Наймальнікі звольнілі больш за 508 тысяч беларусаў
Статыстычныя органы зрабілі справаздачу наконт руху кадраў на буйных і
сярэдніх прадпрыемствах. У 2021 годзе з флагманаў сышлі дзясяткі тысяч чалавек,
паведамляе сайт banki24.by
За 8 месяцаў наймальнікі флагманскіх кампаній звольнілі 508,7 тыс. чалавек. За гэты ж час былі прынятыя на працу 447,1 тыс.
Такім чынам, на чыстай аснове адток кадраў з галоўных прадпрыемстваў краіны склаў 61,6 тыс. работнікаў.
Параўнайце: у студзені-жніўні 2020-га кадравы адток на нета-аснове дасягнуў 42,5 тыс. чалавек. Выходзіць, што ў параўнанні з мінулым годам памяншэнне занятасці на флагманах узмацнілася.
Якія могуць быць прычыны для адтоку кадраў з буйных і сярэдніх прадпрыемстваў?
Па-першае, гэта выхад людзей на пенсію. Цяпер масава становіцца пенсіянерамі шматлікае пакаленне народжаных у 1950–1960-х гг., а на рынак працы заходзіць малое па колькасці пакаленне 1990–2000-х.
Па-другое, ператок кадраў можа адбывацца ў дробны бізнес і мікрабізнес. Гэтыя кампаніі даюць справаздачнасць па занятых толькі раз на год. Таму ў аператыўных зводках кадравыя рухі ў іх не бачныя.
Па-трэцяе, пастаянна ёсць працоўная міграцыя за межы Беларусі. З суседніх краін толькі ў Украіне сярэдняя зарплата афіцыйна ніжэйшая, чым у РБ. Лагічна, што людзі звальняюцца і едуць за больш высокім заробкам.
Інтэнсіфікацыю адтоку кадраў з флагманаў паказвае і адносны індыкатар — каэфіцыент замяшчэння. Каэфіцыент замяшчэння адлюстроўвае, колькі людзей у сярэднім было прынята на кожных 100 звольненых. Калі каэфіцыент меншы за 100, то ёсць чысты адток кадраў, калі большы — прыток.
Па выніках 8 месяцаў 2021-га каэфіцыент замяшчэння па флагманах склаў 87,9%. Годам раней ён быў роўны 91,4%.
У 2021 годзе найгоршыя паказчыкі маюць флагманы Мінска з каэфіцыентам замяшчэння кадраў 86%. У абласцях каэфіцыенты вар'іравалі ад 86,6% па Віцебскай да 89,8% па Гомельскай абласцях. Па ўсёй краіне адбываецца чысты адток кадраў з буйных і сярэдніх прадпрыемстваў.
На валавой аснове з флагманаў Мінска звольніліся 123,1 тыс. чалавек, Брэсцкай вобласці — 66 тыс., Віцебскай — 57,7 тыс., Гомельскай — 68,3 тыс., Гродзенскай — 57,6 тыс., Мінскай — 82,2 тыс., Магілёўскай — 53,9 тыс.
У прамысловасці каэфіцыент замяшчэння за 8 месяцаў склаў 90%, у будаўніцтве —81,4% , у рытэйле — 88,6% , на сухапутным і трубаправодным транспарце — 76,4% , у адукацыі — 73,9%, у ахове здароўя — 92,9%, у HoReCa (гасцініцы і рэстараны) — 95%.