За дзевяць месяцаў 2021 года па «палітычных» артыкулах у Беларусі асудзілі 945 чалавек
На 29 верасня 2020 года колькасць палітзняволеных у Беларусі складала 73 чалавекі, за год гэтая лічба ўзрасла амаль у 10 разоў.
За год па «палітычных» артыкулах асудзілі 945 чалавек, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на праваабаронцаў.
На працягу гэтага года асноўным відам рэпрэсій стаў крымінальны пераслед грамадзян, якія адкрыта выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і нязгоду з уладай. Дагэтуль штодзённа па ўсёй Беларусі працягваецца хваля затрыманняў па крымінальных справах, звязаных з пратэстамі. Усяго, паводле даных сілавых ведамстваў, са жніўня 2020 года ў Беларусі распачалі 4691 крымінальную справу пасля леташніх падзей.
Праваабаронцы падлічылі, што за год асудзілі паводле «палітычных» артыкулаў КК мінімум 945 чалавек (158 жанчын і 787 мужчын). За гэты год за ўдзел у пратэстах асудзілі 17 непаўналетніх, з іх 11 асудзілі да пазбаўлення волі ў выхаваўчых калоніях для непаўналетніх, астатніх — на «хімію» ці «хатнюю хімію».
Суды толькі за гэты год пазбавілі волі амаль палову з усіх асуджаных — 439 чалавекі, абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію») прысудзілі 234 чалавекам, да «хатняй хіміі» асудзілі 232 чалавекі, пакаралі штрафам 12 чалавек, арыштавалі 23 чалавекі і толькі аднаму чалавеку ў якасці пакарання абралі прымусовую меру выхаваўчага характару.
Самымі распаўсюджанымі артыкуламі, якія выкарыстоўваліся ўладамі ў рэпрэсіўных мэтах супраць беларусаў, сталі арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»), арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Агулам па гэтых артыкулах асудзілі 731 чалавека.
Суды не рэагуюць на заявы абвінавачаных пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, катаванні, ціск і прымус да дачы сведчанняў на этапе папярэдняга следства. Суддзі выносяць абвінаваўчыя прысуды, базуючыся на паказаннях, атрыманых гвалтоўным шляхам з парушэннем вызначанага парадку.