«Я вельмі шчаслівая»: у СІЗА Брэста дзяўчына ўзяла шлюб з палітвязнем
27 красавіка ў СІЗА Брэста палітвязень Віктар Панцялееў распісаўся са сваёй дзяўчынай Яўгеніяй. На цырымоніі прысутнічалі толькі рэгістратар і наглядчык.

«Я вельмі шчаслівая. Там невялікі пакой, з іконамі, усё было вельмі прыгожа. Прывялі Віктара. Ён вельмі хваляваўся, перажываў, спачатку не глядзеў нават на мяне. Усё прайшло добра. Эмоцыі, вядома, цераз край. Мне здаецца, з мяне ўпаў нейкі груз, — распавяла Яўгенія. — Мне вельмі прыемна, што гэтае свята прыйшлі са мной падзяліць дзесьці чужыя людзі, дзесьці вельмі блізкія. Гэта выдатна, гэта прыемна, такая падтрымка. Я ўсім кажу, што раней заўсёды наварыла, што беларусы жывуць па прынцыпе "мая хата з краю". А зараз я бачу ўсю гэтую салідарнасць, дапамогу адно аднаму, і гэта, канешне, вельмі крута. Я думаю, што ўся гэтая сітуацыя, якая здарылася ў нашай краіне, — гэта не проста так».

Віктара Панцялеева затрымалі 18 жніўня. Яго абвінавачаюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Маладыя людзі былі разам некалькі гадоў, пасля рассталіся. Калі Віктара затрымалі, Яўгенія напісала яму ліст у СІЗА, яны памірыліся і Віктар зрабіў дзяўчыне прапанову.

Пра гісторыю гэтага кахання пісаў «Новы Час».