Лісты за краты. «Мы спадзяёмся, што вы аднойчы зможаце наведаць Данію»

На працягу сакавіка і красавіка ў народнай школе Брандберг Хойсколе (Данія) каля дваццаці вучняў удзельнічалі ў семінарах па дэмакратыі. Падчас заняткаў яны таксама напісалі лісты салідарнасці беларускім палітвязням.

175700138_203948304585941_3323398637692005572_n.jpg


Ліст да Сафіі Малашэвіч

Прывітанне, мяне завуць Мікі. Мне 23 гады, і я з Японіі. Я зараз вучуся ў Даніі. Я мяркую, што вы ў вельмі складанай сітуацыі. Я вельмі ганаруся вамі. У вас ёсць вялікая мужнасць змагацца за справядлівасць у вашай краіне. Я ведаю, што мой ліст — гэта проста дробязь, якую я магу зрабіць для вас. Але я ўвесь час хачу вас падбадзёрваць.
З найлепшымі пажаданнямі, Мікі

Ліст да Дзяніса Марусевіча

Прывітанне, Дзяніс. Мы з Даніі, і зараз вучымся ў народнай школе. Тут мы вывучаем шмат розных рэчаў. Наша школа акружаная спакойнай прыродай, яна нам вельмі падабаецца. Мы таксама жадаем вам мірнай будучыні. З найлепшымі надзеямі на вашу будучыню, Каміла і Караліна

Ліст да Кацярыны Барысевіч

Шаноўная Кацярына!
Пішу з Даніі, каб падтрымаць і ўзбадзёрыць вас. Разам са студэнтамі народнай школы Брандберг Хойсколе ў Даніі мы хацелі б падзяліцца сваімі думкамі з вамі і перадаць прывітанне жыхарам Беларусі, якія з’яўляюцца нашымі блізкімі суседзямі ў Еўропе. Народная школа — гэта месца, дзе моладзь жыве і вучыцца жыццю, стварае моцную супольнасць і збліжаецца праз музыку, песні і прыроду. Гэта месца братэрства і навучання. Гэта таксама міжнароднае месца, і ў нас ёсць студэнты з усяго свету. Незалежна ад таго, дзе мы знаходзімся ў свеце, усе мы з’яўляемся часткай агульнага чалавецтва і падзяляем адну і тую ж будучыню. Мы спадзяёмся, што вы аднойчы зможаце наведаць Данію і завітаць у нашу школу. І мы хацелі б запрасіць вас у якасці госця, падзяліцца з намі сваім досведам. Будзьце ўпэўненыя, што вы ў нашых сэрцах і розумах, і мы адчуваем сувязь з народам Беларусі. Мы прайшлі праз цёмны час падчас лакдаўна, але мы з нецярпеннем чакаем лета, цяпла і магчымасці быць зноў разам і на свежым паветры.
З найлепшымі пажаданнямі, Карым

Ліст да Віталіі Бандарэнка

Прывітанне, Віталія!
Мяне завуць Мары, і я пішу з Даніі. Я спадзяюся, што ў вас усё добра, нягледзячы на сітуацыю, у якой вы аказаліся. Я распавяду пра сябе і хацела б атрымаць ад вас адказ.
Як я ўжо казала, мяне завуць Мары, мне 21 год. На дадзены момант я наведваю «Хойсколе» — гэта як бы школа-пансіён, але замест таго, каб вывучаць звычайныя прадметы, такія, як граматыка і матэматыка, у кожнай школе ёсць свая спецыялізацыя. Школа, у якой я жыву, называецца Брандберг Хойсколе, і яна факусуецца на ўстойлівасці. Мой галоўны прадмет — гэта кіраўніцтва праектам, таму я вывучаю, як рабіць мерапрыемствы і падзеі для ўсёй школы. Мы таксама шмат спяваем разам, і гэта вельмі прыемна — чуць, як разам спяваюць 120 галасоў. Ці ёсць у вас ёсць любімая песня?
У апошнія дні надвор’е было вельмі прыемнае, таму мы бавілі вольны час у садзе, слухалі музыку. Прырода вакол школы проста чароўная, на нашым заднім двары ёсць вялікі лес, і кожную раніцу нас абуджаюць птушкі, якія спяваюць у кронах дрэў. Птушкі — дзіўныя істоты, ці не падаецца вам? Яны вольныя і проста лётаюць і спяваюць. Я толькі сёння даведалася, што ў Даніі (верагодна, і ў іншых краінах) ёсць птушка, дзе самец можа спяваць на працягу гадзін, і чым даўжэй і прыгажэй ён спявае, тым больш жаночай увагі ён атрымлівае. Прырода дзіўная, але мы ніколі не павінны прымаць яе як належнае.
З любоўю, Мары
Вучні з задавальненнем атрымаюць лісты ад палітвязняў. Пісаць ім можна на адрас школы: Brandbjerg Højskole, Att. Karim Pedersen, Brandbjergvej 12, 7300 Jelling, Denmark, Данія