За кошт ПВТ ствараў аналаг Вікіпедыі? Што вядома пра суд над Валерыем Цапкалам

У Мінскім абласным судзе ўчора, 2 сакавіка, у парадку спецыяльнай вытворчасці працягваўся разгляд крымінальнай справы аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі 2020 года, былога дыпламата, ініцыятара і стваральніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Праваабаронцы высвятлялі, што вядома пра судовы працэс.

Судовае пасяджэнне па справе Валерыя Цапкалы ў пустой залі. Фота: mlyn.by

Судовае пасяджэнне па справе Валерыя Цапкалы ў пустой залі. Фота: mlyn.by

Цапкала быў абвінавачаны па 12 крымінальных артыкулах, аднак суд над ім праходзіць завочна, бо ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 года ён разам з дзецьмі таемна пакінуў Беларусь. Судовы працэс вядзе суддзя Сяргей Епіхаў.

Зыходзячы з публікацый у дзяржаўных СМІ, абвінавачанне ў першую чаргу вылучае эканамічныя складнікі ў справе Валерыя Цапкалы, хаця палова з прад'яўленых яму артыкулаў – «палітычныя».

Так, у судовым пасяджэнні 1 сакавіка прадстаўнік адміністрацыі ПВТ па грамадзянскім пазове Вольга Зубовіч пацвердзіла іскавыя патрабаванні да абвінавачанага аб кампенсацыі маёмаснай шкоды на суму 6880 беларускіх рублёў.

Яна распавяла суду, што Цапкала, выкарыстоўваючы службовае становішча, сіламі супрацоўнікаў ПВТ стварыў такі стартап, як Prabook.org, аналаг беларускай Вікіпедыі, сервер якога сёння знаходзіцца на тэрыторыі Германіі.

У рамках крымінальнай справы следствам было ўстаноўлена, што Валерый Цапкала ў перыяд з 7 кастрычніка 2007 года да 2 сакавіка 2017 года, займаючы пасаду дырэктара ДУ «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій», ажыццявіў незаконнае фінансаванне і аплату распрацоўкі свайго асабістага праекта Prabook за кошт грашовых сродкаў адміністрацыі ПВТ і тым самым нанёс нашай установе матэрыяльную шкоду, — заявіла Вольга Зубовіч, выступаючы ў судзе.

Паводле яе слоў, адміністрацыя ПВТ фінансавала распрацоўку базы даных за свой кошт і аплачвала паслугі замежнага прадпрыемства, якое займалася тэхпадтрымкай праекта. Па выніках да адміністрацыі ПВТ павінны былі ў поўным аб'ёме перайсці ўсе маёмасныя правы на выкарыстанне створаных аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Але пасля сыходу Валерыя Цапкалы з ПВТ у адміністрацыі нічога не засталося — ні баз даных, ні праграмнага забеспячэння, ні доступу.


На судзе таксама было агучана, што 4 красавіка 2019 года Цапкала атрымаў у ЗША патэнт на праграму як яе вынаходнік. Такім чынам, у выніку расследавання ў дзеяннях абвінавачанага ўгледжаныя прыкметы злачынства, якія прадугледжаны часткай 2 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

На судзе таксама выступілі два прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія абвінавацілі Валерыя Цапкалу ў паклёпе і запатрабавалі кампенсацыі маральнай шкоды.


Нагадаем, завочны суд над Валерыем Цапкалам пачаўся ў Мінскім абласным судзе 1 сакавіка.

Валерый Цапкала вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе, аднак, як і іншыя прэтэндэнты не быў зарэгістраваны ЦВК. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала недастатковая колькасць сапраўдных подпісаў – менш за 100 тысяч. Ён перадаваў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, аднак тэрытарыяльныя камісіі іх масава анулявалі. У выніку Цапкалу залічылі крыху больш за 78 тысяч подпісаў.