Фотапраект «Лісты палітвязням» заклікае больш актыўна пісаць зняволеным
Жыхары Сеніцы стварылі фотапраект «Лісты палітвязням». Яны занепакоеныя тым, што шэраг людзей, якія церпяць праз грамадзянскую і палітычную пазіцыю, не атрымліваюць лістоў падтрымкі.

Жыхары Сеніцы, што пад Мінскам, распавядаюць у Інстаграме, што пішуць лісты людзям, якія знаходзяцца за кратамі па палітычных прычынах, кожны дзень, паведамляе «Радыё Свабода».
«Памятайце, ёсць палітвязні, якія не з’яўляюцца медыйнымі асобамі, і ім пішуць рэдка. Гэта няправільна. Аднойчы нам прыйшоў адказ: "Вы першы, хто напісаў мне не з родных". А чалавек сядзіць там ужо некалькі месяцаў. Дык вось, пішыце лісты, дасылайце паштоўкі, падтрымайце тых, хто сядзіць за вас і за свабоду вашых дзяцей».

У Беларусі на 28 красавіка 358 чалавек маюць статус палітвязня. Яшчэ шэраг выпадкаў разглядаецца, і па іх праваабаронцы таксама могуць прыняць адпаведныя рашэнні. Супраць сілавікоў за перавышэнне паўнамоцтваў, катаванні і забойствы на пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта не завялі аніводнай крымінальнай справы.
Адрасы і спіс усіх палітвязняў, якім можна даслаць паштоўку або ліст, можна паглядзець тут.
Можна таксама напісаць палітвязню анлайн. Паштоўкі і лісты ў інтэрнэце можна адправіць вось тут ці вось тут.