«Вясне» ўручылі прэмію АБСЕ «Абаронца дэмакратыі». Бяляцкі заявіў пра гуманітарную катастрофу ў Беларусі

28 красавіка прайшла цырымонія ўручэння праваабаронцам «Вясны» прэміі АБСЕ «Абаронца дэмакратыі». Прэмію прысудзілі больш за год таму, але праз каронавірус цырымонію ўзнагароджання адкладалі.

adcb59ca_92bc_47d0_aea3_cb397c608227_w1023_r1_s.png


Трансляцыя цырымоніі прайшла ў жывым эфіры. Перад узнагароджаннем выступіў пасол Швецыі ў АБСЭ Ульрыка Фунэрэд, а таксама іншыя госці. «Дэмакратыя — гэта тое, што мы павінны абараняць кожны дзень», — падкрэсліла пасол Швэцыі ў АБСЕ, перадае «Радыё Свабода».

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўдзельнічаў у цырымоніі з амбасады Швецыі ў Беларусі. Шведскі амбасадар уручыў яму памятную ўзнагароду. Бяляцкі нагадаў гісторыю ўзнікнення «Вясны» пасля разгону Чарнобыльскага шляху-1996.

«Мы і думаць не маглі, што праз 25 гадоў усё яшчэ будзем мусіць працягваць барацьбу за правы чалавека. Ніхто не чакаў таго маштабу рэпрэсій, якія абрынуліся на беларускую грамадзянскую супольнасць. У краіне фактычна існуе неабвешчанае ваеннае становішча. Улады пакрываюць злачынствы сілавікоў. Забароненая любая грамадзянская актыўнасць. Год таму ў Беларусі было трое палітвязняў, сёння — больш як 350. Чацвёра калег з “Вясны” за кратамі. Існуе пагроза, што многія з нас бліжэйшым часам апынуцца ў турме. У Беларусі адбываецца цывілізацыйная гуманітарная катастрофа. Мы заклікаем дэмакратычныя краіны дапамагчы беларускаму народу, прымусіць беларускі рэжым пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю», — сказаў Бяляцкі ў сваёй прамове.

Прэмію «Абаронца дэмакратыі» прысуджаюць з 2016 года за выключны ўнёсак у справу дэмакратыі і абароны правоў чалавека. Раней яе атрымлівалі расійскі рух «Голас», сербская няўрадавая арганізацыя «Цэнтр даследаванняў, празрыстасці і справаздачнасці» (CRTA), украінская актывістка Аляксандра Матвійчук.

У сакавіку ўлады Беларусі пачалі супраць «Вясны» крымінальную справу за «арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». У кватэрах і офісах праваабаронцаў прайшлі ператрусы, іх саміх выклікалі на допыты.