На Валерыя Цапкалу завялі яшчэ адну крымінальную справу — за каментар пра гібель супрацоўніка КДБ

На экс-кіраўніка «Парка высокіх тэхналогій» і экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Валерыя Цапкалу завялі яшчэ адну крымінальную справу — за «заклікі да дзеянняў, што ствараюць шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі». Падставай стаў яго каментар пра гібель супрацоўніка КДБ.

screenshot_4_2_870x579.jpg


«Гэтая страшная трагедыя шакавала насельніцтва краіны — беручы пад увагу той факт, што афіцэр удзельнічаў у спецыяльных мерапрыемствах па адпрацоўцы асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», — цытуе паведамленне СК REFORM.by.

У ім таксама сцвярджаецца пра заклікі «да гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў і нават да забойстваў», якія з’явіліся ў сеціве пасля таго, што здарылася.

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, сёння Цапкала апублікаваў у сеціве відэазапіс, у якім назваў тое, што здарылася, «прыкладам таго, як трэба змагацца» для ўсіх жыхароў Рэспублікі Беларусь, «публічна заклікаў да ўзброенага захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, а таксама здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».

Галоўнае ўпраўленне па расследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі СК узбудзіла крымінальную справу аб закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі па ч. 3 арт. 361 КК. Яна злучаная вытворчасцю са справай аб карупцыі, фігурантам якой таксама з’яўляецца Валерый Цапкала, які знаходзіцца ў вышуку.

Нагадаем, перастрэлка адбылася ўчора пры спробе правесці ператрус у Андрэя Зельцэра. Ён не адчыніў дзверы сілавікам, і яны іх выламалі. Калі супрацоўнікі ўварваліся ў кватэру, па іх быў адкрыты агонь. Стрэламі ў адказ яны забілі Андрэя Зельцэра. Яго жонка затрыманая. Узбуджаная крымінальная справа.

 Генпракуратура ўжо паспела правесці праверку па факце прымянення зброі супрацоўнікамі КДБ і прызнала іх дзеянні законнымі. Лукашэнка паабяцаў, што смерць сілавіка не застанецца беспакаранай.

Валерый Цапкала збіраўся ўдзельнічаць у леташніх прэзідэнцкіх выбарах, але яго не зарэгістравала кандыдатам ЦВК. Перад выбарамі Цапкала з’ехаў з Беларусі. Пазней да яго далучылася жонка Вераніка Цапкала. У снежні мінулага года стала вядома, што муж і жонка жывуць у Рызе. У жніўні 2020-га ў доме Цапкалаў прайшоў ператрус, на маёмасць быў накладзены арышт. Цапкалу інкрымінуюцца тры эпізоды атрымання хабару ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 430 КК). Справу расследуе Цэнтральны апарат СК. У лютым стала вядома, што Генпракуратура накіравала ў Латвію запыт аб выдачы Цапкалы. Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс назваў запыт аб экстракцыі спробай помсты і прапанаваў адхіліць яго.