. Вось так вось дзіўна: усе скардзяцца, але ўсе маўчаць.