Сям’я атрымала першы ліст ад Алеся Пушкіна — амаль праз месяц, як палітвязень у турме
Чакаецца, што 28 красавіка мастака Алеся Пушкіна этапуюць з Гродна ў СІЗА №1 Мінска. Жонка палітвязня Яніна Пушкіна скардзіцца на блакаванне перапіскі з ім.
Гродзенскія следчыя перадалі крымінальную справу ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта. Імавернай прычынай пераводу называюць тое, што «справу Пушкіна» нібыта аб’яднаюць са «справай Саюза палякаў», піша «Радыё Свабода».
Сябра мастакоўскай суполкі «Пагоня» Алесь Пушкін амаль месяц знаходзіцца за кратамі, з 30 сакавіка. На яго і кіраўніка гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку завялі крымінальную справу за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Нагодай стаў партрэт паваеннага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які мастак вывесіў на выставе. Мажэйку праз нейкі час выпусцілі, а Пушкіна змясцілі пад варту.
Жонка мастака Яніна Пушкіна ў размове са «Свабодай» пацвердзіла, што раней абаронцы казалі ёй пра хуткі перавод мужа ў СІЗА ў Мінск, але не было пэўнасці адносна даты.
Паводле яе слоў, ёй і дзецям пакуль не вярнулі канфіскаваныя падчас ператрусу мабільныя тэлефоны і кампутарную тэхніку, хоць у апошнія дні прыйшлі некалькі лістоў з аддзелу прымусовага выканання Крупскага раёна.
Яніна слаба верыць у хуткае вызваленне мужа, хоць сёлета ў сям’і чакаецца значная падзея — заканчвае школу сын Мікола. Выпускную вечарыну планавалі загадзя, але цяпер давядзецца планы карэктаваць.
Яніна перакананая ў моцы Алеся Пушкіна: «Гэта не яны яму судзілішча рыхтуюць, а ён ім», — мяркуе яна.
Жонка палітвязня паведаміла, што за месяц атрымала з турмы толькі адзін ліст ад мужа — якраз напярэдадні. Таксама аднойчы дайшоў ад Алеся ліст да яго сястры і пляменніцы. З размоў з астатнімі сваякамі і валанцёрамі яна робіць выснову, што з імі ліставанне наўмысна блакуецца — пошта вяртаецца з пазнакай «адрасат не існуе». Яна падазрае, што і яе лісты не даходзяць да мужа, ёй лісты не вярталіся, але няма пэўнасці, ці даходзілі, бо ў атрыманым лісце Алесь піша, не прывязваючыся да яе лістоў, як быццам іх не было.
Пра тое, што ўсе допісы мужа праходзяць цэнзуру, сведчаць закрэсленыя «крамольныя» выразы.
«У тым лісце пра свой побыт ён нічога не паведамляе — магчыма, каб дайшло хоць у выхалашчаным выглядзе. У асноўным, інструкцыі нам па гаспадарцы — куды пайсці, што зрабіць, — усміхаецца Яніна. — Але неяк прапусцілі, дзе піша, што стварылі цэлую камісію, каб фабрыкаваць яго справу. І ўсе гэтыя дармаеды будуць праядаць дзяржаўны бюджэт. Але колькасць “камісараў” замазана асадкай. Гэтак жа ў лісце да сястры, дзе ён абураўся сітуацыяй у краіне, зафарбавалі слова “фашысты”. Хоць на святло ўсё роўна прачытваецца».
На перакананне праваабаронцаў, справа Алеся Пушкіна мае палітычны характар і грунтуецца на ідэалагічным падмурку савецкай гістарыяграфіі. Праваабарончая супольнасць прызнала творцу палітвязнем.
У аналагічнай крымінальнай справе аб «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці і рэабілітацыі нацызму» праходзіць і група актывістаў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў. Падставай стала неафіцыйная імпрэза ў гонар «выклятых жаўнераў», якое сёлета прайшло ў Брэсце.
Пасля гэтага Мінск і Варшава ўзаемна выслалі дыпламатаў, а ў Брэсце і Гродне затрымалі заснавальнікаў асветніцкай ініцыятывы «Польская школа» і польскіх актывістаў на чале з Анжалікай Борыс.