Зняволеных беларускіх праваабаронцаў і валанцёраў «Вясны» ўганаравалі чэшскай прэміяй «Homo Homini»

Чэшская грамадская арганізацыя «Чалавек у бядзе» («People in Need») узнагародзіць прэміяй «Homo Homini» чатырох чальцоў беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна», якія зазналі пераслед за адсочванне затрыманых пратэстоўцаў, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і аказанне дапамогі ахвярам міліцэйскага гвалту.

Адна з уганараваных прэміяй — Марфа Рабкова

Адна з уганараваных прэміяй — Марфа Рабкова


Праваабаронцам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі за законную праваабарончую дзейнасць, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на старонку «Чалавека у бядзе» ў Фэйсбуку.

Прэмія «Чалавек чалавеку» («Homo Homini») — прэмія ў галіне правоў чалавека, заснаваная ў 1994 годзе чэшскай няўрадавай арганізацыяй «Чалавек у бядзе». Яна прысуджаецца асобам, што ўнеслі «значны ўклад у прасоўванне правоў чалавека, дэмакратыі і негвалтоўных метадаў вырашэння грамадска-палітычных канфліктаў».

Прэмія ўручаецца падчас штогадовага кінафестывалю дакументальных фільмаў аб правах чалавека «Адзін свет». За час свайго існавання прэмія была ўручаная двум дзясяткам праваабаронцаў і дысідэнтаў з розных краін свету. У 2005 годзе ёю ўганаравалі беларускага праваабаронцу, старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Прэмію тады ўручаў вядомы грамадскі дзеяч, палітык і пісьменнік Вацлаў Гавел.