Марына Адамовіч: Адзінае, што можа нам дапамагчы, — гэта галоснасць

У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Марына Адамовіч распавяла, у якіх умовах трымаюць яе мужа Мікалая Статкевіча, як ён захоўвае здароўе за кратамі і чаму маўчанне — гібельная стратэгія.

20210423_bun_nn___1047_2_d1m2s.jpg


Палітык Мікалай Статкевіч з 31 мая 2020 года сядзіць за кратамі. У яго справе каля 170 тамоў, судзіць палітыка будуць разам з Сяргеем Ціханоўскім і Ігарам Лосікам. Інфармацыю пра мужа Марына Адамовіч атрымлівае ў лістах ці з навін дзяржСМІ, якіх, у адрозненне ад адваката, не стрымлівае падпіска аб неразгалошванні. Яна складае яму ў перадачы свежую гародніну, спрабуе дамагчыся спаткання — для якога, паводле версіі СК, падставы адсутнічаюць — і падтрымлівае сем’і іншых палітвязняў.

«Мікалай у камеры адзін, ён напісаў заяву аб бяспечным утрыманні»

«Наша Ніва»: Калі мы дамаўляліся на сустрэчу, вы пісалі, што засынаеце а 5-6-й раніцы. Чаму так?
Марына Адамовіч: Так ужо склалася. А вы зайдзіце ў фэйсбук а 5-6-й гадзіне, кіньце любы пост, і вам тут жа адгукнуцца. Зараз паўкраіны, здаецца, не спіць. Я ўвогуле сава, але бяссонніца, канешне, з кожным днём горай. Так што я зараз кладуся спаць, калі Мікола там устае.
«НН»: Увесь час, што Мікалай за кратамі, ён у камеры адзін?
МА: Амаль увесь час. Калі яго перавялі ў Жодзіна, ён напісаў заяву аб бяспечным утрыманні ў сувязі з пагрозай, якая можа сыходзіць ад адміністрацыі. Таму што не сакрэт, што спробы ціснуць на палітычных вязняў праз іх сукамернікаў прадпрымаліся і прадпрымаюцца. І калі нешта здараецца, гэта звычайна спісваюць на побытавыя канфлікты ў камерах. Калі сукамернікаў няма, то спісваць няма на каго.
«НН»: Якія ў мужа ўмовы?
МА: Я ведаю толькі тое, што і ўсе. Гэта кран з халоднай вадой, дзірка ў якасці прыбіральні, адгароджаная невялікай перагародкай, металічныя нары, стол з лавамі і палічка для асабістых рэчаў. Ведаю, што былі часы, калі ў камеры было вельмі холадна і Мікалай спаў апрануты.
Наколькі разумею, у адной і той жа турме знаходзяцца і падследныя, і адміністрацыйна пакараныя. Мікола чуў, як, калі пачыналі па ўсіх радыёкропках круціць перлы самі ведаеце каго, дзяўчаты спявалі, каб заглушыць іх, мужчыны мацюкаліся. У іх цяпер такая форма патрыятычнага выхавання — круціць альбо, прабачце, дэбільныя песні, альбо «шэдэўральныя» выступы.
«НН»: У Мікалая ў камеры ёсць тэлевізар. Раскажыце, як яго ўдалося перадаць у СІЗА.
МА: Памятаю, падчас мінулага пяцігадовага зняволення Мікалая выйшлі дзённікі расійскага юрыста Сяргея Магніцкага і, чытаючы іх, я зразумела, наколькі дэфармаваная мая свядомасць. Магніцкі фіксаваў усе парушэнні, якія ў турме былі. Пісаў скаргі на адсутнасць у камеры лядоўні, гарачай вады, тэлевізара… Мне нават у галаву не прыходзіла, што ў беларускай турме ўсё гэта мусіла б быць. Стала высвятляць: у расійскай турме, аказваецца, тэлевізар, лядоўня — стандартнае абсталяванне камеры. У нас нічога гэтага няма.
Тэлевізар можна перадаць. Умова — каб ён быў не больш за 21 цалю па дыяганалі, з рэсіверам і з антэнай. Прымаюць іх у пэўныя дні: на Валадарцы, здаецца, па аўторках і чацвяргах, а ў Жодзіна — па чацвяргах. І прыём абмежаваны па часе — у пэўныя гадзіны. Тэлевізар, безумоўна, раскручваюць, каб нічога не паклалі. Па вызваленні ці пасля этапавання, што бывае, на жаль, часцей, сваякі павінны забраць тэлевізар.
Быў нейкі перыяд, калі іх перасталі прымаць, зараз нібыта аднавілі. Вы ж ведаеце, што ў нашай краіне не толькі перамаглі каронавірус, але і прыручылі яго, і выкарыстоўваюць дзеля самых розных мэт — ад «забараніць перадачы» да «не пусціць у суд людзей», каб падтрымалі палітвязняў, схаваць так званых «пацярпелых» і «сведкаў».

20210423_bun_nn___1116_61hx0.jpg


Я называю палітвязнямі ўсіх, хто пацярпеў у выніку палітычных рэпрэсій, звязаных з пасля- і перадвыбарчымі пратэстамі, незалежна ад таго, ці прызналі іх такімі праваабаронцы. І я абсалютна перакананая, што ні адзін беларус не зрабіў нічога, што выходзіла б за межы неабходнай абароны або перадухілення іншага, нашмат больш цяжкага злачынства.

«Маўчанне — самая гібельная стратэгія і для сваякоў, і для палітзняволенага»

«НН»: Вы пісалі, што, калі прыносіце перадачы, сустракаеце шмат людзей пад сценамі турмы і не ўсе з іх звяртаюцца ў СМІ ці да праваабаронцаў, бо думаюць, што лепш не падымаць шуму. Як вам падаецца, якая стратэгія лепшая — расказаць пра сябе ці маўчаць?
МА: Я думаю, вы не сумняецеся ў маім адказе і досведзе людзей, якія даўно супраціўляюцца таму беззаконню, што ў нашай краіне існуе. Безумоўна, адзінае, што можа нам дапамагчы, — гэта галоснасць. Маўчанне — самая гібельная стратэгія і для сваякоў, і для чалавека, які зняволены па палітычных матывах.
Некаторых удаецца прашыбіць аргументам, што ўсё зменіцца. Тыя жахлівыя тэрміны, якія зараз людзям прысуджаюць, яны сядзець не будуць. Але калі гэта ўсё зменіцца, то хто першы выйдзе на волю? Тыя, чый пераслед палітычна матываваны, пра каго грамадзянская супольнасць ведае. Калі пра ваша дзіця ці мужа ніхто не ведае, яны абавязкова будуць вызваленыя, але калі дойдзе чарга да вашага блізкага? Трэба ж ствараць нейкія камісіі, якія будуць пераглядаць гэтыя справы і прысуды.
Другое — беларусы нарэшце зразумелі, наколькі яны салідарны, годны народ. І шмат людзей хочуць дапамагаць тым, хто патрапіў у бяду. Гэтая падтрымка дарагога каштуе — нават калі гэта проста лісты: яны моцна ўплываюць на стан палітвязняў, тых, хто іх ахоўвае, на стаўленне сукамернікаў, якія бачаць, што чалавек мае падтрымку з волі. Гэта істотная дапамога і сем’ям — не сакрэт, што людзям шлюць бандэролі, пасылкі, грошы пераводзяць.
Людзі, якія дзесяцігоддзямі не заўважалі, у якой сістэме жывуць, запужаныя і перакананыя, што любое агалошванне пойдзе на шкоду іх блізкаму або ім самім. На жаль, такіх шмат, і мы нават аддалена не можам назваць колькасць людзей, якія знаходзяцца за кратамі, чые родныя не выходзяць на праваабаронцаў. А некаторыя з таго тэлевізару жывуць і думаюць, што іх сваяк сам вінаваты — я сама такое чула. Я гэта чула ў Жодзіне — значыць, тыя родныя хаця б падтрымліваюць калі не духоўна, то перадачамі.
«НН»: А як лісты ўплываюць на свядомасць ахоўнікаў?
МА: Бачыце, што зараз адбываецца: уся гэтая публіка хаваецца. Як бы яны ні рабілі выгляд, што яны героі, крутыя, кантралююць сітуацыю, яны страшэнна баяцца, разумеюць, што грамадства не на іх баку. Таму ў судах сведчаць адны Александровічы або Івановы, выступаюць у балаклавах або па скайпе, змены ў заканадаўства ўнеслі, што ім ужо і аблічча можна мяняць — гэта не ад вялікай храбрасці. Нават калі лісты не перадаюцца палітвязню, яны ўсё роўна ж прыходзяць у СІЗА. І супрацоўнікі ўстаноў разумеюць, што калі чалавек пад пільнай грамадскай увагай, то часцінка гэтай увагі дастанецца і ім. Асабліва, калі пойдуць сведчанні, што там груба парушаліся правы зняволеных.
Але я веру, што ў любой сістэме заўсёды ёсць людзі, якія ў меру сваіх мажлівасцей будуць паводзіць сябе годна, не стануць парушаць закон. Я ўсё жыццё на гэта спадзяюся.
«НН»: Мікалаю шмат пасылак прыходзіць?
МА: Пасылак, думаю, не. Прынамсі, ён толькі некалькі разоў пісаў мне пра бандэролькі. Я проста шмат разоў прасіла, каб гэтага не рабілі. Мікалай мае велізарны досвед, як, па мажлівасці, захаваць здароўе ў гэтых нечалавечых умовах, у яго дастаткова абмежаваны набор прадуктаў, якія ён просіць. Гэта пераважна гародніна.
Я абавязкова перадаю яму перцы, памідоры, радыс, агуркі, цабулю, часнык, салату, зеляніну (на жаль, бяруць толькі зялёную цыбулю, кроп і пятрушку). Яшчэ сала, каву, гарбату. І хлеб — ён як былы вайсковец вельмі яго любіць. Што адзначаюць паўсюль, у гэтых установах дрэнны хлеб, быццам яго па адмысловых рэцэптах пякуць. Ніякіх цыгарак, «ролтанаў» ці сухіх каш Мікалаю не трэба.

20210423_bun_nn___0991_yec5f.jpg

Вельмі часта, калі людзі ўпершыню сядзяць, яны не ўмеюць адрозніваць добрае стаўленне сукамернікаў ад спроб сесці на шыю. І тады расходы сваякоў непамерна ўзрастаюць. У нармальных умовах на агульны стол выдзяляюць нейкую частку, астатняе пакідаюць сабе. Але я ведаю сітуацыі, калі, напрыклад, жонка аднаго нашага таварыша за першы месяц перадала яму цыгарак на 400 рублёў, прытым што ён сам не паліць.
«НН»: Апроч правільнага харчавання, якія яшчэ ў Мікалая спосабы захаваць здароўе за кратамі?
МА: Ён ніколі не прапускае прагулкі і дамагаецца, каб яны былі ў адпаведнасці з правіламі ўнутранага распарадку. Падчас прагулкі і ў камеры ён выконвае цэлы шэраг уласнай распрацоўкі практыкаванняў на розныя групы мышц, займаецца гімнастыкай не менш за тры разы на дзень. Яму ў якасці снарада патрэбны толькі ўласнае цела і нары.
Адвакаты сцвярджаюць, што Мікалай ніяк не падобны да звыклага вобразу сядзельца. І я ім веру. Я гэта раней бачыла сама, калі ён быў у турме. Калі прыходзіш на спатканні, там кабінкі, падзеленыя шклянымі перагародкамі, і ты бачыш, хто там яшчэ прыйшоў, як яны выглядаюць — маладыя хлопцы без зубоў, бледныя, з асунутымі тварамі. Як Мікалай кажа: «І рай, і пекла мы носім у сабе, свой свет выбудоўваем самі».
«НН»: Штосьці з прэсы выпісваеце яму?
МА: Усё, што можна. Але зараз вельмі мала чаго засталося… З агульнарэспубліканскіх выпісваю «Беларусы і рынак», «Аргументы і факты», «Новы час», плюс некалькі рэгіянальных газет і часопісаў. Яму вельмі падабаецца «Наша гісторыя». Выпісваю таксама «Дзеяслоў», «Беларускую думку». Апошнюю Мікола спачатку не хацеў, а пасля паглядзеў, што, акрамя перадавіцы, усё астатняе можна чытаць — нейкая аналітыка, эканамічны агляд.
У «Дзеяслове» друкаваўся новы раман Уладзіміра Някляева. Мікалай прасіў Уладзіміру Пракопавічу перадаць удзячнасць за раман, бо нешта з іх перапіскай дрэнна.

«Ніколі я такім чынам жыццё не планавала»

«НН»: За тыя 9 год, што муж агулам сядзеў, які перыяд быў самым цяжкім?
МА: Мне цяжка сказаць. Былі розныя часы, не хачу нават вяртацца. Каб выжыць, трэба глядзець наперад.
«НН»: Якія парады вы можаце даць сваякам палітвязняў? Для многіх гэты вопыт упершыню.
МА: Многія людзі, нягледзячы на тое, што гэта ўпершыню, вельмі хутка і дастойна прынялі сітуацыю і сваю ўласную стратэгію паводзін. Безумоўна, трэба не адмаўляцца ад кантактаў з людзьмі і прымаць дапамогу, якую прапаноўваюць, бо гэта важна не толькі для сваякоў, але і для людзей, якія імкнуцца ўсім сэрцам падтрымаць палітзняволеных і іх сем’і. І быць удзячнымі — для мяне гэта вельмі важная стратэгія выжывання.

20210423_bun_nn___0966_20vsn.jpg


«НН»: Вы ў Фэйсбуку неяк у роспачы пыталіся, а ці застаўся хто яшчэ ў Беларусі…
МА: Думаю, гэта не толькі мяне хвалюе. Чалавек вольны выбіраць, дзе яму жыць, я ніякім чынам не стала б асуджаць людзей, якія пацярпелі, асабліва тых, хто патрапіў пад самы жорсткі молах першых дзён пасля выбараў, і тым больш людзей, якім рэальна пагражаў крымінальны пераслед. Праўда, у частцы выпадкаў для мяне загадка, адкуль яны пра гэта ведалі, — мне здаецца, чорныя людзі прыходзяць знянацку.
У мяне тут больш да СМІ пытанне. Бясконцыя інтэрв’ю з людзьмі, якія з’ехалі, у стылі: «Не, я не вярнуся, тут жа свабода. Ну, калі вы на працягу трох месяцаў пераможаце, то я, можа, і вярнуся». Такія рэчы вельмі дэмаралізуюць тых, хто застаўся. Прынамсі, я на гэта рэагую. І я бачу, што рэагуе маё атачэнне. Гэта балюча і не спрыяе ўздыму і надзеі, калі ты бачыш, што ўсё менш і менш плячэй побач.
«НН»: Калі ў 1990-х вы з Мікалаем пазнаёміліся, ці маглі падумаць, што вас чакае лёс жонкі палітвязня?
МА: Безумоўна, не. Я ў прынцыпе была гатовая да любых паваротаў і разумела, што жыццё можа падкінуць самыя неверагодныя перамены ў любым узросце. Але ніколі я такім чынам жыццё не планавала.
«НН»: Вы зараз працуеце?
МА: Калі мы гаворым пра афіцыйную працу, то не. Калі кажам пра грамадскую дзейнасць, то я занятая днём і ўначы.
Мы са сваякамі палітвязняў збіраем суполку, стараемся аб’яднацца. Найперш дзеля ўзаемнай падтрымкі і дапамогі нашым блізкім. Далей у нас могуць быць нейкія больш амбітныя планы, але пакуль гэта так. У нас ёсць чат-бот у тэлеграме @viazni2020_bot, праз які мы запрашаем сваякоў палітвязняў далучацца да нас.
У мяне ёсць іншы досвед — група «Вызваленне», якая была створана ў 2010 годзе пасля арыштаў за Плошчу. Тады нас было нашмат менш і мы былі людзьмі з адной сістэмы каардынат, бо гэта былі кандыдаты ў прэзідэнты і чальцы іх штабоў. Як бы мы па-рознаму ні глядзелі на кампанію, агульны накірунак у нас быў адзін, нам было проста паразумецца. Да таго ж, нам улады вельмі паспрыялі: нашы родныя знаходзіліся ў СІЗА КДБ, і, каб мы не мазолілі вочы народу, стоячы на прыступках КДБ тры разы на тыдзень, для нас адкрылі клуб Дзяржынскага. І мы там ужо у цеплыні размаўлялі.

20210423_bun_nn___1104_fxm9g.jpg

Мы бясконца звярталіся ў самыя розныя інстытуцыі: і еўрапейскія, і міжнародныя, і ўнутры краіны. Зараз пакуль з гэтым у нас дрэнна, бо вялікая і вельмі тэрытарыяльна разрозненная група людзей з рознымі поглядамі і жыццёвым вопытам. Але гэта будзе для нас актуальна, калі сітуацыя не зменіцца ў самы бліжэйшы час.

«Не адчуваю ў рэжыму такой мажлівасці зараз — пагандлявацца за палітвязняў»

«НН»: У адным інтэрв’ю вы казалі, што ў 2010 і 2015 гадах усё было зразумела. А што было зразумела тады і чаму цяпер інакш?
МА: Мне было зразумела, што рабіць. Зараз бясконцая колькасць самых розных ініцыятыў, якія гатовыя гаварыць ад імя палітвязняў, і ў выніку гэтага хаосу існуе разгубленасць. Цяжка зразумець, як усе намаганні зрабіць адным кулаком, які біў бы, пакуль у гэтай дастаткова хісткай сценцы не будзе прабіты пралом.
«НН»: У 2015-м «з прынцыпу гуманізму» Мікалаю скарацілі тэрмін і адпусцілі раней. Памятаеце, як гэта было?
МА: Я б нават не ўзгадвала гэтыя словы «з прынцыпу гуманізму» — гэта быў вынік доўгага мэтанакіраванага ціску міжнародных структур, праваабарончых арганізацый. Недасцінулі. Мікалай яшчэ ў апошнім слове ў судзе звяртаўся да прысутных у зале дыпламатаў: не трэба прапаноўваць за нас грошы, не трэба выкупляць закладнікаў у тэрарыстаў, інакш будуць новыя закладнікі. Ну вось, як у ваду глядзеў.
Дзень вызвалення, 22 жніўня 2015 года, я памятаю літаральна па хвілінах. Была субота, і мае сяброўкі запрасілі мяне ва Ушацкі раён на азёры. Я напісала Мікалаю ліст і паехала праз паштамт, каб яго кінуць. Мы спецыяльна зрабілі крук, і… я горда праехала той паштамт. І, ужо выехаўшы з горада, папракала сябе. Так расхвалявалася, рукі затрэсліся. Гэта ж на цэлыя два дні пазней ён патрапіць у турму! Гэты ліст недзе дагэтуль ляжыць дома.
Мы пакупаліся, была такая ідэальная цішыня, роўная вада, мы сядзелі на беражку, і ў гэты момант прыйшоў першы званок — з Прагі ад «Радыё Свабода». Яны спыталі, ці праўда гэта. Я яшчэ не зразумела што, але ногі падкасіліся.
Кажу: «Пакуль Мікалай не патэлефануе, нічога не каментую». І потым абрынуўся шквал званкоў. Я пазваніла нашым хлопцам у Магілёў: «Бяжыце да турмы». Але там ніхто нічога не сказаў.
У той момант у той жа турме быў і Мікола Дзядок. Іх вывозілі ў розных машынах: Дзядка павезлі на чыгуначны вакзал, Міколу — на аўтавакзал, аднаго пасадзілі ў цягнік, другога — у маршрутку.
Вось вам вынікі — недаціснулі. Зараз практычна ўсе, хто застаўся ў краіне, сядзяць зноў. Толькі зараз гэта ўсё яшчэ абсурдней і менш падобна да закону.
«НН»: Калі пачнецца гандаль палітвязнямі?
МА: Я не ведаю. Я не адчуваю ў рэжыму такой мажлівасці зараз — пагандлявацца за палітвязняў. Трэба каб узнік нейкі «стабілізец» — пакуль ім не пахне. Таму я не бачу перадумоў для гандлю, пытанне ідзе аб дацісканні.
Я, шчыра кажучы, на гандаль не спадзяюся. Думаю, што эканоміка дадушыць. Рэжым, які існуе ў атмасферы татальнага недаверу і супраціву можа, канешне, нейкі час трымацца, спрабаваць варыянт Паўночнай Карэі адпрацаваць, але я вельмі спадзяюся, што няма ў іх на гэта ні рэсурсу, ні часу.
«НН»: Як думаеце, калі гэта скончыцца?
МА: Думаю, гэта можа здарыцца і заўтра, а можа цягнуцца яшчэ і пару гадоў. Мне нават гэта не хочацца агучваць, бо самой страшна. Але не веру, што ён дасядзіць да наступных так званых выбараў.
Веру, што мы нашмат раней будзем вітаць іх на волі.

20210423_bun_nn___1053_q2dce.jpg


Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан